Аб праблемах і плянах Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Вільні, які застаецца беларускім ВНУ ў выгнаньні, працягу ягонай беларускай місіі, плянах, аб стыпэндыях, падтрымцы рэпрэсаваных студэнтаў і высновах зь нядаўнаяга скандалу з харасмэнтам у ЭГУ, у першым інтэрвію на пасадзе ў праграме «ПіК Свабоды» расказвае новы рэктар Вілюс Шадаўскас.
Глядзіце размову на відэа цалкам:
- 33-гадовага Вілюса Шадаўскаса выбралі рэктарам ЭГУ ў конкурсе сярод 13 кандыдатаў зь пяці краін.
- Ён прыступіць да выкананьня абавязкаў рэктара 6 студзеня 2025 году.
- Шадаўскас атрымаў ступень доктара адукацыі ва ўнівэрсытэце Вітаўта Вялікага ў Вільні і ступень бакаляўра і магістра гісторыі ў Літоўскім унівэрсытэце пэдагагічных навук.
- Вілюс Шадаўскас працуе ў ЭГУ з 2018 году, ён быў кіраўніком стратэгічнага аддзела і канцлерам. З сакавіка 2024-га выконвае абавязкі рэктара.
У ЭГУ 80% студэнтаў — зь Беларусі
— Для беларускай аўдыторыі Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт вельмі важны. Сам унівэрсытэт паходзіць зь Беларусі, тут шмат студэнтаў і выкладчыкаў зь Беларусі. У інтэрвію Свабодзе папярэдні рэктар Кшыштаф Рыбіньскі паўтара года таму заяўляў, што колькасьць студэнтаў зь Беларусі плянуецца павялічыць у два разы. Ці атрымалася гэтага дабіцца?
— Я б сказаў, што мы маем тую ж самую колькасьць студэнтаў зь Беларусі. Ёсьць прычыны, чаму так атрымалася. Але гэта наша мэтавая аўдыторыя.
— Ці ёсьць у вас квота для прыёму студэнтаў: гэтыя зь Беларусі, гэтыя не зь Беларусі?
— Не, мы прымаем усіх, хто хоча паступаць да нас і вучыцца з намі. Няма канкрэтнай квоты. Калі глядзець на агульную колькасьць, то ў нас 80% студэнтаў зь Беларусі, ёсьць яшчэ беларуская дыяспара па нацыянальнасьці, астатнія — гэта 15 краін: Латвія, Літва, Украіна...
— Падзеі 2020 году ў Беларусі павялічылі прыток студэнтаў?
— Так, і некаторыя канкрэтныя праграмы, такія як міжнародная палітыка і эканоміка, права — на іх павялічылася паступленьне.
— ЭГУ ў Вільні ад пачатку быў беларускім унівэрсытэтам у выгнаньні, а цяпер ён літоўскі, правільна?
— Мы захоўваем гэты статус, «унівэрсытэт у выгнаньні». Ён вельмі спэцыфічны, і калі глядзець, як ён уплывае на нашу дзейнасьць тут, проста ёсьць некаторыя нюансы нашых актыўнасьцяў, якія не супадаюць з актыўнасьцямі дзяржаўных унівэрсытэтаў. Унівэрсытэт прайшоў усе ацэнкі і акрэдытацыі, але нашая актыўнасьць зьвязаная не зь Літвой, а зь Беларусьсю.
Мы літоўскі ВНУ паводле акрэдытацыі. Мы маем поўную акрэдытацыю як літоўскі ўнівэрсытэт, па законе мы літоўскі ўнівэрсытэт, але актыўнасьці ў нас іншыя.
Пра стыпэндыі для студэнтаў
— Ці ёсьць ільготы ў аплаце за вучобу для тых, хто трапіў пад рэпрэсіі ў Беларусі?
— Так. З сакавіка, калі я стаў выканаўцам абавязкаў рэктара, мы распачалі рэформы, і мы хочам ствараць магчымасьці тым студэнтам, якія вельмі таленавітыя, але ня маюць фінансавых магчымасьцяў; таксама тым студэнтам, якія пацярпелі за розныя палітычныя дзеяньні. Яны атрымліваюць стыпэндыі, тут дапамагаюць такія краіны, як Фінляндыя, Нарвэгія. Сам унівэрсытэт выплачвае сацыяльныя стыпэндыі тым студэнтам, якія маюць фінансавыя складанасьці.
— Гэтага дастаткова, каб жыць у Вільні?
— Мы павялічылі сацыяльную стыпэндыю з гэтага году. Было дасьледаваньне, і студэнты паведамлялі, што стыпэндыі не хапае, каб пакрываць кошт інтэрнату, і гэта была вельмі вялікая праблема. І мы індэксавалі, далі больш магчымасьцяў падтрымаць сябе ў Вільні.
— А колькі чалавек атрымлівае такую стыпэндыю?
— Агульны фонд стыпэндый складае 150 тысяч эўра. Атрымліваюць яе каля ста студэнтаў. Некаторыя атрымліваюць стыпэндыю паўгода, некаторыя некалькі месяцаў. Ёсьць спэцыяльная камісія, якая разглядае ўсе заявы і прапануе кіраўніцтву ўнівэрсытэту, якія павінны быць стыпэндыі і на якія тэрміны.
Пра беларускую місію ЭГУ
— Зыходзячы з вашага статусу, з таго, што 80% студэнтаў — беларусы, якая павінна быць тэма Беларусі, яе культуры ў вашай праграме? Колькі выкладаецца ў ЭГУ беларускіх прадметаў?
— Мы абмяркоўвалі ў ЭГУ гэтае пытаньне, таму што яно вельмі важнае і патрабуе балянсу паміж міжнароднымі стандартамі і падтрымкай ідэнтычнасьці, калі ён зьвязаны зь Беларусьсю. Таму ёсьць такі плян, што мы паступова будзем дзяліць праграмы на камэрцыйныя і місіяарыентаваныя. Гэта ў большасьці выпадкаў адказвае на ваша пытаньне, ці будуць камэрцыйныя праграмы для тых, хто хоча паступаць і місіяарыентаваныя праграмы, як напрыклад для гісторыкаў, якія стартавалі сёлета (яна выкладаецца па-беларуску і па-ангельску). А таксама праграма «Спадчына». Прапарцыйнасьць падобная. І мы хочам зьвярнуць увагу ня толькі на праграму студый, таму што студэнт можа выбіраць тую мову, якая больш зручная, таму што студэнты, якія вучацца на місіяарыентаваных праграмах, яны могуць выбіраць мову, якая ім больш зручная.
Выкладчыкі зь Беларусі, і яны могуць весьці заняткі на трох мовах. Але таксама мы бачым, што яшчэ адзін момант — гэта моўны і культурны элемэнт, які мы спрабуем цяпер узмацняць, гэта шэраг заняткаў, розныя канфэрэнцыі, воркшопы, круглыя сталы, якія праходзяць на беларускай мове, і тэматыка іх таксама зьвязаная — пра культуру, пра генэалёгію, пра гісторыю...
У нас шмат дасьледаваньняў, якія друкуюцца ў фармаце манаграфій і артыкулаў на беларускай мове. Яны дапамагаюць пашыраць асяродзьдзе гуманітарнай адукацыі. Ведаем, што ў Беларусі гэта немагчыма рабіць у такім фармаце. Ёсьць акадэмічныя дыскусіі, якія тут адбываюцца, і яны таксама частка гэтай ідэнтычнасьці. Але што мы хочам яшчэ — стартаваць з курсаў беларускай мовы і таксама весьці заняткі аб культуры, каб гэта мела ня толькі дасьледчы характар, але і культурна-моўную частку, таму што мы як такая выспа культуры, і мы хочам гэта больш умацоўваць, каб студэнты таксама маглі ўзмацняць сваю беларускую мову і культурныя веды.
— Гэта значыць, у вас будзе клясычная беларуская філялёгія?
— Так. Мы шукаем выкладчыка, які мог бы гэта рабіць.
— Калі вы кажаце, што кнігі выходзяць, і сэмінары, і лекцыі, можна сказаць, што беларуская мова тут сапраўды адна з працоўных?
—Так, яна сапраўды выкарыстоўваецца, таму мы і жадаем балянсаваць, каб студэнты маглі выкарыстоўваць яе ня толькі ў рамках заняткаў, падмацоўваць сваю беларускую ідэнтычнасьць, хоць унівэрсытэт літоўскі. Так, літоўскае заканадаўства, міжнародныя ўсе студэнцкія аддзелы, але ідэнтычнасьцю ён павінен быць умацаваны.
— Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту ці даецца ацэнка па беларускай мове?
— Усе курсы, якія студэнт праходзіць, яны ўсё трапляюць у атэстат, дзе ўсё гэта залічана.
— Такім чынам, ваша пэрспэктыва — гэта ўмацаваньне беларускай ідэнтычнасьці і стварэньне альтэрнатывы для беларускіх дзяржаўных унівэрсытэтаў, дзе беларуская ідэнтычнасьць зьніжаецца?
— Так, наш Цэнтар беларускіх і рэгіянальных дасьледаваньняў займаецца гэтым, але мы будзем узмацняць гэтую частку, дапамагаць тым людзям, якія гэтым займаюцца.
Пра ўплыў крызісу ў дачыненьнях Беларусі і Літвы і «літвінізм»
— Хацеў бы задаць два палітызаваныя пытаньні. Паміж Беларусьсю і Літвой пагоршыліся адносіны, цяпер нават паслоў няма, ёсьць некалькі дыпляматаў, закрываюцца пункты пропуску праз мяжу, дзейнічаюць санкцыі. Як гэта ўплывае на дзейнасьць унівэрсытэту?
— Вядома, мы на гэта глядзім, аналізуем і маем пляны, што мы будзем рабіць, калі будзе сцэнар А, В або С, але дзякуй Міністэрству замежных спраў Літвы, яны нашыя моцныя партнэры і тыя складанасьці, якія могуць быць, мы абмяркоўваем, шукаем практычныя эфэктыўныя рашэньні. Вядома, гэтая сытуацыя ўскладняе жыцьцё студэнтам, выкладчыкамі, ёсьць рызыка, што яны прыедуць сюды, а мяжа будзе закрытая. І мы на гэта глядзім, і глядзім, як можна разьвіваць дыстанцыйнае навучаньне і іншыя магчымасьці, каб, калі гэта здарыцца, працэс праходзіў, як мусіць.
— І другі аспэкт беларуска-літоўскага крызісу — гэта так званы «літвінізм», нейкае неразуменьне з той эміграцыяй, якая ўжо тут знаходзіцца, палітычныя лёзунгі. Як вы знаходзіце балянс, каб згладжваць гэтыя вуглы?
— У нас ёсьць моманты, у першую чаргу мы больш шчыра кажам, хто мы, што мы робім, ёсьць ідэя, што ў будучыні будзем рабіць публічную размову з гісторыкамі, каб нашыя гісторыкі з праграмы «Гісторыя», з праграмы «Спадчына» абмяркоўвалі публічна гэтае пытаньне, і мы хочам паставіць кропкі над «і» ва ўсіх такіх абмеркаваньнях не на карысьць нашых культурных і гістарычных адносін, каб быць такім рэпрэзэнтантам культуры і ідэнтычнасьці беларусаў у Літве, каб літоўскае грамадзтва разумела лепш беларусаў. Я сам гісторык, гэта мне дапамагае разумець складанасьць гэтага пытаньня, і калі яно не курыруецца правільна, яно можа нашкодзіць гэтым адносінам.
— Як вы як гісторык бачыце праблему «літвінізму»?
— Мы ўсе ганарымся спадчынай Вялікага Княства Літоўскага. У літвінізме ёсьць такія нюансы, якія, я б сказаў, больш меркаваньне, чым гістарычныя факты. Таму і трэба гэтую дыскусію балянсаваць, гэты дыялёг.
— А ці вы бачыце, што гэта нехта прыносіць зь нейкіх варожых сіл, збоку?
— Мне гэта цяжка сказаць.
— Паўтара года таму беларускія прапагандысты і дзяржаўныя мэдыя Беларусі заяўлялі, што зараз мы прызнаем ЭГУ экстрэмісцкай арганізацыяй і гэта нібыта паўплывае. Гэтага ня здарылася, але ці паўплывала гэта на агульны фон працы, жаданьне людзей прыехаць, разуменьне небясьпекі вучобы тут?
— У першыя часы гэта быў шок у нашай супольнасьці, і мы тады вельмі інтэнсіўна працавалі, каб збалянсаваць гэтае пытаньне, але мы стварылі атмасфэру ўпэўненасьці і бясьпекі. Я думаю, што некаторыя патэнцыйныя студэнты не дайшлі. Але мы разумелі, што яны абмяркоўвалі розныя магчымасьці, як гэта можа паўплываць на іх, на сямейнае жыцьцё, і я думаю, што тыя, хто гарэў, яны прыехалі вучыцца, нягледзячы на ўсе гэтыя нюансы, якія былі непрыемныя для нашай супольнасьці.
— Але калі раптам гэта здарыцца, ці гатовыя вы зрабіць нейкія крокі?
— Так, ёсьць плян, які будзе рэалізаваны, калі што.
— Шмат журналісцкіх праектаў прызналі экстрэмісцкімі, зараз тэатральная трупа...
— Наша праца — гэта вышэйшая адукацыя, мы працуем як унівэрсытэт і спадзяёмся далей разьвівацца, наша мэта — гэта якасныя студыі, адукацыя, дасьледаваньне, і гэта не палітызавана.
Пра ўладкаваньне выпускнікоў ЭГУ ў Беларусі
— Я ведаю, што вы сочыце за лёсам вашых выпускнікоў, як яны ўладкоўваюцца. Папярэдні рэктар казаў, што палова ўладкоўваецца ў Беларусі, але тая размова была паўтара года таму. І яны там зараблялі болей, чым выпускнікі ВНУ зь Беларусі. Як гэта выглядае цяпер, калі ў Беларусі інтэнсіфікавалася такая антызаходняя рыторыка?
— Калі параўноўваць, колькі студэнтаў вярнулася ў Беларусь да 2020 году і цяпер, то цяпер іх менш, таму што працоўныя месцы былі — у бізнэсе, у НДА, у арганізацыях, дзе эўрапейскі дыплём быў важны і меў тую вагу, якая дапамагала ім атрымліваць гэтую заработную плату, якая была большая, чым у студэнтаў зь іншых унівэрсытэтаў. Цяпер тэндэнцыя іншая. Мы таксама рабілі дасьледаваньне — зараз студэнты плянуюць сваю будучыню па-іншаму. Некаторыя вярталіся і цяпер гэта робяць, але многія студэнты просяць нас уключаць у працэс навучаньня літоўскую мову, таму што яны ня толькі працуюць у бізнэсе і НДА, якія эмігравалі ў Літву і Эўропу, у Польшчу, Літву, Латвію, але таксама хочуць будаваць свой капітал тут, у Літве. Таму, і гэта таксама інавацыя, мы будзем уключаць мацнейшы элемэнт літоўскай мовы. Таму што яны хочуць цалкам удзельнічаць у гэтым рынку працы. Студэнты самыя таленавітыя, яны едуць у заходнія краіны, паступаюць у магістратуру ці дактарантуру, і там іх акадэмічная і працоўная кар’ера разьвіваецца. Думаю, як і шмат постсавецкіх краін, гэты нюанс існуе, што таленты выяжджаюць у тыя краіны, дзе яны атрымліваюць досьвед і працу, якія будуць дапамагаць ім у будучыні.
— Атрымліваецца, ужо менш выпускнікоў едзе ў Беларусь?
— Я б сказаў, каля 30%. Тыя, хто вучыцца low residence study завочна і прыяжджае толькі на сэсіі, будуе іх кар’еры там, ёсьць частка, якія вучацца тут, але жадаюць рабіць нешта ў Беларусі.
— Ці ёсьць выпускнікі ЭГУ, якія працуюць у дзяржаўных органах Беларусі?
— Наколькі мы ведаем, не. Бо там глядзяць на дыплём гэтыя дзяржаўныя інстытуцыі, можна сказаць, ня так пазытыўна.
— А вы б глядзелі на такі выпадак, калі б здарылася, пазытыўна?
— Мы вучым студэнтаў, каб яны шукалі сабе новыя магчымасьці, больш вольныя.
Пра першыя крокі на пасадзе
— Які агульны плян разьвіцьця ўнівэрсытэту, якое ваша бачаньне, як вы будзеце весьці за сабой каманду выкладчыкаў і студэнтаў?
— У нас існуюць філіялы, дзьве школы. Адна лічбавай інжынэрыі, другая бізнэс-эканомікі, і мы гаворым пра іх як пра хабы інавацый, дзе, як па прыкладзе, можна будаваць і іншыя праграмы. Як я сказаў у пачатку, мы будзем фармаваць два блёкі, гэта камэрцыйныя праграмы і місіяарынтаваныя праграмы, і мы думаем пра такія праграмы, як адукалёгія, псыхалёгія, якія будуць важныя і для Літвы, і для Беларусі, увесь рэгіён патрабуе такіх кампэтэнцый.
Што мы яшчэ жадаем? Мы хочам умацоўваць нашыя навуковыя сфэры, каб мы былі паўнавартасным удзельнікам нацыянальнага і міжнароднага кантэксту, каб дыскусія была з партнэрамі з розных краін. І гэта фінансавая стабільнасьць інстытуцый, якая самая важная, таму што мы ня зможам рабіць тое, што мы робім, калі ня зможам стабілізаваць фінансы. Мы дзякуем донарам за падтрымку, але таксама маем сцэнары, як будзем разьвіваць дадатковыя сродкі, каб, з аднаго боку, падтрымаць інстытуцыю, а з другога — падтрымаць таленавітых студэнтаў, таму што гэтая падтрымка далей патрабуецца: складанасьці, якія ёсьць у студэнтаў, яны не зьнікаюць.
Пра фінансавую стабільнасьць
— Як вы адчуваеце сябе цяпер фінансава, ці маеце фінансавую стабільнасьць, ці ёсьць падтрымка?
— Калі параўноўваць з 2018 і 2019 гадамі, то дзякуючы траставаму фонду, які існуе пры цэнтральным праектным мэнэджмэнт-агенцтве ў Літве і які нам дапамагае атрымліваць падтрымку, я б сказаў, што ўнівэрсытэт фінансава стабільны. Але хацелася б, каб гэтая прапорцыя — уласныя сродкі і падтрымка донараў — былі больш збалянсаванымі.
Пра скандал з харасмэнтам
— Нядаўна ў мэдыя быў скандал, калі дзяўчына абвінаваціла выкладчыка ў харасмэнце, потым яго звольнілі, а яе адлічылі — ці можна лічыць, што інцыдэнт вычарпаны? Ці не?
— Я б сказаў так, вядома, там было шмат дыскусій у мэдыя, яны здарыліся адначасова, але зараз абодва пытаньні акрытыя. У адным выпадку гэта суд, у іншым выпадку гэта інстытуцыя Акадэмічнай этыкі Літвы.
Я б сказаў, што ў нас з 6 студзеня будуць новыя асобы, я буду рэктарам і будзе новая каманда, мы будзем глядзець на рэформы і на будучыню. Усе гэтыя пытаньні, яны стварылі некаторыя інстытуцыйныя складанасьці, але яны прайшлі.
— Ці вы вынесьлі ўрокі з гэтага? Каб студэнтам было бясьпечна?
— Так, мы вынесьлі ўрокі. Усё роўна, хто гэта, студэнт ці чалавек з адміністрацыі, выкладчык, каб гэта былі збалянсаваныя, правільныя адносіны з павагай адно да аднаго, і ў сакавіку, калі я стаў выканаўцам абавязкаў рэктара, мы адразу ж узяліся за пытаньне, як можна ствараць магчымасьці, рэагаваць і інфармаваць, калі такія нядобрыя выпадкі атрымліваюцца. У інстытуцыі мы ўнесьлі папраўкі ў наш кодэкс этыкі і адчынілі дадаткова дзьверы, магчымасьць зьвяртацца адразу да рэктара, калі чалавек ня хоча публічна прайсьці сам усе гэтыя працэдуры, каб рэктар даведаўся як кіраўнік інстытуцыі і ўзяў на сябе вырашэньне гэтага пытаньня і ўсе працэдуры.
— Вы заступаеце на пасаду рэктара з 6 студзеня наступнага году. Якія вы заплянавалі свае першыя крокі, рэформы ці іншыя важныя рашэньні?
— Гэта будзе працяг таго, што мы робім. Таму што ў сакавіку мы з камандай пачыналі гэта рабіць, адна з рэформаў была перагляд функцыі адміністрацыі — працэсы, людзі, пасады, будзем шукаць кансэнсус паміж эфэктыўнасьцю і аб’ёмам адміністрацыйнага складу, мы робім цяпер. Ёсьць працоўная група, якая пераглядае зараз парадак налічэньня стыпэндый у падтрымку студэнтаў, таму што жадаем балянсаваць, каб мэтанакіраваная падтрымка была тым, хто матываваны, але ня мае фінансавай магчымасьці, таксама мы зрабілі стратэгічны перагляд усіх праграм і далей дасьледуем магчымасьць далейшага разьвіцьця. Мы бачым шмат патэнцыялу сярод творчасьці, я быў ініцыятарам некаторых зьмен пасьля свайго прыходу сюды. І зараз ёсьць такія, што мы па некаторых паказчыках на першым месцы ў Літве.
— Што яшчэ важна ведаць пра новага рэктара ЭГУ, акрамя таго, што ён гісторык і яму ўсяго 33 гады?
— Ну я гісторык; акрамя таго, у мяне ёсьць доктарская ступень у адукацыі, падчас вучобы ў дактарантуры я атрымаў сэртыфікат з іншага ўнівэрсытэту ў філязофіі і мэнэджмэнце, і яшчэ адукацыі. Я думаю, гэта важныя інструмэнты, таму што я працаваў да гэтага ў літоўскім унівэрсытэце адукалёгіі, дзе сабраў шмат досьведу аб тым, як працуе сыстэма літоўскай вышэйшай адукацыі. Гэта моцныя бакі, таму, калі ты становішся кіраўніком, шмат ты ня ведаеш. Я быў каардынатарам у навуцы, я прайшоў гэты шлях, розныя пасады з рознай адказнасьцю, і гэта будзе дапамагаць мне рабіць рэформы. Акрамя таго, я ведаю ЭГУ знутры, таму кожны чалавек, кожны супрацоўнік, выкладчык ведаюць, што гэта стабільнасьць, а ня новы культурны шок, калі прыходзіць рэктар зь іншых краін або іншых сыстэм вышэйшай адукацыі.
— Мы пагутарылі з вамі па-расейску, а ці разумееце вы беларускую мову?
— Я разумею. Я ўдзельнічаю ў воркшопах, сэмінарах, я слухаю, пра што размова, якія там пытаньні, каб я быў у курсе. Таму што беларускі элемент больш існуе ў акадэмічным кантэксьце: выкладчыкі, кіраўнікі ў новых школах — яны ўсе беларусы, і моўны досьвед дапамагае, але гаварыць я не магу. Калі я прыйшоў у ЭГУ працаваць, мой апошні досьвед расейскай мовы быў зь дзясятай клясы ў школе, але я паступова вывучаў расейскую мову ў працоўным фармаце, як і цяпер. Так і беларускую мову, калі ты ўдзельнічаеш у кантэксьце, ты пачынаеш разумець.
Форум