Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
«Радыё Свабода нясе сьвятло туды, дзе хочуць захаваць цемру». Беларускую службу віншуюць зь юбілеем у Сейме Літвы

«Радыё Свабода нясе сьвятло туды, дзе хочуць захаваць цемру». Беларускую службу віншуюць зь юбілеем у Сейме Літвы


Зьлева направа: сьпікерка Сейму Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн, кіраўніца бюро беларускай службы Свабоды ў Вільні Гінтарэ Жукайце-Зялянкене, прэзыдэнт Радыё Свабода Стывэн Капус
Зьлева направа: сьпікерка Сейму Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн, кіраўніца бюро беларускай службы Свабоды ў Вільні Гінтарэ Жукайце-Зялянкене, прэзыдэнт Радыё Свабода Стывэн Капус

У Канстытуцыйнай залі Сейму Літвы 22 траўня адзначылі 70-ю гадавіну пачатку вяшчаньня беларускай службы Радыё Свабода.

Сьпікерка Сейму Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн заявіла, што беларуская служба Радыё Свабода, якая «цяпер піша сваю гісторыю зь Вільні», зьяўляецца прыкладам сумленнасьці і імкненьня да праўды.

Сьпікерка Сейму Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн выступае ў Сейме з нагоды 70-й гадавіны пачатку вяшчаньня беларускай службы Радыё Свабода
Сьпікерка Сейму Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн выступае ў Сейме з нагоды 70-й гадавіны пачатку вяшчаньня беларускай службы Радыё Свабода

«Беларуская служба зьявілася раней за літоўскую службу, праграмы якой пачаліся ў 1975 годзе. Незалежна ад мовы трансьляцыі гэта была вельмі важная альтэрнатыва дзяржаўным СМІ», — сказала Вікторыя Чміліце-Нільсэн.

Паводле яе, адкрыцьцё беларускага офісу ў Вільні сьведчыць пра жорсткую і вельмі складаную сытуацыю ў Беларусі.

«Як і 70 гадоў таму, дыктатары баяцца вольнага слова. Лукашэнкаўскі рэжым уцісканьнем свабоды слова парушае базавыя правы чалавека, асабліва пасьля сфальсыфікаваных выбараў у 2020 годзе. Супраца Беларусі з Расеяй у вайне супраць Украіны яшчэ больш пагоршыла сытуацыю з правамі чалавека. Рэжым Лукашэнкі сыстэмна разбураў свабодныя СМІ і прымушаў замаўчаць грамадзянскую супольнасьць», — дадала яна.

У сваёй прамове Вікторыя Чміліце-Нільсэн згадала зьняволеных журналістаў Свабоды Ігара Лосіка і Андрэя Кузьнечыка і адзначыла, што свабодай таксама рызыкуюць чытачы беларускай службы Радыё Свабода за распаўсюд яе публікацый.

«Літва гатовая падтрымаць журналістаў Радыё Свабода, намаганьні Радыё Свабода зь Вільні, якая стала цэнтрам дэмакратычнай апазыцыі Беларусі. [...] Аднак сапраўдныя перамены ў Беларусі патрабуюць намаганьняў усяго дэмакратычнага сьвету», — заявіла сьпікерка літоўскага парлямэнту.

Паводле Вікторыі Чміліце-Нільсэн, праца Радыё Свабода мае неацэнны ўплыў на падтрымку вольнага слова паўсюль, дзе яму існуе пагроза. Яна выказала перакананьне, што дзейнасьць беларускай службы Радыё Свабода адыграе вялікую ролю ў дэмакратызацыі Беларусі.

Сваю прамову Вікторыя Чміліце-Нільсэн скончыла словамі «Жыве Беларусь!».

Прэзыдэнт Радыё Свабода Стывэн Капус падзякаваў ураду і народу Літвы за падтрымку беларускай службы.

Прэзыдэнт Радыё Свабода Стывэн Капус
Прэзыдэнт Радыё Свабода Стывэн Капус

«Наша віленскае прадстаўніцтва цяпер — бясьпечная гавань для беларускіх журналістаў, якім давялося ўцячы з радзімы. Гэта вельмі важная частка нашай комплекснай стратэгіі барацьбы з дэзынфармацыяй. Зь Вільні беларуская служба даносіць інфармацыю да аўдыторыі ўнутры Беларусі і да дыяспары, праўдзівую інфармацыю на роднай мове, што сапраўды зьяўляецца важнай часткай таго, што мы робім цягам 70 гадоў», — сказаў ён.

Стывен Капус падкрэсьліў, што ўсе ярлыкі, якія рэжым Лукашэнкі навязвае Радыё Свабода, не спалохалі журналістаў і яны працягваюць сваю місію — «даносіць сьвятло туды, дзе хтосьці хоча захаваць цемру».

«Мы ўсе хочам, каб быў доступ да праўдзівай інфармацыі і каб ён быў своечасовым. Яны могуць пасадзіць нашых людзей за краты, яны могуць апячатваць наш офіс у Менску, уводзіць штрафы, яны могуць закрываць нашы прадстаўніцтвы, але яны ня могуць схаваць ад людзей праўду», — падкрэсьліў Стывэн Капус.

Кіраўнік Радыё Свабода заклікаў улады Беларусі і Расеі вызваліць журналістаў Радыё, якіх безпадстаўна кінулі за краты, сярод іх — прадстаўнікі беларускай службы.

«Я ведаю, як шмат крызісаў адбываецца ў сьвеце, якія патрабуюць нашай увагі. [...] Але мы ня можам адварочвацца ад таго, што адбываецца ў такіх краінах, як Украіна, Расея і Беларусь. І вось уж 70 гадоў мы гэта лічым нашым безумоўным мандатам. І сёньня мы адданыя гэтай місіі. Гэта лёсавызначальна, вельмі важна — і тады, і цяпер», — падкрэсьліў Стывэн Капус.

Журналістаў Радыё Свабода ў сваім відэазвароце павіншавала і Сьвятлана Ціханоўская.

Сьвятлана Ціханоўская падчас відэазвароту да ўдзельнікаў імпрэзы
Сьвятлана Ціханоўская падчас відэазвароту да ўдзельнікаў імпрэзы

«Вы заўсёды былі ўзорам для журналісцкай супольнасьці і для мяне асабіста. Радыё Свабода — гэта сумесь традыцыяў і навацыяў. [...] Вы прымушаеце людзей думаць, а дыктатараў — баяцца», — сказала яна.

Ціханоўская нагадала, як у 2020 годзе ўсе сачылі за трансьляцыямі Свабоды, каб даведацца аб’ектыўную інфармацыю, а перасьлед рэжыму не спыніў працу журналістаў і яны працягваюць сваю дзейнасьць у выгнаньні. «Гэта азначае толькі адно — вы рабілі вартую і важную працу», — перакананая яна.

«Сёньня мае думкі з Андрэем Кузьнечыкам і Ігарам Лосікам, а таксама з усімі журналістамі, якіх рэжым незаконна кінуў за краты. Яны сапраўдныя героі, і наша задача — змагацца за іх вызваленьне», — заявіла Ціханоўская.

У імпрэзе з нагоды 70-годзьдзя беларускай службы Радыё Свабода ўдзельнічаюць прадстаўнікі літоўскіх і беларускіх грамадзкіх арганізацый. Яны абмеркавалі, як эфэктыўна супрацьстаяць прапагандзе Пуціна і Лукашэнкі, а таксама тое, як цяпер журналісты асьвятляюць праблемы палітычнага перасьледу і палітвязьняў. Асобна быў прадстаўлены праект Ганны Соўсь «Архіпэляг БЕЛАГ».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG