Памерла канадзкая пісьменьніца Эліс Манро, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі 2013 году. Ёй было 92 гады, паведамляе канадзкая газэта The Globe and Mail са спасылкай на сям’ю Манро.
Манро, якая пакутавала ад дэмэнцыі, памерла ў доме састарэлых у правінцыі Антарыё.
Эліс Манро нарадзілася ў 1931 годзе ў мястэчку Ўінгэм (канадзкая правінцыя Антарыё) у сям’і школьнай настаўніцы і фэрмэра. Сваё першае апавяданьне надрукавала ў 1950 годзе падчас навучаньня ва Ўнівэрсытэце Заходняга Антарыё.
Напаўжартам Манро апісвала пачатак сваёй літаратурнай кар’еры наступным чынам: яшчэ маленькай яна чытала «Русалачку» Ганса Хрысьціяна Андэрсана і калі дайшла да сумнага фіналу, то была проста абураная. Будучая пісьменьніца выскачыла на вуліцу і наразала колы вакол дома, пакуль не прыдумала шчасьлівы канец для гэтай гісторыі.
Пісьменьніцкая слава прыйшла да Манро досыць позна, калі ёй было каля сарака гадоў. За сваё жыцьцё яна апублікавала 14 зборнікаў апавяданьняў, якія прынесьлі ёй прызнаньне крытыкі і тытул «нашага Чэхава» ў сучаснай англамоўнай літаратуры.
У 2009 Эліс Манро атрымала Букераўскую прэмію, а ў 2013 — Нобэлеўскую прэмію. За некалькі месяцаў да прысуджэньня ёй Нобэля пісьменьніца абвясьціла, што больш ня будзе пісаць: «Падаецца, для мяне прыйшоў час спыніцца і проста расслабіцца».
«Яна была адным з найвялікшых аўтараў кароткіх апавяданьняў у сучасным сьвеце, — кажа пра яе прафэсар Дэвід Стэйнс, былы генэральны рэдактар Новай канадзкай бібліятэкі, які ведаў яе больш за 40 гадоў як сябра і калегу. — «У сваім жыцьці яна даказала прыгажосьць слова».
Форум