Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макрон сустрэўся ў Парыжы з Трампам і Зяленскім перад цырымоніяй адкрыцьця сабору Нотр-Дам


Зьлева направа: Вайсковец ганаровай варты, Уладзімір Зяленскі, Эманюэль Макрон, Дональд Трамп
Зьлева направа: Вайсковец ганаровай варты, Уладзімір Зяленскі, Эманюэль Макрон, Дональд Трамп

Нотр-Дам — сабор Парыскай Маці Божай — сёньня афіцыйна адкрываецца пасьля рэстаўрацыі. Сабор, якому ўжо 861 гадоў і які будавалі амаль два стагодзьдзі, быў моцна пашкоджаны пажарам пяць гадоў таму. 

На цырымонію прыехалі каля 1500 гасьцей, сярод якіх шматлікія сусьветныя лідэры і знакамітасьці, у тым ліку абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, цяперашняя першая лэдзі ЗША Джыл Байдэн, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і брытанскі прынц Ўільям.

Associated Press паведаміла, што перад цырымоніяй прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон сустрэўся ў прэыздэнцкім палацы з Трампам, а пазьней да гэтай сустрэчы далучыўся Зяленскі. Перад сустрэчай Трамп сказаў, што будзе абмяркоўваць з Макронам сытуацыю ў сьвеце, які «крыху звар’яцеў».

Пасьля сустрэчы Зяленскі назваў яе «добрай і прадуктыўнай» у сваім тэлеграм-канале.

«Прэзыдэнт Трамп, як заўсёды, настроены рашуча. Дзякуй за гэта. Я таксама дзякую прэзыдэнту Макрону за арганізацыю гэтай сустрэчы ў Парыжы.

Гаворка ішла пра наш народ, сытуацыю на полі бою і справядлівы мір для Украіны. Мы ўсе хочам скончыць гэтую вайну як мага хутчэй і справядліва.

Дамовіліся працаваць далей. Мір магчымы, дзякуючы сіле!»

Трамп паціскае руку Зяленскаму
Трамп паціскае руку Зяленскаму

Цырымонію саборы Парыскай Маці Божай вядзе арцыбіскуп Ляран Ульрых. Паколькі ў Парыжы чакаўся моцны вецер, уся цырымонія мае прасьці ўнутры сабору.

Сьвятары і госьці ў Нотр-Даме 7 сьнежня
Сьвятары і госьці ў Нотр-Даме 7 сьнежня
Нотр-Дам 6 сьнежня 2024, напярэдадні афіцыйнай цырымоніі адкрыцьця
Нотр-Дам 6 сьнежня 2024, напярэдадні афіцыйнай цырымоніі адкрыцьця

У аднаўленьні сабору пасьля пажару 2019 годe бралі ўдзел больш за 1300 будаўнікоў і рамесьнікаў з усяго сьвету. Яны сталі яго першымі ганаровымі гасьцямі на мінулым тыдні.

Нотр-Дам, 7 сьнежня 2024
Нотр-Дам, 7 сьнежня 2024
  • Буйны пажар у Нотр-Даме адбыўся 15 красавіка 2019 году. Загарэліся будаўнічыя рыштаваньні на даху сабора. Дакладную прычыну пажару не ўдалося ўстанавіць, аднак вэрсію наўмыснага падпалу сьледзтва выключыла.
  • Як мяркуецца, рыштаваньні загарэліся ад кінутага працоўнымі недакурка або ад кароткага замыканьня ў электраправодцы. Дах сабора выгарэў цалкам, быў разбураны шпіль. Пашкоджаньні ўнутры будынка былі нашмат меншыя.
  • Зьбіраць сродкі на аднаўленьне сабора пачалі, яшчэ калі пажар ня быў патушаны. Ахвяраваньні з усяго сьвету склалі больш за 840 мільёнаў эўра. Гэтая сума аказалася нават большай, чым каштавала рэстаўрацыя; яе рэшта будзе выкарыстана на далейшую падтрымку будынку.
  • Нотр-Дам — сабор Парыскай Маці Божай — галоўны сабор францускай сталіцы і адзін з найбольш вядомых сымбаляў Парыжу і Францыі ў цэлым. Ён быў пабудаваны ў XII стагодзьдзі і з таго часу шматкроць перабудоўваўся. Чакаецца, што цяпер ён будзе штогод прымаць каля 15 мільёнаў наведнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG