Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЭФА прысудзіла Косаву паразу ад футбольнай зборнай Румыніі, але аштрафавала румынскую фэдэрацыю


Канфлікт паміж румынскімі (у жоўтым) і косаўскімі футбалістамі падчас матчу ў Бухарэсьце 15 лістапада
Канфлікт паміж румынскімі (у жоўтым) і косаўскімі футбалістамі падчас матчу ў Бухарэсьце 15 лістапада

Эўрапейская футбольная канфэдэрацыя УЭФА залічыла Косаву паразу ў гульні Лігі нацый, пасьля таго як каманда сышла з поля да канца гульні. Супернікаў Косава, Румынію, пакаралі за «крычалкі» заўзятараў.

Пра гэта паведамляе Associated Press.

15 лістапада каманда Косава адмовілася гуляць у дадатковы час другога тайму гульні ў Бухарэсьце пры ліку 0-0, пачуўшы прасэрбскія выкрыкі румынскіх заўзятараў. Матч быў спынены, адбылася бойка паміж гульцамі двух бакоў, і гульцы Косава сышлі з поля.

У выніку Румынія атрымала стандартную перамогу зь лікам 3-0. Пры гэтым УЭФА загадала Румыніі згуляць сваю першую хатнюю гульню ў адборачнай групе чэмпіянату сьвету ў наступным годзе на пустым стадыёне. Гэта стала пакараньнем за «расісцкія» крычалкі румынскіх фанатаў на адрас суседняй Вугоршчыны.

Вынік па змаўчаньні і тое, што Румынія атрымала тры пункты, не паўплывала на выніковае становішча ў групе Лігі нацый на ўзроўні С. Нават калі б каманда Косава перамагла ў тым матчы зь лікам 3:0, Румынія ўсё адно захавала б першае месца ў групе.

Аднак тое, што Румынія набрала 18 пунктаў замест 16, падняло яе вышэй за Швэцыю і Паўночную Македонію ў рэйтынгу пераможцаў груп Лігі нацый. Гэта можа стаць ключавым фактарам у лістападзе наступнага году, калі будуць завершаныя заяўкі на ўдзел у плэй-оф кваліфікацыі чэмпіянату сьвету.

УЭФА таксама аштрафавала румынскую футбольную фэдэрацыю на 128 тысяч эўра па шэрагу абвінавачаньняў, зьвязаных з «ксэнафобскімі антывугорскімі крычалкамі» і «правакацыйнымі палітычнымі паведамленьнямі, непрыдатнымі для спартовых мерапрыемстваў».

Румынія не прызнае абвешчаную ў 2008 годзе незалежнасьць Косава ад Сэрбіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG