Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея закрывае генконсульства Польшчы ў Санкт-Пецярбургу. У польскім МЗС адрэагавалі


Кіраўнік МЗС Польшчы Радослаў Сікорскі
Кіраўнік МЗС Польшчы Радослаў Сікорскі

Генэральнае консульства Польшчы ў Санкт-Пецярбургу закрыецца 10 студзеня 2025 году, а трое польскіх дыпляматаў абвешчаныя пэрсонамі нон грата і павінны пакінуць краіну, гаворыцца ў заяве расейскага МЗС. У адказ кіраўнік МЗС Польшчы Радослаў Сікорскі заявіў, што Варшава прымае гэты крок з «годнай абыякавасьцю».

Згодна з заявай расейскага дыпляматычнага ведамства, рашэньне аб закрыцьці генконсульства Польшчы ў Пецярбургу было прынята «ў адказ на закрыцьцё польскімі ўладамі Генэральнага консульства Расеі ў Познані 30 лістапада».

Таксама паведамляецца, што трое польскіх дыпляматаў прызнаныя непажаданымі асобамі ў Расеі і павінны зараз пакінуць краіну.

На сустрэчы з журналістамі на Мальце Сікорскі, камэнтуючы адказ Расеі на закрыцьцё яе дыпляматычнай пляцоўкі ў Познані, заявіў:

«Мы прымаем гэтае рашэньне Расеі з годнай абыякавасьцю, бо чакалі яго».

Словы Радослава Сікорскага цытуе TVN24.

«Расея насамрэч ня мае права на дзеяньні ў адказ, таму што закрыцьцё консульства ў Познані было выкліканае актамі дывэрсіі ў Польшчы і краінах-саюзьніках. Гэтыя акты дывэрсіі — гэта злачынствы, якія толькі дзякуючы шчасьліваму зьбегу абставінаў пакуль не прывялі да ахвяраў. Але якая Расея, усе ведаюць», — дадаў кіраўнік МЗС Польшчы.

  • 22 кастрычніка міністар замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі паведаміў, што Польшча закрывае дыпляматычнае прадстаўніцтва Расеі ў Познані і прызнае ягоны пэрсанал непажаданым на тэрыторыі Польшчы. Паводле яго, такое рашэньне польскія ўлады прынялі ў адказ на спробы Расеі зьдзейсьніць дывэрсіі на тэрыторыі Польшчы. У МЗС Расеі назвалі рашэньне Польшчы «чарговым варожым крокам, на які будзе дадзены балючы адказ».
  • 21 кастрычніка Радослаў Сікорскі паведаміў, што затрыманы ў Польшчы па падазрэньні ў падрыхтоўцы дывэрсіяў грамадзянін Украіны прызнаўся ў працы на расейскія спэцслужбы і плянах падпаліць фабрыку ва Ўроцлаве.
  • У 2023 годзе польскія спэцслужбы заявілі, што ліквідавалі расейскую шпіёнскую сетку. Агулам тады затрымалі 16 чалавек (13 грамадзян Украіны, двое грамадзян Беларусі і адзін расеец). Як сьцьвярджаюць польскія ўлады, «чальцы шпіёнскай сеткі на замову расейцаў павінны былі ня толькі зьбіраць інфармацыю, фатаграфаваць вайсковыя і цывільныя аб’екты, распальваць антыўкраінскія і антынатаўскія настроі, але і рыхтаваць дывэрсіі».
  • У 2023 годзе пракуратура Польшчы канфіскавала грошы з рахункаў расейскай амбасады і гандлёвага прадстаўніцтва ў Варшаве. Таксама летась улады Варшавы забралі будынак школы пры амбасадзе Расеі ў Польшчы.
  • Рахункі расейскай амбасады ў Польшчы былі заблякаваныя ў сакавіку 2022 году, неўзабаве пасьля маштабнага ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Прычынай блякаваньня сталі падазрэньні польскіх уладаў, што грошы з рахункаў амбасады Расеі маглі выкарыстоўваць для фінансаваньня тэрарызму або адмываньня незаконна атрыманых сродкаў. У адказ расейскі бок гэтаксама замарозіў рахункі польскага пасольства ў Маскве.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG