Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расьсьледаваньне СМІ: Спэцслужбы Вугоршчыны сачылі за чыноўнікамі ЭЗ


Дэманстрацыя супраць сачэньня спэцслужбаў у Будапэшце, ліпень 2021 году.
Дэманстрацыя супраць сачэньня спэцслужбаў у Будапэшце, ліпень 2021 году.

Спэцслужбы Вугоршчыны сачылі за чыноўнікамі Эўразьвязу, калі тыя прыяжджалі ў Будапэшт, абшуквалі іх гатэльныя нумары і праслухоўвалі тэлефонныя размовы.

Да такіх высноваў прыйшло расьсьледаваньне, якое сумесна правялі журналісты бэльгійскай газэты De Tijd і вугорскі расьсьледніцкі цэнтар Direkt36.

Паводле расьсьледнікаў, вугорскае Інфармацыйнае бюро — аналяг службаў вонкавай выведкі — вяло назіраньне за супрацоўнікамі Эўрапейскага бюро барацьбы з махлярствам (OLAF). У прыватнасьці, у 2015–2017 гадах агенты Інфармацыйнага бюро вялі вонкавае назіраньне за аўтамабілямі супрацоўнікамі OLAF і праслухоўвалі іх тэлефоны.

Эўрапейскае ведамства барацьбы з махлярствам тады цікавілася дзейнасьцю вугорскай кампаніі Elios, якой валодае зяць прэм’ер-міністра краіны Віктара Орбана Іштван Тыбарц.

Elios атрымлівала дзяржаўныя замовы на будаўніцтва гарадзкой інфраструктуры — ад асьвятленьня да транспарту. Паводле зьвестак OLAF, у кантрактах былі рэзка завышаныя цэны, а самі кантракты маглі заключаць з выкарыстаньнем карупцыйных сувязяў і мэтадаў.

У 2018 годзе OLAF рэкамэндавала Эўразьвязу запатрабаваць ад Вугоршчыны вярнуць 283 мільёны эўра субсыдыяў, атрыманых ад ЭЗ на разьвіцьцё будапэшцкага мэтро, бо ў вугорскіх кантрактах былі выяўленыя прыкметы нямэтавага расходаваньня грошай і махлярства.

Выданьне Politico зьвярнулася да вугорскіх уладаў. Прэс-сакратар Віктара Орбана адказаў Politico, што «не камэнтуе фэйкавых навінаў».

Будапэшт і раней абвінавачвалі ў сачэньні за журналістамі, палітычнымі актывістамі і прадстаўнікамі апазыцыі. Яны паведамлялі аб вонкавым сачэньні, праслухоўваньні тэлефонаў і ўзломах іх кампутараў. У 2021 годзе прадстаўнікі кіроўнай партыі Орбана прызналі, што Міністэрства ўнутраных справаў Вугоршчыны закупіла ізраільскае праграмнае забесьпячэньне для сачэньня. Яны сьцьвярджалі, што ў закупах не было нічога супрацьзаконнага, аднак пратакол паседжаньня, дзе была зробленая гэтая заява, быў засакрэчаны да 2050 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG