Сейм Літвы ухваліў праграму новага ўраду. Урад, які сфармавалі Сацыял-дэмакратычная партыя Літвы, партыя «Нёманская зара» і зьвяз «У імя Літвы», пачаў дзейнічаць. Прэм’ерам абраны сацыял-дэмакрат Гінтаўтас Палуцкас, у склад ураду увайшлі 14 міністраў. 12 зь іх прапанавала кіроўная кааліцыя, яшчэ два міністры былі прызначаныя дэкрэтам прэзыдэнта ўсяго за дзень да галасаваньня па ўрадавай праграме ў Сейме.
Вядомы літоўскі журналіст Вітаўтас Брувярыс, да якога Свабода зьвярнулася па камэнтар, мяркуе, што старт у новага ўраду аказаўся занадта гучным і выклікаў сумневы ў тым, ці пратрымаецца кіроўная кааліцыя да канца кадэнцыі, то бок да 2028 году.
«Літоўскае грамадзтва, ва ўсякім разе большая яго частка, чакае, што сытуацыя зьменіцца ў лепшы бок. Пакуль, праўда, выразна не артыкулююць, што менавіта мусіць зьмяніцца. Але гэта звычайная рэч: калі людзі не задаволеныя ўладай, дык іх крытыка часта пазбаўленая кантрэтыкі, бо перамагаюць эмоцыі. І вось гэтыя людзі цяпер чакаюць зьменаў да лепшага. Але, мяркую, іх чаканьні хутка аслабнуць», — кажа Вітаўтас Брувярыс.
На думку журналіста, вельмі паказальным было прызначэньне новых міністраў, «асабліва апошніх двух». Брувярыс адзначыў, што падчас прызначэньня «хапала сюрпрызаў».
«Кандыдатуры міністраў браліся нібы зь неба, магчыма, яны самі ня ведалі пра тое, што на іх паў выбар. Усе гадалі, адкуль яны ўзяліся», — згадвае зьяўленьне кандыдатаў у міністры Вітаўтас Брувярыс.
На ягоную думку, не абышлося бяз выбару «не паводле прынцыпу прафэсіяналізму».
«Яны альбо з прэм’ерам Палуцкасам раней працавалі і ён іх запрасіў, ці яшчэ аднекуль узяліся? Гэта я пра двух апошніх.
Але зь міністрамі ад сацыял-дэмакратаў — падобная сытуацыя. Раней я ўжо казаў, што гэта партыя мае праблему лідарства і праблему інтэгральнасьці. Бо, на маю думку, гэта калі не палітычная дрыгва, дык такое палітычнае жэле — настолькі размытыя палітычныя погляды ў гэтых партыйцаў. І тыя ж сымптомы выявіліся ў фармаваньні ўраду: там або палітыкі-вэтэраны, як міністар фінансаў, які калісьці не прадбачыў фінансавага крызісу, або зусім невядомыя асобы», — лічыць ён.
На думку Вітаўтаса Брувярыса, прычына такой сытуацыі ў тым, што ў Сацыял-дэмакратычнай партыі «няма добрага кадравага рэзэрву, кваліфікаваных і вядомых сяброў».
Экспэрт мяркуе, што і папярэдні ўрад Літвы таксама меў хібы, ня ўсе пасады ў ім былі занятыя добрымі прафэсіяналамі, але ён ўсё ж меў у сваім складзе выразных палітыкаў-лідараў.
«Яны былі партыйнымі палітычнымі лідарамі, што для дэмакратычнай сыстэмы вельмі важна. Бо вельмі істотна, каб партыі прыйшлі да ўлады падрыхтаванымі, з добрым кадравым патэнцыялам. Цяпер жа такога не адбылося, тамы мы і маем такую стракатую карціну прадстаўніцтва ва ўрадзе», — лічыць журналіст.
Вітаўтас Брувярыс кажа, што праблемы з прызначэньнем міністраў і склад новага ўраду даюць яму падставы сумнявацца ў тым, што ўрад пратрымаецца да будучых выбараў.
«Калі нехта спадзяецца, што ўрад пачне працаваць і сытуацыя палепшыцца, праблемы вырашацца самі сабой — відавочна гэтага ня будзе. Палітычны „бардак“ — гэта такая рэч, якая гэтак проста не мінае. Таму ня думаю, што ўрад пратрымаецца ўсю кадэнцыю. Хоць ня выключаныя пэўныя карэкцыі ва ўрадзе. Нават думаю, што зьмены па ходзе працы абавязкова будуць. І скандалы будуць, і ня толькі карупцыйныя. Бо ў складзе ўраду ёсьць вельмі калярытныя асобы», — адзначае ён.
Пра новага кіраўніка МЗС і антыбеларускі «літвінізм»
Экспэрт спыніўся на асобе новага міністра замежных спраў Кястуціса Будрыса, дарадцы прэзыдэнта Літвы ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі. Сёлета ў красавіку Будрыс заяўляў, што неабходна «істотна абмежаваць і скараціць» плынь грамадзян Беларусі і Расеі, якія прыбываюць у Літву (але пры гэтым «не чапаць» «беларускую апазыцыю, людзей, якія ўжо знаходзяцца тут»), а таксама выступаў за далейшую ўніфікацыю абмежавальных захадаў для беларусаў і расейцаў.
На думку Вітаўтаса Брувярыса, для Літвы Будрыс у якасьці кіраўніка МЗС — «ня самая горшая фігура».
«Ва ўсякім разе, ён будзе імкнуцца разам з прэзыдэнтам абмежаваць уплыў некаторых дэструкцыўных сілаў, якія прыйшлі ў Сейм і ўжо спрабуюць атакаваць літоўскія зьнешнепалітычныя прыярытэты.
Але і ў яго ёсьць праблемы іміджу і ня думаю, што іх будзе лёгка пераадолець. Прыкладам, усе разумеюць, кім мусіць быць Літва як міжнародны гулец: лідарам у справе дапамогі Ўкраіне, гучна казаць пра барацьбу з расейскай дыктатурай, пра Беларусь, пра санкцыі, пра тое, што нельга здраджваць Украіне. Дык вось ад новага кіраўніка зьнешнепалітычнай установы я такой рыторыкі не чакаю. Тут Ландсбергіса (папярэдні кіраўнік МЗС Літвы. — рэд.) ён не заменіць», — мяркуе Вітаўтас Брувярыс.
Камэнтуючы той факт, што Будрыс раней публічна ўздымаў тэму так званага «літвінізму», журналіст згадаў свае ранейшыя словы пра тое, што калі ва ўладу прыйдуць людзі зь дзяржаўнага апарату «з выразна нацыяналістычнімі поглядамі», дык для мігрантаў, у тым ліку беларусаў, могуць узьнікнуць пэўныя праблемы, якіх раней не было.
«Хаця Кястусіс Будрыс — адэкватны службовец, а цяпер і палітык, але ўсё ж ухіл у гэты бок ёсьць і гэта можа адбіцца на ягоным курсе. Але варта пачакаць і паглядзець, як яно пойдзе. Прыкладам, вось працягваюцца размовы пра колькасьць дзейных памежных пераходаў зь Беларусьсю, дык можна ня выключыць, што іх усё ж паменее. Абяцалі, што не, але пры новым ўрадзе ўсё магчыма. Але ёсьць і ўмова: калі сацыял-дэмакраты з прэм’ерам не акажуць тут супраціву. Бо іх погляд на праблемы міграцыі мягчэйшы», — сказаў экспэрт.
На думку Брувярыса, адмена некаторых санкцыяў, прыкладам, забароны транзыту празь Літву прадукцыі «Беларускалія», з новым урадам усё ж выглядае праблематычнай.
«Ва ўсякім разе сацыял-дэмакратаў бачны намер ісьці на нейкі дыялёг зь беларускімі ўладамі адносна эканамічнага супрацоўніцтва. Але прэзыдэнт і міністар замежных спраў будуць ставіцца інакш, ужо зразумела, што будзе супрацьстаяньне. Тут складана вызначыць, на чыім баку будзе перамога. Але ясна, што турбулентнасьці не пазьбегнуць», — лічыць ён.
«Прэм’еру могуць проста не знайсьці альтэрнатывы»
Паводле экспэрта, палітычная будучыня новага прэм’ера Гінтаўтаса Палуцкаса будзе залежаць ня толькі ад складу ўрадавай кааліцыі.
«Пакуль ён робіць выгляд, што трымае удар. Але ня думаю, што такога настрою хопіць надоўга, бо усё ж ён зьявіўся на гэтай пасадзе як кампрамісная, пераходная фігура. Пасьля непазьбежных у будучыні паразаў павялічыцца раздражнёнасьць у ягоны бок як лідара. Цяперашні склад парлямэнту нібыта забясьпечвае трываласьць ураду і пасаду прэм’ера для Гінтаўтаса Палуцкаса, але ўсё можа здарыцца», — мяркуе Вітаўтас Брувярыс.
Ён журналіст кажа, што ў яго ёсьць абгрунтаваныя сумневы, што цяперашняя ўладная каліцыя пратрымаецца ў гэтым складзе да будучых выбараў.
«На маю думку гэта небясьпечна для краіны, бо Літве патрэбна больш стабільнасьці. Але не выключаю, што сам прэм’ер дапрацуе на новых выбараў. Яго можа выратаваць тое, што яму проста ня знойдуць альтэртатывы, і ў гэтым недахопе моцных палітыкаў мне бачыцца адна з праблемаў сучаснай Літвы», — падсумаваў Вітаўтас Брувярыс.
Форум