Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 28 лістапада: распрацоўніка праграмнага забесьпячэньня для «Кібэрпартызанаў» асудзілі на «хімію»

абноўлена

Суд. Ілюстрацыйнае фота
Суд. Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў.

Распрацоўніка праграмнага забесьпячэньня для «Кібэрпартызанаў» асудзілі на 4,5 года «хіміі»

Менскі абласны суд вынес прысуд 28-гадоваму жыхару Барысава. Яго вінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу).

Як вынікае з паведамленьня пракуратуры, абвінавачанага асудзілі за распрацоўку праграмнага забесьпячэньня для групы «Кібэрпартызаны», якая была прызнаная ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваньнем».

Паводле вэрсіі абвінавачаньня, 18 студзеня 2023 году ён накіраваў у чат-бот «Кібэрпартызанаў» распрацаваную ім праграму, якая дазваляла шыфраваць файлы на кампутары карыстальніка. 28 студзеня ён жа адправіў «Кібэрпартызанам» інструкцыю «для актывацыі праграмы, якая зьяўлялася наборам драйвэраў для распрацоўкі праграмнага забесьпячэньня з мэтай фільтрацыі файлавай сыстэмы».

У судзе абвінавачаны прызнаў сваю віну. Яму прызначылі пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званая «хімія») на тэрмін 4 гады 6 месяцаў. Ноўтбук асуджанага канфіскавалі.

У Рэчыцы сем чалавек асудзілі за «распаўсюд экстрэмізму»

28 лістапада ў Рэчыцы разгледзелі 7 адміністрацыйных спраў за «распаўсюд экстрэмізму», паведамляе «Гомельская Вясна».

Судзьдзя Станіслаў Іванюценка разглядаў справы паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП у дачыненьні да Васіля Прыймы, Цыры Прыймы, Віктара Дземідовіча і Ірыны Князевай. Судзьдзя Юліяна Лунцэвіч за гадзіну разгледзела адразу тры «экстрэмісцкія» справы — у дачыненьні да Марыі Бензы, Тацяны Тужык і Натальлі Усьціменкі.

Цягам восені Рэчыца стала лідэрам па колькасьці затрыманьняў і судоў за «распаўсюд экстрэмізму». На сёньняшні дзень вядома пра сама меней 100 чалавек, асуджаных паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП.

Справу фігуранта справы «Рудабельскай паказухі» Аляксандра Чахоўскага адправілі на перагляд

10 сьнежня ў Берасьцейскім абласным судзе пачнуць разглядаць крымінальную справу ў дачыненьні да арт-мэнэджара Аляксандра Чахоўскага, паведамляе «Вясна».

Раней яго судзілі разам зь пяцьцю іншымі фігурантамі справы «Рудабельскай паказухі» — у справе фігуравалі ажно 14 артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

У выніку блогер Андрэй Павук завочна быў асуджаны на 12 гадоў пазбаўленьня волі, яго жонка Вольга Павук — на 8 гадоў, опэрная сьпявачка Маргарыта Ляўчук, блогер Ільля Салянкоў і фронтмэн мэтал-гурту Gods Tower Уладзіслаў Наважылаў — ад 6 да 8 гадоў пазбаўленьня волі. Аляксандар Чахоўскі быў асуджаны на 3 месяцы арышту.

Стала вядома, што Вярхоўны суд адмяніў прысуд у дачыненьні да Чахоўскага і адправіў ягоную справу на перагляд.

Працэс будзе ўзначальваць судзьдзя Сяргей Беразюк.

Суд у Менску за камэнтары над бацькам траіх дзяцей

У Менскім гарадзкім судзе разглядаюць справу Аляксея Зачапілы паводле ч. 1 арт. 130 КК («Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці»). Сутнасьць абвінавачаньня невядомая, але мяркуецца, што справа тычыцца камэнтароў.

Працэс вядзе Аляксандар Рудэнка. Аляксея затрымалі разам з жонкай Людмілай Ліхачэўскай у сакавіку сёлета. Іх зьмясьцілі пад варту, нягледзячы на тое, што ў пары трое дзяцей, адзін зь якіх непаўналетні.

У ліпені ў судзе Маскоўскага раёну Менску разглядалі пазоў упраўленьня адукацыі да Аляксея і Людмілы аб спагнаньні грошай на ўтрыманьне дзяцей, пакуль бацькі пад вартай.

У Наваполацку працягваюцца суды за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе

У судзе г. Наваполацку з 18 лістапада адбываецца групавы суд паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або ўдзел у іх»). За ўдзел у акцыях пратэсту судзяць Натальлю Казлову, Канстанціна Панамарова і Рамана Прыходзьку.

Іх справу разглядае Віталь Лапко.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG