Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Была пагроза, што вывезуць на мяжу з Расеяй». Беларус, якога затрымалі ў Грузіі, папрасіў пра міжнародную абарону


Яўген Муравіцкі пасьля затрыманьня ў Тбілісі, 2 сьнежня 2024 году
Яўген Муравіцкі пасьля затрыманьня ў Тбілісі, 2 сьнежня 2024 году

Беларус Яўген Муравіцкі, якога затрымлівалі ў Грузіі, падаў на міжнародную абарону. Хаця ў міграцыйнай службе яму прапанавалі выехаць за мяжу.

25-гадовага беларуса Яўгена Муравіцкага затрымалі падчас пратэстаў у Тбілісі ранкам 30 лістапада. Два дні ён правёў у ізалятары. На яго склалі адміністрацыйны пратакол за нібыта «абразу паліцэйскага». Сам Яўген аспрэчваў, што абражаў праваахоўнікаў. Хлопца выпусьцілі з ізалятара праз два дні.

Пасьля вызваленьня Муравіцкага выклікалі на размову ў Дэпартамэнт міграцыі ў Тбілісі 3 сьнежня. Размова доўжылася 5,5 гадзіны.

Як паведаміў Свабодзе праваабаронца Беларускай дыяспары Аджарыі Раман Кісьляк, Яўген Муравіцкі папрасіў міжнароднай абароны ў Дэпартамэнце міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў. Заяву спачатку не хацелі прымаць, але ўрэшце прынялі. Праваабаронца часткова прысутнічаў падчас гэтай размовы.

Раман Кісьляк таксама паведаміў, што Яўгена напярэдадні шукалі чацьвёра чалавек па месцы жыхарства. Хлопец не начаваў у сваёй кватэры дзеля бясьпекі.

«Была пагроза, што яго схопяць і вывезуць на мяжу з Расеяй... Хутчэй за ўсё, гэта былі або паліцэйскія, або служба бясьпекі. Яны суседзям не прадстаўляліся. Там іх было чацьвёра. З маёй практыкі гэта азначае затрыманьне. Каб кагосьці апытаць, нешта высьветліць, чатыры чалавекі не патрэбныя», — мяркуе праваабаронца.

Са словаў Рамана Кісьляка, Муравіцкаму ў Дэпартамэнце міграцыі спачатку прапанавалі зрабіць «візаран» (выехаць з Грузіі і ўехаць наноў). Тады нібыта ён быў бы ў бясьпецы ў краіне. Аднак праваабаронца мяркуе, што абяцаньне бясьпекі было толькі на словах. На ягоную думку, беларуса маглі б не ўпусьціць ў Грузію пасьля «візарана». Другі варыянт, на думку праваабаронцы, — Яўген мог бы нават не даехаць да мяжы Грузіі.

«Ён можа на мяжу не даехаць. Яму могуць дапамагчы. Ён можа паехаць, прыкладам, на мяжу з Армэніяй, або ў аэрапорт, або на мяжу з Турэччынай, а яго могуць па дарозе схапіць. Няма ж ніякай гарантыі. Яго ж шукалі ўжо. Такое ўжо было, на жаль. Вывозяць на мяжу, выводзяць на паласу і кажуць: „Ідзі туды“», — кажа Кісьляк.

Пра прапанову «візарана» ад міграцыйнай службы і падачу заявы на міжнародную абарону сам Яўген Муравіцкі таксама напісаў у сваіх сацыяльных сетках.

Яўген Муравіцкі паведаміў Свабодзе, што яму зноў ня выдалі ніякіх дакумэнтаў на рукі, як і пасьля затрыманьня. Ён таксама мяркуе, што прапанова «візарана» была для яго небясьпечная.

«Калі чалавека прыходзяць шукаць людзі бяз формы, відавочна, што так проста выехаць і ўехаць не атрымаецца», — выказаўся Муравіцкі.

28 лістапада прэм’ер-міністар Грузіі Іраклі Кабахідзэ заявіў, што грузінскі бок прыпыняе перамовы аб уступленьні краіны ў Эўразьвяз да 2028 году. Гэта выклікала масавыя пратэсты, якія працягваюцца ўжо пяцёра сутак ня толькі ў Тбілісі, але і ў іншых гарадах Грузіі. Паводле афіцыйных ацэнак, падчас пратэстаў было затрымана каля 200 чалавек, сярод якіх грамадзянін Беларусі Яўген Муравіцкі. Ён правёў за кратамі прыкладна двое сутак.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG