Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вусныя прысуды. Асуджаныя паводле «палітычных» артыкулаў скардзяцца на цяжкасьці з атрыманьнем копій судовых рашэньняў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Крыніцы Свабоды ў юрыдычных колах расказваюць, што асуджаным з палітычных матываў усё часьцей не выдаюць копій судовых пратаколаў і пастановаў.

З канца кастрычніка беларускія ўлады зьмянілі тактыку ў асьвятленьні маштабу рэпрэсій, якія адбываюцца ў краіне пасьля падзей жніўня 2020 году. Зьвязаныя зь сілавікамі тэлеграм-каналы больш не публікуюць так званых «пакаяльных» відэа з удзелам затрыманых апанэнтаў улады.

У раскладах судовых паседжаньняў, якія можна знайсьці ў агульным доступе, стала значна менш анонсаў спраў паводле палітычна матываваных артыкулаў Крымінальнага і Адміністрацыйнага кодэксаў.

Як стала вядома Свабодзе, гэта ня ўсе перамены, скіраваныя на абмежаваньне распаўсюду інфармацыі аб рэпрэсіях. Адразу некалькі нядаўна асуджаных расказалі пра складанасьці з атрыманьнем судовых дакумэнтаў. Інфармацыю пра тое, што суды цяпер могуць не выдаваць «палітычным» свае рашэньні, пацьвярджаюць і крыніцы сярод юрыстаў, якія працуюць у Беларусі.

Прыцягнулі да адказнасьці «вусна»

Беларуска Антаніна (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) расказала Свабодзе, што на яе сяброўку ўвосень завялі крымінальную справу за «абразу» Лукашэнкі (артыкул 368 Крымінальнага кодэксу). Спачатку жанчына трапіла ў ізалятар на некалькі дзён. У выніку ёй прызначылі меру стрыманьня ў форме падпіскі аб нявыезьдзе. Як кажа Антаніна, ейнай сяброўцы пры гэтым не далі на рукі ніводнага дакумэнту. Ні пра тое, што яна была ў ізалятары часовага ўтрыманьня, ні пастановы аб прызнаньні яе падазраванай ці абвінавачанай у крымінальнай справе.

«Сама яна ня надта юрыдычна падкаваная, на адваката ня мае грошай. Відаць, гэтым і скарысталіся. Яна ня мае ніводнай позвы — сьледчы выклікае на допыты праз тэлефон. Калі паўстане пытаньне, што яна мае перасьлед, дык чым даказаць? Або як абскардзіць пастановы?» — абураецца Антаніна.

Алена (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) расказала Свабодзе, што нядаўна трапіла ў ізалятар часовага ўтрыманьня за падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы. Ёй, апроч «сутак», прысудзілі штраф, таксама сілавікі канфіскавалі яе тэлефон. Алена кажа, што ня мае ні копіі міліцэйскага пратаколу, ні пастановы суду аб прыцягненьні да адказнасьці. Цяпер нават калі б яна і хацела абскардзіць пастанову суду, то не змагла бы гэтага зрабіць.

«На руках маю толькі квітанцыю, што аплаціла штраф. Але ў квітанцыі ня пішацца, што гэта менавіта за «экстрэмізм» (няма нумара артыкулу, паводле якога быў асуджаны чалавек. — РС), — дадала суразмоўца.

Сяргей (імя зьмененае. — РС) атрымаў штраф за падпіскі за «экстрэмісцкія рэсурсы», і таксама ні міліцыя, ні суд не далі яму копіі пастановаў. Сяргей дадаў, што ён хадзіў у канцылярыю суду, спрабаваў атрымаць паперы.

«Там спачатку адмахваліся — маўляў, няма часу, прыходзьце заўтра. Потым прынялі маю заяву і празь некалькі дзён аддалі копію пастановы», — патлумачыў Сяргей.


«Папрасіць можна, але ня факт, што дадуць»

Адвакат Максім (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) кажа, што ягоныя кліенты, якіх прыцягвалі паводле «экстрэмісцкіх» артыкулах, таксама сутыкаліся з адпаведнай практыкай. Максім мяркуе, што такім чынам людзям адразаюць магчымасьць абскардзіць рашэньне суду. Юрыст кажа, што ў ізалятарах «палітычным» не даюць асадак і паперы з той жа прычыны — людзей пазбаўляюць магчымасьці складаць скаргі. Адзінае, што скаргу можа напісаць адвакат, але ня кожны чалавек можа да затрыманьня мець падпісаную дамову зь юрыстам.

Паводле назіраньняў Максіма, міліцыянты часам даюць затрыманым пад росьпіс дакумэнт, дзе сьцьвярджаецца, што яму выдалі копію пратакола аб затрыманьні. Аднак у рэальнасьці чалавек яе ня бачыў.

«Папрасіць копію можна, але ня факт, што яе дадуць. Ня кожны затрыманы будзе спрачацца і патрабаваць нечага ў такой сытуацыі», — зазначыў Максім.

Паводле юрыста, пастанову суду варта спрабаваць атрымаць у судовай канцылярыі: гэты спосаб пакуль спрацоўвае.


«Улада адмовілася ад свайго абавязку абараняць грамадзян»

Праваабаронца Леанід Судаленка кажа, што ня варта шукаць здаровы сэнс у краіне, дзе пяты год ідуць татальныя рэпрэсіі. Яго самога асудзілі паводле працэдуры «спэцыяльнага вядзеньня» завочна на 5 гадоў калёніі. Праваабаронца напісаў шэраг скаргаў, зваротаў у органы і Міністэрства юстыцыі з мэтай атрымаць на рукі вырак, але паўсюль атрымаў адмову. На судзе ў Судаленкі была адвакатка, якая таксама адмовілася даць свайму «падабароннаму» копію прысуду.

Леанід Судаленка
Леанід Судаленка

Леанід Судаленка нагадаў, што па спэцыяльным вядзеньні судзілі ўжо 120 чалавек, і ніхто зь іх ня ведае зьместу выраку.

«Былі і да 2020 году выпадкі, калі маглі ня даць на рукі дакумэнтаў. Але тады ў краіне яшчэ дзейнічалі прававыя мэханізмы, можна было пайсьці ў пракуратуру, напрыклад. Цяпер зьнішчана права, няма закону. Калі нешта тычыцца палітыкі, „экстрэмізму“ — закон не працуе. Яшчэ можа калі сямейныя спрэчкі ці сусед з суседам дзеляць забітую курыцу або зямлю. Ці нехта перавысіў хуткасьць, то я думаю, будзе нейкі разгляд, будуць дакумэнты на руках у людзей, яны змогуць абскардзіць», — выказаўся праваабаронца.

Паводле яго, улада адказная за тое, каб забясьпечыць правы ў тым ліку і тых беларусаў, якія выехалі з краіны, але ж засталіся яе грамадзянамі. «Улада на сёньня адмовілася ад свайго абавязку абараняць інтарэсы грамадзян», — лічыць Леанід Судаленка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG