Улады Вугоршчыны і Турэччны заявілі, што атрымалі дазвол ЗША на ажыцьцяўленьне разьлікаў за прыродны газ праз расейскі «Газпромбанк», якія знаходзіцца пад амэрыканскімі санкцыямі зь лістапада 2024 году.
Міністар энэргетыкі Турэччыны Альпарслан Байрактар паведаміў агенцтву Bloomberg, што пасьля перамоў з афіцыйнымі асобамі ЗША краіна атрымала магчымасьць працягваць плаціць за газ праз падсанкцыйны банк.
Увечары 19 сьнежня міністар замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта таксама паведаміў, што краіна зможа карыстацца гэтым банкам для ажыцьцяўленьня плацяжоў за газ. Раней Вугоршчына, якая залежыць ад расейскіх нафты і газу, зьвярнулася да ЗША з просьбай вызваліць краіну ад абавязаньня выконваць амэрыканскія санкцыі супраць расейскага банку.
21 лістапада Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло блякавальныя санкцыі супраць расейскага банку, што зрабілі немагчымымі разьлікі за пастаўкі расейскага газу замежным атрымальнікам. Згодна з абмежаваньнямі, апэрацыі з удзелам банку магчымыя да 20 сьнежня. Выключэньне для апэрацый ЗША зрабілі для праекту «Сахалін-2» — да 28 чэрвеня 2025 году.
У Вашынгтоне патлумачылі гэтыя санкцыі тым, што Расея выкарыстоўвае «Газпромбанк», каб купляць вайсковую прадукцыю для працягу вайны супраць Украіны і пералічваць выплаты расейскім вайскоўцам.
Эўразьвяз заклікаў ЗША паслабіць санкцыі супраць расейскага банку праз пагрозы энэргетычнай бясьпецы шэрагу эўрапейскіх краін.
Напярэдадні Міністэрства фінансаў ЗША часова дазволіла праводзіць праз «Газпромбанк» апэрацыі, зьвязаныя з цывільнымі ядзернымі праектамі, пачатымі да 21 лістапада 2024 году. Але пры гэтым дазвол не распаўсюджваецца на праект АЭС Paks II у Вугоршчыне.
Форум