Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада БНР і Ціханоўская выступілі з заявамі да 100-годзьдзя Быкава


Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла і Васіль Быкаў, архіўнае фота
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла і Васіль Быкаў, архіўнае фота

19 чэрвеня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэньня Васіля Быкава, выбітнага беларускага пісьменьніка, дзеяча нацыянальнага Адраджэньня.

З адмысловай заявай на юбілей Васіля Быкава выступіла Рада БНР, у якой расказала, як Быкаў самым непасрэдным чынам спрычыніўся да аднаўленьня незалежнасьці і будаўніцтва падмуркаў сучаснай беларускай дзяржаўнасьці:

«Проза Васіля Быкава ўзьняла беларускую літаратуру на ўзровень найлепшых твораў эўрапейскага пісьменства і для ўсяго сьвету пацьвердзіла багацьце беларускай мовы. Але для беларусаў значнасьць асобы Васіля Быкава не абмяжоўваецца літаратурай. У вызначальны час ён выступіў у абарону права нацыі выбіраць уласны лёс, быў адным з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту і яго духоўным лідэрам.

Ён адным зь першых папярэдзіў пра небясьпеку імпэрскага рэваншу і рашуча выступіў супраць зьневажаньня чалавечых правоў, зьдзеку з нацыянальных каштоўнасьцяў, здрадніцкіх дамоўленасьцяў з Масквой. Апошнія свае гады Быкаў вымушаны быў правесьці на чужыне, але душа яго балела за Бацькаўшчыну».

Рада БНР нагадала, што ў сакавіку 2000 году Васіль Быкаў быў сярод тых, хто пацьвердзіў статус Рады БНР як легітымнага прадстаўніка сувэрэнных правоў беларускага народу, замацаваных Актам 25 Сакавіка 1918 году. А апошняя публічная прамова Быкава прагучала ў Дзень Волі ў 2000 годзе.

Рада БНР абвясьціла 2024-ы годам Васіля Быкава і падзякавала ўсім, хто ўспамінае і ўслаўляе выбітнага суродзіча ў розных краінах і ў дыяспаральных асяродках.

«Прамаскоўскі рэжым Лукашэнкі не дае магчымасьці адзначыць юбілей так, як таго заслугоўвае постаць Быкава. Рада БНР уважае, што ў вольнай Беларусі імя Быкава будзе належным чынам ушанаванае, а творы ягоныя назаўсёды застануцца сярод найвялікшых культурных здабыткаў нацыі», — дадала Рада БНР у заяве.

З адмысловай заявай да 100-гадовага юбілею Быкава выступіла і дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская. У заяве, у прыватнасьці, гаворыцца:

«У лёсе і творчасьці Быкава адбіваецца лёс нашага народа. Гэта і гераічныя паўстаньні беларусаў за свабоду. Гэта і калектывізацыя, і Чарнобыль.
Гэта і Другая сусьветная вайна, якую ён шчыра апісаў у сваіх ужо клясычных творах, якія мы з вамі чыталі яшчэ ў школе. Сёньня, калі Расея вядзе вайну супраць блізкай нам Ўкраіне, мы як ніколі разумеем боль і глыбіню быкаўскіх твораў.
Лёс Быкава — гэта змаганьне за нацыянальнае адраджэньне. Разам з Алесем Адамовічам Быкаў першым узьняў голас супраць міліцэйскага гвалту ў кастрычніку 1988-га.
Лёс Быкава — гэта барацьба за права казаць і пісаць праўду. Насуперак ідэалягічным устаноўкам.
Гэта перасьлед за ягоныя дысыдэнцкія погляды. Паспытаў Васіль Уладзіміравіч і вымушанай эміграцыі — лёсу, які віною ўсё таго ж рэжыму напаткаў многіх беларусаў пасьля 2020 году.
Нават пахаваньне Быкава стала спантаннай народнай маніфэстацыяй супраць рэжыму, якому замінаў Быкаў зь ягонай бясстрашнай шчырасьцю і сапраўднай любоўю да Беларусі.
І тое, што рэжым фактычна праігнараваў 100-гадовы юбілей Быкава, сьведчыць пра антынародны характар гэтай улады. Нават выставу малюнкаў Быкава прыбралі задоўга да юбілею! Што казаць пра ягонае Слова, якое мусіць быць для ўладаў яшчэ больш небясьпечным!»

Быкаў на Свабодзе: чытайце і слухайце

Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў (1924–2003) стаяў у першых шэрагах дэмакратычнага руху за нацыянальнае адраджэньне ў Беларусі. Ён удзельнічаў у стварэньні Беларускага народнага фронту (1988) і Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» (1990), Беларускага Хэльсынскага камітэту (1995) і Беларускага ПЭН-цэнтру (1995). Пасьлядоўны крытык Аляксандра Лукашэнкі, Быкаў стаў сымбалем змаганьня зь ягоным аўтарытарным рэжымам. У 1995-м, пасьля гвалтоўнага разгону галадоўкі апазыцыйных дэпутатаў у Вярхоўным Савеце, ён заявіў аб «прэлюдыі фашыстоўскага перавароту», прадказаўшы, што «краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта».

Васіля Быкава, якога многія беларусы лічылі «сумленьнем нацыі», прыбралі зь дзяржаўных выданьняў, ягоныя кнігі перасталі друкаваць у дзяржаўных выдавецтвах. Пісьменьніка, намінаванага на Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры, прапагандысты шальмавалі, вымусіўшы ехаць у эміграцыю. На Беларусь ён вярнуўся цяжка хворым, усяго за месяц да сьмерці. Пахаваньне Быкава ператварылася ў шматтысячны жалобны мітынг праз цэнтар Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Апошнія 15 гадоў свайго жыцьця Радыё Свабода стала ці не асноўным каналам звароту Быкава да свайго народу. Нашыя слухачы першыя знаёміліся зь яго новымі творамі, а таксама думкамі, ацэнкамі і прагнозамі.

«Быкаў на Свабодзе» (2005): чытаць кнігу (PDF)

Інтэрвію, выступы беларускага клясыка на Радыё Свабода ў 1991–2003 гг., лісты, малюнкі, фота і ўспаміны. «Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю „Свабоду“. Тое сталася звычкай і патрэбай душы».

«Быкаў на Свабодзе» (2004): слухаць аўдыёдыск

Збор выступаў клясыка беларускай літаратуры ў этэры Радыё Свабода

«Доўгая дарога дадому» (2010): слухаць аўдыёкнігу

Кніга мэмуараў народнага пісьменьніка Беларусі гучыць у аўтарскім выкананьні. Запіс зроблены ў 2002 годзе ў Празе ў студыі Радыё Свабода. Працягласьць гучаньня — 6 гадзін і 22 хвіліны, тыя самыя лічбы пазначаюць і дату сьмерці Васіля Быкава — 22 чэрвеня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG