Амэрыканская фінансавая кампанія сыстэма Mercury, якая дапамагае з банкаўскімі паслугамі стартапам, разаслала лісты кліентам з шэрагу краін аб спыненьні абслугоўваньня іх рахункаў, паведамляе партал TechCrunch са спасылкай на прадстаўнікоў банка. У сьпіс краінаў, сярод іншага, трапіла Беларусь.
Таксама кампанія спыняе абслугоўваньне кліентаў з Расеі, Украіны, Ірану, Кубы, Лібіі, Паўночнай Карэі, Сырыі і некаторых іншых краін. Агулам пад забарону на абслугоўваньне трапілі рэзыдэнты 37 краін.
Асноўнай прычынай блякаваньня банк называе санкцыі ЗША, а таксама факты карыстаньня плацежнай сыстэмай Mercury і завядзеньня рахункаў у банку з боку рэзыдэнтаў і кампаній з «рызыкоўных краін», якія тым самым маглі абыходзіць санкцыйныя абмежаваньні.
Праз гэта ўлады ЗША раней пачалі праверку ў дачыненьні да Mercury.
Плятформа Mercury створана ў 2017 годзе для анлайн абслугоўваньня стартапаў і прадпрыемстваў, арыентаваных на тэхналёгіі. Кампанія не зьяўляецца банкам, але працуе з пастаўшчыкамі банкаўскіх паслуг для наданьня банкаўскіх рахункаў і іншых фінансавых паслуг. Гэта свайго роду бізнэс-банкінг без камісій, які лепш за ўсё падыходзіць для ўладальнікаў малога бізнэсу. Mercury сумяшчае ў сабе магчымасьці разьліковых і ашчадных рахункаў.
Форум