Пра гэта піша ў аналізе журналіст Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Майкл Сколан.
Так званая «Сіняя сьцяна», шэраг штатаў, дзе дэмакраты традыцыйна атрымлівалі перамогу, становіцца важным фактарам на выбарах у ЗША. Падтрымка Дональда Трампа расьце на фоне трывогі амэрыканцаў наконт міграцыі і высокіх цэнаў на жыцьцё.
Чакалася, што кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі, віцэ-прэзыдэнтка Камала Гарыс мусіць перамагчы ў ключавых «хісткіх» штатах Мічыган, Вісконсін і Пэнсыльванія, вядомых як «Сіняя сьцяна», у якіх дэмакраты (сіні — колер Дэмакратычнай партыі, чырвоны — Рэспубліканскай. — РС) традыцыйна перамагалі. Але ўжо празь некалькі гадзін тэлеканал Fox News першым абвясьціў Трампа пераможцам у Пэнсыльваніі і Вісконсіне, што дало яму дастаткова выбарчых галасоў для заяўкі на перамогу па ўсёй краіне. Гарыс, якой трэба было б выйграць ва ўсіх трох штатах «Сіняй сьцяны», каб забяспечыць прэзыдэнцтва, таксама адставала ў Мічыгане.
Прафэсар права зь Мічыганскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Браян Кэлт падкрэсьліў, што ўжо трэція выбары запар папярэднія сацыялягічныя апытаньні недаацэньваюць падтрымку Трампа.
Пітэр Скеры, прафэсар палітычных навук Бостанскага каледжу, сказаў, што абодва бакі — дэмакраты і рэспубліканцы — былі гатовыя аспрэчваць вынік не на іхную карысьць і што «цалкам магчыма, што гэтыя [выбары] могуць зацягнуцца».
Вынікі ў некаторых «хісткіх» штатах, такіх як заходні штат Нэвада, паступалі павольна. Рэбэка Гіл, дацэнт палітычных навук Унівэрсытэту Нэвады ў Лас-Вэгасе, сказала да таго, як інфармацыйныя агенцтвы пачалі аб’яўляць пра перамогу Трампа на выбарах, што бюлетэні раньняга галасаваньня і тыя, што былі дасланыя поштай, могуць атрымаць павышаную ўвагу.
«У папярэдніх выбарах гэта ня мела вялікага значэньня, бо перавага ў галасах аказвалася большай за колькасьць такіх бюлетэняў, — сказала Гіл. — Няясна, ці будзе так і гэтым разам».
Нягледзячы на важнасьць міжнародных пытаньняў, асабліва ў дачыненьні да канфліктаў на Блізкім Усходзе і вайны Расеі супраць Украіны, на гэтых выбарах амэрыканцы аддавалі перавагу ўнутраным праблемам, такім як міграцыя і выдаткі на жыцьцё. Паводле Пітэра Скеры, гэта тыпова для прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША.
Па словах Рэбэкі Гіл, пытаньне рэпрадуктыўных правоў, калі выбарнікі ў 10 штатах вырашалі, ці ўключаць права на аборт у канстытуцыі сваіх штатаў, было вялікім матыватарам для жанчын галасаваць, незалежна ад партыйнай прыналежнасьці.
Перад выбарамі многія выбарнікі і палітыкі выказвалі асьцярогі, што пасьля галасаваньня магчымыя палітычныя закалоты, асабліва ў выпадку цеснага фінішу.
Пітэр Скеры кажа, што абодва бакі былі «падрыхтаваныя» да магчымага гвалту, а Злучаныя Штаты перажываюць «напружаную і небясьпечную эпоху».
Паводле Рэбэкі Гіл, сытуацыя «была вельмі напружанай», а ўлады некаторых штатаў, у тым ліку спрэчных штатаў Джорджыі і Мічыгану, паведамлялі пра пагрозы выбухаў, якія прыпісваюцца расейскім крыніцам. Разам з тым, паводле экспэрткі, пра «шырокі распаўсюд гвалту» гаварыць не выпадае, а альтэрнатыўныя варыянты галасаваньня, такія як датэрміновае галасаваньне, зьменшылі колькасьць людзей на выбарчых участках, што магло б павялічыць імавернасьць канфлікту.
Прэзыдэнцкія выбары ў ЗША 2024 году
- За перамогу змагаліся два палітыкі: былы прэзыдэнт, 78-гадовы Дональд Трамп, кандыдат ад Рэспубліканскай партыі, і віцэ-прэзыдэнтка, 60-гадовая Камала Гарыс, кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі. Па выніках выбараў Дональд Трамп забясьпечыў сабе вяртаньне ў Белы дом.
- Дональд Трамп балятаваўся на пасаду трэці раз. У 2020 годзе ён прайграў Джо Байдэну.
- Трамп стаў другім прэзыдэнтам у гісторыі, які выйграў выбары пасьля перапынку ў кадэнцыях. Адзіным прэзыдэнтам, які дасягнуў гэтага, быў Гровэр Кліўлэнд, яшчэ ў канцы XIX стагодзьдзя.
- Камала Гарыс замяніла Джо Байдэна на выбарах ад Дэмакратычнай партыі. Гэта адбылося пасьля ягонага кепскага выступу на дэбатах з Дональдам Трампам, які падкрэсьліў, што ёсьць прычыны для занепакоенасьці ягоным узростам.
- Гарыс падкрэсьлена падтрымлівала права на аборты пасьля рашэньня Вярхоўнага суду ў 2022 годзе, якое спыніла канстытуцыйнае права на аборты. Гарыс назвала Трампа «пагрозай для дэмакратыі», адзначыўшы ягоную ролю ў нападзе 6 студзеня на Капітолій ЗША і яго адмову прызнаць пройгрыш Байдэну ў 2020 годзе.
- Трамп жа заявіў, што на другім магчымым тэрміне ён зробіць больш для паляпшэньня эканомікі, спыніць хвалю мігрантаў і будзе больш жорсткім у адносінах да супернікаў ЗША, такіх як Кітай.
- Гарыс заявіла, што будзе працягваць палітыку Байдэна ў дапамозе Ўкраіне. Трамп паставіў пад сумнеў падтрымку Ўкраіны, заявіўшы, што Эўропа павінна несьці асноўную частку цяжару падтрымкі Кіева ў змаганьні супраць расейскага ўварваньня.
- Свабода аналізавала, чаму вынік выбараў у ЗША залежыць ад «хісткіх штатаў». Усяго такіх штатаў сем: Пэнсыльванія, Мічыган, Вісконсін, Арызона, Нэвада, Джорджыя і Паўночная Караліна. У 38 штатах адна і тая ж партыя атрымлівае большасьць галасоў на кожных прэзыдэнцкіх выбарах з пачатку XXI стагодзьдзя, часта зь вялікай перавагай. Толькі 12 штатаў «зьмянялі перавагі» хаця б раз з 2000 году.
- У некаторых штатах адна партыя дамінуе яшчэ даўжэй, напрыклад у Мінэсоце з 1976 году большасьць галасоў стабільна атрымлівае кандыдат ад дэмакратаў, а ў Тэхасе з 1980 году перамагае рэспубліканец.
- Таксама ў лістападаўскай кампаніі 2024 году перавыбіраецца траціна Сэнату і ўвесь склад Палаты прадстаўнікоў.
- Сэнат зацьвярджае на пасадах прызначэнцаў прэзыдэнта, у тым ліку судзьдзяў усіх узроўняў, і ратыфікуе міжнародныя пагадненьні. Кожны штат прадстаўляюць два сэнатары — усяго іх сто, тэрмін паўнамоцтваў — шэсьць гадоў. Барацьба ідзе за 34 месцы са 100 наяўных.
- Палата прадстаўнікоў традыцыйна адыгрывае ключавую ролю ў працы над бюджэтам ЗША і сфэрай падаткаў, а таксама мае права ініцыяваць працэдуру імпічмэнту фэдэральным службовым асобам, уключаючы прэзыдэнта. Цяпер у Палаце засядаюць 435 кангрэсмэнаў, тэрмін кадэнцыі якіх складае два гады. Яны прадстаўляюць 50 штатаў, а таксама Фэдэральную акругу Калюмбія (мае дарадчы голас) і пяць тэрыторый ЗША.
Форум