Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Канкурэнцыя за студэнтаў-платнікаў». Чаму ў Беларусі закрываюць прыватныя ВНУ


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

БІП — Унівэрсытэт права і сацыяльна-інфармацыйных тэхналёгій закрываецца з 30 жніўня. Прыгадалі, якія яшчэ прыватныя ВНУ былі ў Беларусі і чаму яны пазакрываліся.

Заснавальнік і кіраўніцтва БІП — Унівэрсытэту права і сацыяльна-інфармацыйных тэхналёгій — прынялі рашэньне аб закрыцьці ўнівэрсытэту. Студэнтаў абяцаюць перавесьці ў іншыя ВНУ. Унівэрсытэт закрыецца 30 жніўня.

БІП — найстарэйшая прыватная ВНУ Беларусі, яе адкрылі ў 1990 годзе. Тады ўстанова называлася Менская вышэйшая юрыдычная школа Саюзу юрыстаў БССР. У тым жа 1990-м адбыўся першы набор студэнтаў, толькі на завочную форму. А праз год — і на стацыянарнае навучаньне. ВНУ стварыў навуковец Сьцяпан Сокал. Да 2004 году ён быў яго рэктарам, потым — старшынём рады, яшчэ пазьней — дарадцам рэктара.

У ліпені 1991 году ўнівэрсытэт стаў называцца Беларускі інстытут правазнаўства. Адкрыліся філіялы ў Магілёве, Баранавічах і Горадні. Пэўны час правазнаўства было асноўнай спэцыяльнасьцю. Пазьней адкрыліся спэцыяльнасьці «Міжнароднае права», «Бухгальтарскі ўлік, аналіз і аўдыт», «Псыхалёгія», «Паліталёгія», «Транспартная лягістыка» ды іншыя.

У 2017 годзе рэктар БІП Сьцяпан Сокал станоўча выказваўся пра ўдзел Беларусі ў Балёнскім працэсе. Таксама ён гаварыў пра плюсы большай самастойнасьці для ВНУ.

У 2020 годзе БІП стаў унівэрсытэтам. А ў сьнежні таго ж году Сьцяпан Сокал пайшоў з жыцьця. На сайце ўнівэрсытэту гаворыцца, што апошнім часам тут навучаліся каля 4 тысяч студэнтаў.

З чым зьвязанае закрыцьцё, не паведамляецца.

БІП ня першая прыватная ВНУ, якую закрылі пасьля 2020-га.

МІУ: Забастоўка студэнтаў і закрыцьцё ВНУ

Студэнты Менскага інавацыйнага ўнівэрсытэту абвяшчалі, што пачынаюць забастоўку. Архіўнае фота.
Студэнты Менскага інавацыйнага ўнівэрсытэту абвяшчалі, што пачынаюць забастоўку. Архіўнае фота.

З гэтага году закрыўся таксама Менскі інавацыйны ўнівэрсытэт. Але ўжо ў 2022-м ВНУ не праводзіла набору абітурыентаў.

А ў 2019-м тут баставалі студэнты. 6 лістапада таго году стала вядома, што ВНУ не працягнуць акрэдытацыю, і студэнты сабраліся ў сьценах унівэрсытэту з плякатамі і лёзунгамі.

Пазыцыя Мінадукацыі была такая: акрэдытацыя была плянавая і праводзіцца ва ўсіх ВНУ не радзей як раз на пяць гадоў. У выніку яе правядзеньня ў МІУ, у прыватнасьці, было адзначана, што тэрмін атрыманьня вышэйшай адукацыі ў завочнай (дыстанцыйнай) форме не адпавядае патрабаваньням адукацыйных стандартаў.

Таксама ў ведамстве адзначалі, што «дзеяньне кіраўніцтва ВНУ ў падбухторваньні студэнтаў да забастовак, маніпуляваньні грамадзкай думкай разглядаецца як спроба адысьці ад вырашэньня пытаньня па сутнасьці».

Па факце амаль усіх студэнтаў МІУ перавялі ў іншыя ВНУ яшчэ ў 2022 годзе. Менскі інавацыйны ўнівэрсытэт працаваў з 1991-га, у 2022-м меў 11 праграмаў навучаньня.


Міжнародны гуманітарна-эканамічны інстытут: адлічвалі за палітыку, а пасьля аднаўлялі

Гэтая прыватная ВНУ адкрылася ў Беларусі ў 1994 годзе. Студэнтаў рыхтавалі па спэцыяльнасьцях: «Псыхалёгія», «Міжнародныя адносіны», «Правазнаўства», «Паліталёгія». З 2019 году сайт унівэрсытэту не абнаўляецца. Вядома, што ў 2021 годзе ўстанова была ў статусе ліквідацыі.

Падчас выбарчай кампаніі 2010 году з гэтай ВНУ адлічылі студэнта Ўладзімера Кумца, сябра выбарчай кампаніі Ўладзімера Някляева.

«Дзяржава выціскае ўвесь прыватны сэктар з адукацыі»

Андрэй Лаўрухін
Андрэй Лаўрухін

Паводле экспэрта ў сфэры адукацыі, навук і інавацый Андрэя Лаўрухіна, прыватныя ВНУ ў Беларусі не стваралі канкурэнцыі дзяржаўным. Адсотак студэнтаў там заўжды быў малы. А цяпер канкурэнцыя абвастрылася.

«Яны не маглі складаць нейкай канкурэнцыі, не стваралі нейкай пагрозы для дзяржаўных ВНУ. Аднак цяпер дзяржава не спрыяе разьвіцьцю вышэйшай адукацыі і людзі маглі б пайсьці ў прыватныя ВНУ. Гэтае закрыцьцё адбываецца праз два чыньнікі. У ВНУ фармуецца сьветапогляд, у тым ліку ў палітычных пытаньнях. Для дзяржавы цяжка гэта кантраляваць. А другі чыньнік — фінансавы. Дзяржава павышае колькасьць бюджэтных месцаў, а платных — зьніжае. Абвастрылася канкурэнцыя за студэнтаў-платнікаў», — мяркуе Андрэй Лаўрухін.

Закрыцьцё прыватных ВНУ для грамадзтва — кепскі паказчык, мяркуе экспэрт. Запыт на платную адукацыю ў прыватныя ВНУ быў, быў выбар, дзе яе атрымліваць.

«Гэта яшчэ адзін прыклад таго, што вышэйшая адукацыя становіцца больш дзяржаўнай. Хочуць поўнасьцю зьнішчыць у нуль прыватны сэктар, каб нічога не было. Бо нават калі іх мала, яны ўсё адно могуць стварыць выспу іншадумства ва ўяўленьні дзяржавы», — даводзіць Лаўрухін.

Яшчэ некалькі гадоў таму прыватных ВНУ ў Беларусі было 9. Пасьля 30 жніўня і закрыцьця БІП іх застанецца 6.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG