Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская назвала «тэрарыстычным актам» расейскі удар па Ўкраіне і заклікала даць Кіеву «ўсё неабходнае» для перамогі


Наступствы расейскага ўдару ў Мікалаеве. 17 лістапада.
Наступствы расейскага ўдару ў Мікалаеве. 17 лістапада.

«Яўным тэрарыстычным актам» назвала лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская інтэнсіўны ўдар Расеі па Ўкраіне 17 лістапада.

Гэты ўдар, напісала Ціханоўская ў сацсетцы Х, накіраваны «супраць цывільнага насельніцтва і крытычна важных аб’ектаў інфраструктуры».

«Украіна павінна атрымаць усё неабходнае для перамогі. Беларусы падтрымліваюць Украіну ў яе гераічнай барацьбе за свабоду», — напісала Ціханоўская.

У ноч на 17 лістапада Расея атакавала Украіну ракетамі і дронамі, мэтай удару сталі ў асноўным аб’екты крытычнай інфраструктуры. Украінскія ўлады назвалі атаку адной з найбуйнейшых з пачатку вайны.

Як паведаміў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, расейскія войскі ў ноч на 17 лістапада выкарыстоўвалі для ўдару па Ўкраіне каля 120 ракет і 90 дронаў. Паводле яго, сілам СПА ўдалося паразіць больш як 140 паветраных цэляў. Удары наносіліся найперш па аб’ектах энэргетычнай інфраструктуры. У шэрагу абласьцей — Адэскай, Валынскай, Вінніцкай, Запароскай — гэтым аб’ектам быў нанесены істотны ўрон. У многіх абласьцях уведзены рэжым экстраных адключэнняў электраэнэргіі, заявіў міністар энэргетыкі Ўкраіны Герман Галушчанка.

Міністар замежных справаў Украіны Андрэй Сібіга назваў сёньняшнюю атаку па энергетычнай інфраструктуры адной з найбуйнейшых за ўсю гісторыю цяперашняй вайны. «Гэта сапраўдны адказ ваеннага злачынца Пуціна ўсім, хто нядаўна тэлефанаваў яму і прыяжджаў да яго. Нам патрэбен мір, якога можна дасягнуць сілай, а не ўгаворамі», — напісаў ён у сацсетцы Х.

Паведамляецца аб пяці загінулых. У Мікалаеве пры нападзе БПЛА загінулі дзве жанчыны, мужчыны 41 і 44 гадоў загінулі ў Адэскай вобласьці, у Львоўскай вобласьці забіта 66-гадовая пэнсіянэрка. Паведамляецца таксама аб вялікай колькасьці параненых.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG