Міжнародныя СМІ называюць гэтыя выбары «аднымі з самых важных» у сучаснай гісторыі Румыніі.
19 мільёнаў грамадзян Румыніі, якая ўваходзіць у Эўразьвяз і NATO, могуць скарыстацца сваім выбарчым правам.
Чакаецца, што ўльтраправыя і прарасейскія сілы краіны, якія атрымалі падтрымку на прэзыдэнцкіх выбарах, могуць перамагчы і на парлямэнцкіх, паведамляе Румынская служба Радыё Свабода.
Больш за 10 000 кандыдатаў зарэгістраваліся, каб змагацца за месцы ў двухпалатным парлямэнце — 329 месцаў у ніжняй палаце дэпутатаў і 136 месцаў у Сэнаце. Сярод удзельнікаў выбараў зарэгістраваная 31 палітычная партыя, альянс і 19 арганізацый нацыянальных меншасьцяў.
Апытанне AtlasIntel паказала, што ўльтраправы, ультранацыяналістычны Альянс за румынскае адзінства (AER) лідзіруе з падтрымкай 22,4%, трохі апярэджваючы кіроўную Сацыял-дэмакратычную партыю (SDP) з 21,4%.
AER займае антызаходнюю пазіцыю, ставячы пад сумнеў сяброўства Румыніі ў Эўрапейскім зьвязе і NATO.
Для праходжаньня ў парлямэнт палітычныя партыі павінны набраць не менш за 5% галасоў на нацыянальным узроўні. Палітычныя альянсы дзвюх партый павінны набраць 8%, альянсы трох партый — 9%, а альянсы чатырох і больш партый — 10%.
Раней Канстытуцыйны суд Румыніі пастанавіў правесьці паўторны падлік галасоў на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах пасьля таго, як прадстаўнікі Вышэйшай рады нацыянальнай абароны запатрабавалі ад уладаў «неадкладных» дзеяньняў, заявіўшы, што кандыдат на прэзыдэнцкіх выбарах Джарджэску атрымаў «асаблівае стаўленьне» з боку сацыяльнай сеткі TikTok. TikTok адмаўляе віну.
Кэлін Джарджэску, прарасейскі ультраправы незалежны кандыдат, нечакана перамог у першым туры выбараў 24 лістапада, набраўшы амаль 23% галасоў.
У другім туры 8 сьнежня ён павінен сустрэцца з празаходняй правацэнтрысцкай кандыдаткай Эленай Лясконі (яе падтрымалі больш за 19% удзельнікаў галасаваньня).
Прэм’ер-міністар Румыніі Марчэль Чаляку, які таксама ўдзельнічаў у прэзыдэнцкіх выбарах і называўся фаварытам у барацьбе за пасаду прэзыдэнта краіны, не прайшоў у другі тур. Ён заявіў аб неабходнасьці праверыць фінансаваньне кампаніі Джарджэску ў TikTok.
Форум