Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне заявілі аб хакерскай атацы на дзяржаўныя рэестры з пэрсанальнымі зьвесткамі


Адзіны дзяржаўны рэестар дэклярацый. Ілюстрацыйнае фота
Адзіны дзяржаўны рэестар дэклярацый. Ілюстрацыйнае фота

Улады пераконваюць, што ўся інфармацыя з рэестраў захаваная і будзе адноўленая.

У Міністэрстве юстыцыі Ўкраіны паведамілі аб маштабнай хакерскай атацы на дзяржаўныя рэестры і сэрвісы, якія зьяшчаюць пэрсанальную інфармацыю.

«Мы сутыкнуліся з сур’ёзным выклікам — маштабным збоем на ўзроўні сеткавай інфраструктуры, якая абслугоўвае рэестры», — паведамілі ў прэсавай службе ведамства.

Улады паведамілі, што цяпер недасяжныя адзіныя і дзяржаўныя рэестры, якія кантралюе Міністэрства юстыцыі.

Два дні таму Дзяржаўная служба спэцыяльнай сувязі і абароны інфармацыі Ўкраіны паведаміла аб атацы на рэсурсы, зьвязаныя зь Сіламі абароны краіны. Кіраўнік ведамства Аляксандар Пацій заявіў, што ўрадавая каманда CERT-UA дапамагае «лякалізаваць наступствы інцыдэнту і аднавіць работу сэрвісаў».

Пазьней у Службе бясьпекі Ўкраіны (СБУ) адзначылі, што да гэтай атакі мае дачыненьне хакерская групоўка, зьвязаная з вайсковай выведкай Расеі. Часовы выканаўца абавязкаў кіраўніка дэпартамэнту кібэрбясьпекі СБУ Ўладзімір Карасьцялёў паведаміў аб пачатку крымінальнага расьсьледаваньня па гэтым факце. Але пакуль не ўдакладнілі, якую групу падазраюць у атацы.

Віцэ-прэм’ер-міністар, міністар юстыцыі Ўкраіны Вольга Стэфанішына падкрэсьліла, што ўся інфармацыя, што знаходзілася ў рэестрах, захаваная і будзе адноўленая. Паводле яе, атака не паўплывала на работу іншых інфармацыйных сыстэм дзяржавы.

Сёлета ў ліпені Дзяржаўная служба спэцыяльнай сувязі і абароны інфармацыі Ўкраіны паведамляла пра атаку беларускай хакерскай групоўкі UAC-0057 на рэсурсы праектных офісаў і мясцовага самакіраваньня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG