Затрыманьне ў Мазыры
33-гадовая жыхарка Мазыра апублікавала ў TikTok ролік пра супрацоўніка мясцовай ДАІ, у выніку яе затрымалі, піша «Медиазона» са спасылкай на праўладны тэлеграм-канал.
Як пішуць аўтары публікацыі, жанчына зьняла на відэа, як адыходзіць ад машыны ДАІ, а потым наклала на відэа «дарожку» зь іншага роліка. У выніку відэа палічылі абразьлівым.
У міліцыі праверылі тэлефон затрыманай мазыранкі і знайшлі там «сувязь з экстрэмізмам».
На жанчыну склалі некалькі адміністрацыйных пратаколаў; паводле якіх артыкулаў, не паведамляецца.
Траіх жыхароў Наваполацка будуць судзіць паводле крымінальнага артыкулу за пратэсты 2020 году
Траіх жыхароў Наваполацка будуць судзіць за нібыта «грубае парушэньне парадку» (артыкул 342 КК) пры ўдзеле ў пратэстах 2020 году, піша тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю».
У панядзелак 18 лістапада суд у Наваполацку пачаў разглядаць справы Канстанціна Панамарова, Рамана Прыходзькі і Натальлі Казловай.
Іх справу будзе разглядаць судзьдзя Віталь Лапко.
Віцябляніна судзяць за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні»
56-гадовы віцяблянін Ёсіф Дулеба у мінулым узначальваў віцебскую арганізацыю БНФ, але ў пачатку 2000-х адышоў ад партыйных спраў.
Яго затрымалі на пачатку траўня 2024 году, піша «Вясна». Спачатку яго арыштавалі на 15 дзён па адміністрацыйным артыкуле, затым перавялі ў СІЗА ў крымінальнай справе.
Пазьней КДБ унёс у сьпіс «экстрэмісцкіх фармаваньняў» шэраг мэдыярэсурсаў праекту FreeInfoBel, а таксама «Білорусь 2.0 Робимо Разам».
Камітэт пералічыў канкрэтных людзей, якія, на іх думку, маюць дачыненьне да праектаў, у тым ліку ўключыўшы і Ёсіфа. Цяпер палітвязьня абвінавачваюць ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні» (ч. 3 арт. 361-1 КК).
Яго справу будуць разглядаць 26 лістапада ў Віцебскім абласным судзе. Працэс будзе весці судзьдзя Яўген Буруноў.
Форум