Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэпрэсіі супраць журналістаў набылі катастрафічныя маштабы, — праваабаронцы


Ілюстрацыйнае фота. Марына Золатава (зьлева) і Людміла Чэкіна падчас суду над імі.
Ілюстрацыйнае фота. Марына Золатава (зьлева) і Людміла Чэкіна падчас суду над імі.

На 20 сьнежня ў Беларусі знаходзяцца ў зьняволеньні 45 прадстаўнікоў СМІ. Сярод іх шэсьць чалавек, якія атрымалі тэрміны ад 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Такую статыстыку падаюць праваабарончы цэнтар «Вясна» і Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ), піша «Позірк».

Праваабаронцы і БАЖ адзначаюць, што рэпрэсіі супраць журналістаў, блогераў і іншых прадстаўнікоў мэдыя ў Беларусі за апошні год набылі катастрафічныя маштабы. Супраць журналістаў распачынаюцца справы ў парадку «спэцыяльнага вядзеньня», некаторых судзяць паўторна. Для параўнаньня: на канец 2023 году ў няволі знаходзіліся 32 журналісты.

БАЖ прыняла заяву, у якой заклікала ўлады «спыніць ужываньне заканадаўства пра экстрэмізм для падаўленьня іншадумства». Асацыяцыя адзначае, што ў «Індэксе свабоды прэсы — 2024» Беларусь займае 167-е месца са 180-ці. За год краіна апусьцілася яшчэ на 10 пазыцыяў. Акрамя таго, паводле нядаўняга дасьледаваньня «Рэпартэраў бязь межаў», Беларусь займае чацьвёртае месца ў сьвеце паводле колькасьці журналістаў, якія знаходзяцца ў зьняволеньні.

Найбольш распаўсюджаны крымінальны артыкул, паводле якога судзілі альбо абвінавачвалі прадстаўнікоў СМІ, — 361¹, часткі 1 і 3 (стварэньне альбо ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні). Яго выкарыстоўвалі ў 21 выпадку.

Паводле арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці) журналістаў судзілі 12 разоў, паводле частак 1 і 2 арт. 361⁴ (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці) — 11.

Паводле часткі 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо ўдзел у іх) асуджана 7 чалавек.

Паводле арт. 369¹ (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь), ч. 3 арт. 361 (заклікі да абмежавальных мераў (санкцыяў), іншых дзеяньняў, скіраваных на шкоду нацыянальнай бясьпецы) і арт. 356 (здрада дзяржаве) вынесена па 5 прысудаў.

У васьмі выпадках для крымінальнага перасьледу выкарыстоўвалі арт. 368 (абраза прэзыдэнта) і 369 (абраза прадстаўнікоў улады).

Найбольшыя тэрміны — ад 10 гадоў пазбаўленьня волі — з 2020 году атрымалі 6 чалавек: Ігар Лосік — 15 гадоў, Андрэй Аляксандраў — 14, Дзяніс Івашын — 13, Людміла Чэкіна — 12, Марына Золатава — 12, Валерыя Касьцюгова — 10.

Акрамя таго, да журналістаў, якія зьехалі зь Беларусі, ужывалі працэдуру спэцыяльнага вядзеньня, каб судзіць іх. Сярод завочна асуджаных — Павал Марыніч, Юры Дракахруст, Ганна Любакова, Уладзімер Хільмановіч, Андрэй Павук, Антон Матолька, Ігар Казмерчак, Алесь Кіркевіч.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG