Беларуская лідэрка Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася зь міністрам замежных справаў Армэніі Араратам Мірзаянам у Вільні.
Падчас дыялёгу бакі абмеркавалі палітычную сытуацыю ў Беларусі, Армэніі і рэгіёне, а таксама супрацоўніцтва дэмакратычных сілаў з урадам, парлямэнтам і грамадзянскай супольнасьцю Армэніі.
Асобна Ціханоўская і Мірзаян пагаварылі пра становішча беларусаў і беларусак у Армэніі, а менавіта — пра невыдаваньне беларускіх грамадзянаў на запыт рэжыму.
Напрыканцы сустрэчы беларуская лідэрка выказала спадзяваньне на працяг шчыльнага супрацоўніцтва паміж Армэніяй і дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Ціханоўская падкрэсьліла: народы Армэніі і Беларусі заслугоўваюць свабоднае, дэмакратычнае, эўрапейскае будучыні.
Сустрэча Ціханоўскай і Мірзаяна адбылася на фоне напружаных адносін паміж Ерэванам і афіцыйным Менскам.
12 чэрвеня прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян на сустрэчы з дэпутатамі парлямэнту заявіў, што краіна выйдзе з АДКБ.
На той жа сустрэчы Пашыньян адзначыў, што ніякія афіцыйныя асобы Армэніі ня будуць наведваць Беларусь, пакуль Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе.
«Адзін з чальцоў АДКБ заяўляе, што ўдзельнічаў у падрыхтоўцы 44-дзённай вайны (у Карабаху), заахвочваў, верыў і жадаў перамогі Азэрбайджана. І пасьля гэтага я павінен абмяркоўваць з кіраўніком Беларусі нейкія пытаньні ў фармаце АДКБ?» — сказаў Пашыньян у парлямэнце.
Гэтыя выказваньні Нікола Пашыньяна выклікалі дыпляматычны крызіс між Беларусьсю і Армэніяй — абодва бакі адклікалі сваіх дыпляматаў для кансультацый.
14 чэрвеня афіцыйны Ерэван выказаў Беларусі пратэст праз «умяшаньне ва ўнутраныя справы» Армэніі.
Форум