Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сырыйскія паўстанцы правялі маштабную атаку на ўрадавыя сілы на паўночным захадзе краіны


Баі на поўначы Сырыі каля Алепа
Баі на поўначы Сырыі каля Алепа

Сырыйскія паўстанцы распачалі шырокамаштабную атаку на раёны, якія кантралююцца ўрадавымі сіламі на паўночным захадзе Сырыі, заявілі 28 лістапада апазыцыйныя групы. Урад і яго саюзьнікі адказалі авіяўдарамі і абстрэламі, каб адбіць наступ паўстанцаў, паведамляе інфармацыйнае агенцтва АР.

Валянтэры Сырыйскай грамадзянскай абароны, вядомай як «Белыя каскі», заявілі, што сама меней 18 чалавек, у тым ліку трое дзяцей і дзьве жанчыны, былі забітыя ў дзьвюх розных вёсках на захадзе Алепа авіяўдарамі. Сырыйскі цэнтар назіраньня за правамі чалавека заявіў, што авіяўдары былі нанесеныя з расейскіх баявых самалётаў.

У сваёй заяве, на якую спасылаецца CNN, паўстанцы сьцьвярджаюць, што захапілі 13 вёсак, уключаючы стратэгічныя гарады Урм-ас-Сугра і Анджара, базу 46 (найбуйнейшая база рэжыму ў заходнім Алепа), а таксама зброю і транспартныя сродкі, якія належалі ўрадавым сілам. Яны заяўляюць, што наступ стаў адказам на атакі сырыйскіх і расейскіх вайскова-паветраных сілаў па цывільным насельніцтве на поўдні горада Ідліб.

Узброеныя сілы Сырыі 28 лістапада заявілі, што наступ зьяўляецца парушэньнем пагадненьня аб дээскаляцыі. У ім гаворыцца, што напады працягваюцца і нацэленыя на шэраг вёсак і ваенных базаў.

Паўстанцы заявілі, што іх наступ дазволіць вярнуцца тысячам перамешчаных асобаў, якія былі вымушаныя ратавацца ад урадавых бамбаваньняў у апошнія тыдні.

Міжнародны камітэт выратаваньня паведамляе, што сама меней 7000 сем’яў былі перамешчаныя з прычыны эскаляцыі баявых дзеяньняў.

Цяперашнія сутыкненьні называюць першым буйным узброеным канфліктам у рэгіёне за апошнія чатыры гады.

  • Цэнтрам супрацьстаяньня ўрадавых войскаў і груп узброенай апазыцыі Алепа стаў яшчэ з пачаткам грамадзянскай вайны ў Сырыі ў 2011 годзе. Пазьней да канфлікту падключыліся і іншыя бакі: Расея і Іран падтрымалі сырыйскія ўрадавыя сілы, а Турэччына ― апазыцыйныя Асаду групоўкі, якія кантралююць правінцыю Ідліб на паўночным захадзе краіны. У канцы 2019 году пры ўдзеле Расеі і Турэччыны было заключанае пагадненьне аб спыненьні агню.
  • Цяперашні наступ сырыйскіх паўстанцаў адбыўся ў момант, калі зьвязаныя з Іранам групоўкі, якія падтрымлівалі сырыйскія ўрадавыя сілы з 2015 году, былі занятыя канфліктам у Лібане і сэктары Газа.
  • Ізраіль і групоўка «Хэзбала», якую падтрымлівае Іран, былі ўцягнутыя ў вайну, якая абвастрылася зь верасьня. Пра спыненьне агню паміж Ізраілем і «Хэзбалой» было абвешчана 27 лістапада, у дзень, калі фракцыі сырыйскай апазыцыі абвясьцілі пра свой наступ.

Расея разам зь Іранам падтрымала сырыйскія ўрадавыя сілы неўзабаве пасьля таго, як антыўрадавыя пратэсты ў 2011 годзе перарасьлі ў вайну. Турэччына падтрымлівае шэраг апазыцыйных сіл і ўсталявала вайсковую прысутнаьсць у частках паўночна-заходняй Сырыі. Тым часам Злучаныя Штаты падтрымліваюць сілы сырыйскіх курдаў на ўсходзе краіны.

Турэччына заявіла ў чацьвер, што ўважліва сочыць за наступам апазыцыйных груповак на поўначы Сырыі. Неназваныя прадстаўнікі міністэрства абароны, якіх цытуе дзяржаўнае агенцтва Anadolu, заявілі ў чацьвер, што турэцкія вайскоўцы прынялі «належныя меры» для абароны сваіх войскаў у Сырыі.

Прадстаўнікі службы бясьпекі Турэччыны заявілі , што сырыйскія апазыцыйныя групоўкі першапачаткова пачалі «абмежаваны» наступ на Алепа, адкуль адбываліся напады на цывільных жыхароў. Аднак наступ пашырыўся, калі сырыйскія ўрадавыя сілы пачалі адступаць са сваіх пазыцый.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG