Эўрапейская служба замежных сувязяў і Эўрапейская камісія ў супрацоўніцтве з Эўрапарлямэнтам арганізавалі «Дні Беларусі» для падтрымкі дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасьці. Яны праходзяць з 9 па 13 снежня 2024 году ў Брусэлі.
На імпрэзах чакаецца ўдзел больш як 100 прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў, грамадзянскай супольнасьці, незалежных СМІ, праваабарончых арганізацый, культурных устаноў, а таксама беларускай дыяспары. Запрошаны і прадстаўнікі міжнародных арганізацый.
Сярод іншага, у праграме падзей чакаюцца:
- Паказ фільма «Радзіма», створанага незалежнымі беларускімі рэжысэрамі Аляксандрам Міхалковічам і Ганнай Бадзякай, пасьля якога адбудзецца абмеркаваньне з адным з рэжысёраў фільма і прадстаўніком онлайн-кінатэатра Vodblisk.
- Інтэрактыўная выстава #FramedInBelarus, створаная беларускай мастачкай Руфінай Базловай і праектам Stitchit & Collectiv.
- 4-е паседжаньне Кансультацыйнай групы Эўразьвязу зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасьцю.
- Выстава аб палітычных зьняволеных «Галасы з турмы» і «Нязломленыя».
- Музычная вечарына, які будзе ўключаць два выступы: беларускага акардэаніста Ягора Забелава і хору Free Choir.
- Шэраг канфэрэнцый высокага ўзроўню і іншае.
«Дні Беларусі» арганізаваныя ў кантэксьце пачатку працы новага складу Эўрапарлямэнту і на фоне прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, прызначаных на 26 студзеня 2025 году.
Праграма імпрэз накіраваная на дэманстрацыю салідарнасьці Эўрапейскага зьвязу і пазытыўнага ўплыву яго падтрымкі на разьвіцьцё дэмакратычных ініцыятыў у Беларусі, пішуць арганізатары.
Форум