Артыкул у Euobserver.com называецца «Чаму ЭЗ павінен падтрымліваць Беларусь» і пачынаецца словамі:
«Беларусь — еўрапейская краіна. Яе людзі падзяляюць тыя ж каштоўнасьці, што і жыхары Варшавы, Парыжу і Бэрліну — свабода, годнасьць і самавызначэньне».
Аўтары ў пачатку згадваюць 2020 год, калі на вуліцы Менску, Горадні і Віцебску выйшлі беларусы, мірна пратэстуючы за дэмакратычную будучыню, і яны тады зрабілі свой выбар, каб Беларусь была свабоднай і незалежнай краінай.
«Але сёньня Беларусь знаходзіцца на раздарожжы. Падтрымліваючы Ўкраіну, нельга забываць і пра Беларусь.
Ці застанецца яна ў пастцы дыктатара, які служыць імпэрскім амбіцыям Расеі? Ці гэта намеціць новы курс у бок Эўропы і дэмакратыі?»,— задаюцца пытаньнямі аўтары.
Яны перакананыя, што дэмакратычная Беларусь будзе мець ключавое значэньне для забесьпячэньня доўгатэрміновага міру і стабільнасьці ва Ўсходняй Эўропе.
«З 2020 года Эўрапейскі зьвяз дэманструе непахісную падтрымку беларускаму народу. ЭЗ увёў некалькі пакетаў санкцый супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, накіраваных супраць асоб, адказных за рэпрэсіі супраць апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці і парушэньні правоў чалавека».
«ЭЗ таксама працягваў падтрымку беларускага народу. Ён выдзеліў больш за 140 мільёнаў эўра на дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасьці, незалежным СМІ і праваабаронцам. Ён адчыніў свае дзверы для беларусаў, якія ратуюцца ад перасьледу, прапаноўваючы візы і міжнародную абарону тым, хто мае патрэбу — па стане на 2022 год у ЭЗ пражывае больш за 400 000 грамадзян Беларусі».
Акрамя таго, ЭЗ паабяцаў выдзеліць 3 мільярды эўра на мірны дэмакратычны пераход у будучыні.
Аўтары заклікаюць ЭЗ падтрымліваць і ўмацоўваць гэтую палітыку: ізаляваць рэжым і падтрымліваць беларускі народ: узмацніць санкцыі, падтрымліваць намаганьні па прыцягненьні да рэжыму адказнасьці, падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасьць і дэмакратычныя сілы: праваабаронцы, незалежныя СМІ і дэмакратычныя сілы зьяўляюцца апорай супраціву.
«Ім патрэбна мэтанакіраваная дапамога — фінансавая, тэхнічная, палітычная — каб падтрымліваць полымя свабоды. Мы павінны супрацьстаяць дэзынфармацыі, падтрымліваць сем’і рэпрэсаваных і ўмацоўваць ініцыятывы, якія выхоўваюць нацыянальную ідэнтычнасьць», — пішуць аўтары.
Яны заклікаюць супрацьстаяць спробам Расеі сьцерці ідэнтычнасьць, культуру і мову Беларусі.
Аўтары заклікаюць надалей даваць беларусам магчымасьці жыць у краінах Эўразьвязу і дамагацца вызваленьня палітычных зняволеных.
«Самае галоўнае, мы павінны паказаць беларускаму народу яснае бачаньне эўрапейскай будучыні. Беларусы павінны ведаць, што аднойчы, калі яны будуць гатовыя, дзьверы ў Эўразьвяз будуць адчыненыя для ўступленьня іх краіны. Падтрымка ЕС дэмакратычнай Беларусі — гэта больш, чым проста маральнае абавязацельства — гэта стратэгічная неабходнасць».
Форум