Пра тое, што Марына Дударава больш не працуе ў тэатры, даведаўся партал «Люстэрка» ад сваіх крыніц.
Дударава яшчэ займала сваю пасаду ў верасьні 2024 году. Але цяпер зьвесткі пра мастацкую кіраўніцу тэатра прыбралі з сайту ўстановы.
Прычына звальненьня невядомая. Магчыма, гэта зьвязана з выхадам на пэнсію — рэжысэрцы 62 гады. Але ці зьяўляецца гэта сапраўднай ці фармальнай падставай, невядома. Яшчэ ў верасьні мастацкую кіраўніцу віншавалі на старонцы тэатру з днём нараджэньня.
Марына Дударава скончыла Менскі інстытут культуры (1991). Працавала артысткай балету Белдзяржфілярмоніі, выкладчыцай, балетмайстрам, балетмайстрам-пастаноўшчыкам сталічнага Моладзевага тэатру. З 2004 году была галоўным рэжысэрам, а з 2013 — мастацкім кіраўніком Драматычнага тэатру Беларускай Арміі.
Дударава — ляўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі. За асабісты ўнёсак ў разьвіцьцё культуры і мастацтва ўзнагароджана мэдалём Францішка Скарыны.
Засталося толькі пяць беларускіх дзяржаўных тэатраў, дзе з 2020 году не зьмянілася кіраўніцтва.
Форум