20 ліпеня ў Кіеве людзі прынесьлі кветкі да манумэнта, устаноўленага 4 чатыры гады таму непадалёк ад месца гібелі Паўла Шарамета памятнага знаку ў выглядзе белага аркуша паперы з імем журналіста.
Нягледзячы на шматлікія экспэртызы, допыты больш за 1000 чалавек, канфіскацыю відэа з камэр назіраньня аб’ёмам больш за 150 тэрабайт, на працягу трох гадоў у справе аб забойстве Шарамета не было ніводнага афіцыйнага падазраванага.
У 2019 годзе ўкраінскае сьледзтва назвала імёны падазраваных у выкананьні злачынства: гэта вайскоўцы Андрэй Антоненка і Яна Дугар, а таксама дзіцячая лекарка Юлія Кузьменка. Віну яны не прызналі.
24 студзеня 2024 году стала вядома, што ўкраінскі суд прыпыніў разгляд справы аб забойстве Шарамета, бо абвінавачаныя цяпер ваююць у войску. Справу не будуць разглядаць да дэмабілізацыі адной з абвінавачаных Яны Дугар.
Вэрсіяў забойства Шарамета было некалькі: прафэсійная дзейнасьць, непрыязныя адносіны з «пэўнымі людзьмі», «расейскі сьлед» — спроба дэстабілізаваць сытуацыю ў Кіеве напярэдадні мерапрыемстваў з нагоды гадавіны Хросту Ўкраіны, а таксама «беларускі сьлед» — паводле матэрыялаў, якія ўкраінскаму сьледзтву перадаў былы намесьнік камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз» Ігар Макар.
Акрамя гэтага, разглядалі вэрсію замаху на грамадзянскую жонку Шарамета — кіраўніцу «Української правди» Алену Прытулу, якой належаў аўтамабіль.
Справу аб арганізатарах, заказчыках і мэханізмах выкананьня злачынства іншымі саўдзельнікамі адасобілі ад справы аб выканаўцах у чэрвені 2020 году. Але дагэтуль сьледзтва нічога не паведаміла ні аб выніках экспэртызы, ні аб прасоўваньні ў расьсьледаваньні «беларускага сьледу».
Павал Шарамет нарадзіўся і вырас у Беларусі, працаваў спачатку ў Менску, потым у Расеі, у 2014 годзе пераехаў у Кіеў. Пачаў супрацоўнічаць з выданьнем «Українська правда» і вёў ранішнія праграмы на «Радио Вести», на этэр якога ён ехаў у дзень гібелі.
Форум