За апошнія гады Беларусь згубіла свой ганаровы статус IT-краіны. Буйныя ІТ-кампаніі пакінулі Беларусь, які і многія іх супрацоўнікі. Акрамя гэтага, рэжым Лукашэнкі працягвае перасьледаваць айцішнікаў паводле палітычных матываў.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, пад перасьлед у Беларусі супрацоўнікі ІТ траплялі ў тым ліку за данаты ў фонды салідарнасьці, за распрацоўку «экстрэмісцкіх» праграм, за камэнтары і салідарнасьць з палітвязьнямі.
Перасьлед за данаты
З канца 2022 году беларусаў пачалі актыўна выклікаць у КДБ з нагоды данатаў у фонды салідарнасьці ў 2020-ым годзе. Пры гэтым пад пагрозай крымінальнай справы сілавікі патрабуюць пералічыць у некалькі разоў большую за данат суму на спэцыяльныя рахункі. Нярэдка за данаты судзілі і айцішнікаў.
Так, супрацоўніцу IT-кампаніі «Гейм Стрым» Ксенію Алькенаву асудзілі на 4 гады зьняволеньня за дзевяць плацяжоў у фонды салідарнасьці на агульную суму 425 даляраў. Падчас ператрусу ў яе канфіскавалі 20 тысяч даляраў.
56-гадовага айцішніка Анатоля Валадзько асудзілі за данаты да васьмі з паловай гадоў калёніі. Мужчына не прызнаў сваёй віны. Пры затрыманьні яго зьбівалі і катавалі электрашокерам.
Палітзьняволенага Аляксандра Зіязэтдзінава ўжо двойчы судзілі за данаты. Восеньню 2022 году яго асудзілі да 3 гадоў калёніі за перавод крыптавалюты BYPOL, у лютым 2024 году — зноў судзілі паводле ч. 1 арт. 361-2 (фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці) і ч. 2 арт. 290-1 КК (фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці).
Тэсціроўшчыцу Надзею Каранкевіч пазбавілі волі за данаты паводле арт. 361-2 КК (фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 361-3КК (фінансаваньне ці іншая фінансавая падтрымка вайны).
Перасьлед былых супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія перайшлі ў ІТ
Пасьля выбараў 2020 году многія супрацоўнікі праваахоўных органаў падтрымалі пратэсты і сышлі зь сілавых структураў, некаторыя перайшлі працаваць у ІТ-сфэру. Праз гэта тых, хто застаўся ў Беларусі, рэжым працягвае перасьледаваць, адзначаюць праваабаронцы.
Так, былы супрацоўнік пракуратуры Яраслаў Вердыш звольніўся напачатку 2021 году. Перад затрыманьнем у верасьні 2023 году працаваў у EPAM. Яго асудзілі па ч. 3 арт. 130 КК (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці) на 5 годоў калёніі.
Андрэй Гарун такасама перайшоў працаваць з праваахоўных органаў у EPAM. Яго затрымалі ў кастрычніку 2021 году і асудзілі да 7 гадоў калёніі за перадачу зьвестак сілавікоў у тэлеграм-каналы «Карнікі Беларусі» і «Чорная кніга Беларусі».
Экс-міліцыянта Кірыла Гнязьдзілава таксама асудзілі па справе «Чорнай кнігай Беларусі» на 8 гадоў калёніі. Ён з 2007 году працаваў у міліцыі, звольніўся ў жніўні 2020 году і перайшоў працаваць у сфэру IT. Яго затрымалі ў лютым 2023 году на мяжы, калі вяртаўся з Польшчы наведаць жонку і дзяцей.
Яўген Ціханаў скончыў Акадэмію МУС больш за 15 гадоў таму, працаваў участковым, звольніўся па ўласным жаданьні. Пазьней перайшоў у ІТ, нейкі час жыў у Эўропе. Яго затрымалі на мяжы і ў красавіку 2024 году асудзілі да пазбаўленьня волі за камэнтары ў тэлеграме пра сілавікоў і Лукашэнку паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
Затрыманыя па вяртаньні ў Беларусь
Паводле праваабаронцаў, за апошнія два гады ўскладнілася сытуацыя ў прапускных пунктах на мяжы зь Беларусьсю. Тых, хто вяртаецца ў краіну, дасканала правяраюць на мяжы, дапытваюць супрацоўнікі мытні або КДБ, некаторых пасьля праверкі тэлефона затрымліваюць наўпрост у пункце пропуску. Айцішнікі — не выключэньне.
Так, за данаты беларускім добраахвотнікам ва Ўкраіне праграміста Леаніда Райчонка асудзілі да 6 гадоў калёніі паводле ч. 2 арт. 361-3 КК. Згодна з вэрсіяй абвінавачваньня, ён перавёў 400 даляраў на бронекамізэлькі беларускім добраахвотнікам ва Ўкраіне, а таксама 150 даляраў на карысьць «Prague Support Team». Леаніда затрымалі гэтым летам 2023 году на беларуска-польскай мяжы.
Беларускамоўную IT-спэцыялістку з EPAM Марыну Леановіч затрымалі па вяртаньні з Грузіі. Яе абвінавацілі ў «фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-2 КК) і «фінансаваньні або іншай фінансавай падтрымцы вайны» (ч. 2 арт. 361-3 КК) і асудзілі да пазбаўленьня волі, тэрмін праваабаронцам невядомы.
Таксама «Вясьне» вядомыя выпадкі, калі на былое месца працы некаторых ІТ-спэцыялістаў, якія эмігравалі пасьля 2020 году, прыходзілі ад супрацоўнікаў КДБ сьпісы ўсіх, хто данаціў фондам салідарнасьці. Айцішнікам прапаноўвалі прыйсьці на размову і «адкупіцца» ад крымінальнай справы.
Затрыманьне за салідарнасьць з палітвязьнямі
Праграмістку кампаніі Solberg Наталлю Давыдку асудзілі за салідарнасьць з палітвязьнямі паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК (Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці), а таксама за ўдзел у акцыях пратэсту паводле арт. 342 КК. Жанчыну затрымалі падчас «рэйду па салідарнасьці» напрыканцы студзеня.
Суды за распрацоўку праграм і праграмнага забесьпячэньня
У 2022 годзе ў Менску асудзілі айцішніка Арцёма Мазаніка — праграміста, які распрацаваў мабільную аплікацыю BelScan, з дапамогай якой распаўсюджваў зьвесткі пра прыватнае жыцьцё і пэрсанальныя зьвесткі сілавікоў і прадстаўнікоў улады. Яго асудзілі да 8 гадоў калёніі паводле 4 артыкулаў.
У лістападзе 2024 году Менскі абласны суд асудзіў Максіма Нябожына на чатыры з паловай гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у ПУАТ паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці). Яго абвінавацілі ў перадачы праграмнага забесьпячэньня і інструкцый прадстаўнікам ініцыятывы «Кібэрпартызаны», якую раней прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем».
Форум