У Тбілісі, Кутаісі і Батумі пасьля заявы прэм’ер-міністра Грузіі Іраклія Кабахідзэ аб прыпыненьні перамоваў аб уступленьні краіны ў Эўразьвяз да 2028 году пачаліся акцыі пратэсту, паведамляе «Эхо Кавказа» і Paper Kartuli.
У Тбілісі і Кутаісі пратэстоўцы перакрылі дарогі ля офісаў кіроўнай партыі «Грузінская мара». У Тбілісі заблякавалі ўчастак праспэкта Руставэлі ля будынка парлямэнту Грузіі. Тэлеграм-канал Shot піша, што дэманстранты зьбіраюцца таксама ля будынку Адміністрацыі прэзыдэнта. Паводле зьвестак каналу, на праспэкце Руставэлі дзяжурыць спэцназ, некалькі чалавек затрымалі.
Канал Tbilis Life піша пра жорсткія сутыкненьні з паліцыяй у Кутаісі.
Удзельнікі акцыі ў Тбілісі заявілі, што рашэньне ўладаў аб прыпыненьні перамоваў з Эўразьвязам зьяўляецца здрадай інтарэсам краіны і парушэньнем артыкула 78 Канстытуцыі Грузіі, дзе замацавана імкненьне да эўрапейскай інтэграцыі. Паводле іх, падобныя дзеяньні ставяць пад пагрозу будучыню Грузіі і руйнуюць шматгадовыя намаганьні па збліжэньні з Эўропай.
Прэздэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі 28 лістапада заявіла, што сёньняшні дзень азнаменаваў «заканчэньне канстытуцыйнага перавароту; рухі ад Эўропы ў бок Расеі».
«Сёньня гэты нелегітымны ўрад аб’явіў вайну свайму народу, свайму мінуламу і сваёй будучыні. На гэтым шляху няма ні дзяржаўнага сувэрэнітэту Грузіі, ні яе незалежнасьці, ні яе будучыні, акрамя як у Расеі», — сказала яна.
Зурабішвілі таксама заклікала апазыцыю да адзінства: «Сёньня перад гэтым выклікам ці мы разам, ці нас ня будзе», — сказала яна.
- Летась у сьнежні Грузія атрымала статус кандыдаткі ў сябры Эўразьвязу. Аднак пасьля ўзмацненьня антызаходняй рыторыкі кіроўнай партыі ў Брусэлі заявілі пра замарожваньне працэсаў.
- 28 лістапада Эўрапарлямэнт зацьвердзіў рэзалюцыю, якая не прызнае вынікі парлямэнцкіх выбараў у Грузіі і заклікае да незалежнага, міжнароднага і празрыстага расьсьледаваньня абвінавачаньняў у маніпуляцыях з вынікамі галасаваньня 26 кастрычніка, а таксама да правядзеньня новых выбараў.
- Пасьля гэтага прэм’ер-міністар краіны Іраклі Кабахідзэ заявіў, што Грузія адмаўляецца ад перамоваў аб уступленьні ў Эўразьвяз да 2028 году. Да гэтага часу ўрад плянуе адмовіцца ад бюджэтных грантаў з боку Эўразьвязу. Паводле грузінскага прэм'ера, для Грузіі «абсалютна непрымальна» разглядаць інтэграцыю ў ЭЗ як «міласьціну, якую Эўрапейскі Зьвяз павінен нам даць».
Форум