У Паседжаньні прынялi ўдзел кiраўнiкi вядучых дэпартамэнтаў усiх галоўных структур Рады Эўропы (Камiтэта мiнiстраў, Парлямэнцкай асамблеi, Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных органаў улады).
Беларускi бок прадстаўлялi сябры Аб’яднанага пераходнага кабiнэту, Каардынацыйнай рады, Офiса Сьвятланы Цiханоўскай, а таксама няўрадавых арганiзацый, якiя займаюцца рознымi галiнамi абароны правоў чалавека.
Прадстаўнік у міжнародным і эўрапейскім супрацоўніцтве АПК Уладзімер Астапенка, які быў удзельнікам паседжаньня, пракамэнтаваў вынікі размовы:
«У прыватнасьцi, было адзначана, што задача дэмакратызацыi Беларусi застаецца ў прыярытэце Рады Эўропы i абсалютная большасьць яе дзяржаў-удзельнiц актыўна падтрымлiваюць разьвiцьцё мэтавага супрацоўнiцтва зь беларускімi дэмакратычнымі сіламi на фоне татальнай iзаляцыi рэжыму Лукашэнкi.
Яркiм прыкладам такога падыходу стала запрашэньне дэлегацыi Каардынацыйнай рады да ўдзелу ў працы асноўных камiтэтаў Парлямэнцкай асамблеi Рады Эўропы, падрыхтоўка шматлікiх нарматыўных дакумэнтаў Рады Эўропы на беларускай мове, а таксама адкрыцьцё ў Вiльні Iнфармацыйнага пункту Рады Эўропы для беларусаў».
Астапенка таксама падрэсьліў, што ўдзельнікi выказалi сваю перакананасьць у тым, што адукацыйныя i ўсе iншыя элемэнты Пляну дзеяньняў спрыяюць эўрапэйскай пэрспэктыве для беларускага народу i «ствараюць падмурак для асэнсаваных крокаў, якiя спатрэбяцца ў новай дэмакратычнай Беларусi».
Рашэньне стварыць Кантактную групу Рады Эўропы па Беларусі было прынятае ў верасьні 2022 году. Першае паседжаньне адбылося ў лістападзе таго ж года. Зь беларускага боку ў групу ўвайшлі прадстаўнікі дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасьці.
Ад РЭ ў групе ўдзельнічаюць прадстаўнікі ўсіх палітычных структур, у тым ліку ПАРЭ і Офіса камісара ў правах чалавека.
У кастрычніку мінулага года Рада Эўропы дала беларускім дэмакратычным сілам асобны офіс у сваім будынку ў Страсбуры.
Што такое ПАРЭ і Рада Эўропы
- Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) — адзін з двух галоўных статутных органаў Рады Эўропы: кансультацыйны орган, які складаецца з прадстаўнікоў парлямэнтаў усіх дзяржаў-сяброў.
- ПАРЭ — найстарэйшы ў Эўропе орган міжпарлямэнцкага супрацоўніцтва, ён заснаваны 5 траўня 1949 году. Асамблея прымае рэзалюцыі і рэкамэндацыі на падставе дакладаў, якія рыхтуюцца дэпутатамі.
- Місія Рады Эўропы — адстойваць правы чалавека і падзел галінаў уладаў, спыніць сьмяротнае пакараньне на ўсім кантынэнце.
- Вярхоўны Савет Беларусі ў 1990-х гадах меў статус спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ, але пасьля рэфэрэндуму 1996 году гэты статус быў страчаны.
- Расея пасьля поўнамаштабнага нападу на Ўкраіну ў 2022 годзе сама выйшла з Рады Эўропы.
- Беларусь у 1993 годзе падала заяўку на далучэньне да Рады Эўропы, і Вярхоўны Савет Беларусі ў 1992 годзе атрымаў статус спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ, які страціў пасьля канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 году.
- Беларусь так і не ратыфікавала Канвэнцыю аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў Рады Эўропы, аднак Беларусь фармальна дагэтуль лічыцца кандыдатам на ўступленьне, а Рада Эўропы робіць шэраг захадаў для наладжваньня супрацоўніцтва зь Беларусьсю.
Форум