«Гомельская Вясна» зьвярнула ўвагу, якія вакансіі ёсьць у пэнітэнцыярных установах на Гомельшчыне.
У жаночую ПК № 4 У Гомлі шукаюць кантралёраў – жанчын ад 19 да 35 гадоў. Чым абумоўлены ўзроставы цэнз – не ўдакладняецца.
У папраўчай калёніі № 24 у Гомельскай вобласьці на палову стаўкі шукаюць апэратара цеплавога пункта з прафэсійна-тэхнічнай адукацыяй. Заробак 400 рублёў. Акрамя таго, у гэтую ўстанову патрэбны электраманцёр на поўную стаўку – 950 рублёў.
У гомельскім СІЗА № 3 за 1000 рублёў на месяц шукаюць інжынэра-энэргетыка.
Яшчэ вакантнае месца на палову стаўкі на пасадзе «спэцыяліст па абароне дзяржаўных сакрэтаў». Сюды шукаюць асобу з вышэйшай адукацыяй. Заробак – 600 рублёў.
«Свабода» паглядзела яшчэ попыт на вакансіі ў пэнітэнцыярных установах Беларусі і іх расцэнкі.
Шклоўская, Наваполацкая і Магілёўская калёніі шукаюць «начальніка атраду аддзелу папраўчага працэсу» – з вышэйшай адукацыяй, стаўка 1700-1800 рублёў, прэміі, льготнае крэдытаваньне, пэнсія ў 48 гадоў. Вопыт працы не патрабуецца.
У Бабруйскую калёнію патрабуецца выхавацель для працы зь непаўнагадовымі, туды таксама можна без папярэдняга вопыту.
Начальніку атрадаў у Навасадах абяцаюць 2000-2200 рублёў, кампэнсацыю за жытло, рэгулярныя прэміі.
Да кантралёра папраўчай установы ў Ветцы патрабаваньне адно – адсутнасьць судзімасьці, заробак 1700-1800.
Кантралёру ў Жодзіне плацяць менш – 1600. Аднак абяцаюць прэміі.
Для ахоўніка ў Магілеўскай калёніі адсутнасьць судзімасьці не патрабуюць. Там 7 вакантных месцаў.
У Воршу за 1800 рублёў патрабуюць псыхоляга, але толькі мужчыну да 30 гадоў.
«Гомельская вясна» зьвяртае ўвагу на тое, што вакансіі не аплочваюцца на належным узроўні. Аднак паўсюль абяцаюць рэгулярныя прэміі, не ўдакладняючы, за што заахвочваюць працаўнікоў.
А як аплочваецца праца зьняволеных
Згодна з Крымінальна-выканаўчым кодэксам Беларусі, зьняволеныя абавязаныя працаваць падчас адбываньня пакараньня (артыкул 98). Аднак праваабаронцы заўсёды зьвярталі ўвагу на прыкметы прымусовай працы.
З асуджанымі не заключаюцца працоўныя дамовы. Іх праца не аплачваецца належным чынам, да таго ж зь іх вылічваюць выдаткі на харчаваньне, сродкі гігіены, камунальныя паслугі і казённае адзеньне. Таму заробкі зьняволеных вельмі часта проста мізэрныя.
Напрыклад, журналістка Дар'я Чульцова пасьля вызваленьня расказвала, што за месяц працы ў гомельскай калёніі зарабіла 41 рубель, але фактычна атрымала каля 10 рублёў, бо 30 вылічылі. Але гэта яшчэ далёка ня самы нізкі заробак вязьняў.
Экс-кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка, які ў наваполацкай калёніі працаваў апальшчыкам, расказваў, калі яшчэ зь ім была сувязь, што за месяц зарабіў 6 рублёў 41 капейку. А пасьля ўсіх адлічэньняў атрымаў толькі 1 рубель 60 капеек.
Форум