Беларускія выдавецтвы «Вышэйшая школа» і «Народная асьвета» спынілі сваю працу. Рашэньне было прынятае яшчэ ў канцы сакавіка, выдавецтвы абвясьцілі пра гэта ў сваіх сацсетках, заўважылі аўтары агляду сытуацыі ў сфэры літаратуры і кніжнай справы, які выпускае Беларуская рада культуры.
«Вышэйшая школа» — адно з найбуйнейшых выдавецтваў у Беларусі, заснаванае ў 1961 годзе. Выдавецтва выпускала навучальныя, даведачныя, вытворча-практычныя, навуковыя, навукова-папулярныя кнігі.
Выдавецтва «Народная асьвета» было створанае ў 1951 годзе. Яно выдавала навучальныя дапаможнікі для школ і пэдагагічных навучальных установаў, мэтадычную літаратуру для настаўнікаў, літаратуру для пазакляснага чытаньня навучэнцаў, мастацкую літаратуру, праграмна-мэтадычныя выданьні і інш. У дзень закрыцьця выдавецтва адзначыла 73-я народзіны.
Найхутчэй, у выніку рэарганізацыі адбудзецца іх зьліцьцё з выдавецтвам «Адукацыя і выхаваньне». У 2023 годзе абодва выдавецтвы забралі ў Міністэрства інфармацыі і перадалі Міністэрству адукацыі — магчыма, каб аблегчыць працэс зьліцьця, які плянавалі ўжо тады.
Закрыцьцё двух дзяржаўных выдавецтваў не адзінае падобнае рашэньне ўладаў. У 2021 годзе яны закрылі выдавецтва «Беларуская энцыкляпэдыя» — яго далучылі да выдавецтва «Беларусь».
Разам з тым у Беларусі скасавалі або прыпынілі ліцэнзіі практычна ўсіх незалежных выдаўцоў.
Аўтары дакладу прыводзяць статыстыку, згодна зь якой «папулярнасьць папяровых кніг у менскага чытача складае 87 %, электронных — 6,8 %, аўдыёкніг — 2,8 %».
Перасьлед незалежных выдаўцоў у Беларусі
- Пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, са жніўня 2020 году, больш за дзясятак выдавецтваў і выдаўцоў выехалі зь Беларусі за мяжу.
- Вясной 2022 году Міністэрства інфармацыі прыпыніла дзейнасьць чатырох незалежных выдавецтваў, якія друкавалі кнігі беларускіх аўтараў на беларускай мове: «Медысонт», «Галіяфы», «Лімарыюс» і «Кнігазбор». Праз 3 месяцы спробы выдавецтваў прайсьці пераатэстацыю ў Міністэрстве юстыцыі ня мелі посьпеху.
- У кастрычніку 2022 году сетка дзяржаўных кнігарняў «Белкніга» разарвала дамовы з выдавецтвамі «Янушкевіч», «Кнігазбор» і «Галіяфы», якія друкуюць кнігі на беларускай мове.
- Пасьля працяглага перасьледу 10 студзеня 2023 году выдавецтва «Янушкевіч» пазбавілі ліцэнзіі і права выдаваць кнігі ў Рэспубліцы Беларусь.
- У траўні 2023 году суд у Менску зьліквідаваў выдавецтва Зьмітра Коласа, якое спэцыялізавалася на беларускамоўнай літаратуры.
- У кастрычніку 2023 году Менскі гарвыканкам зьліквідаваў выдавецтва «Кнігазбор», якое працавала амаль 28 гадоў.
- У студзені 2024 году Мінінфарм прыпыніў дзейнасьць Рамана Цымберава, аднаго з апошніх незалежных выдаўцоў у Беларусі, уладальніка электроннай крамы мастацкай і гістарычнай літаратуры Kniger.by, у якой прадаюцца ў тым ліку кнігі на беларускай мове.