Каардынацыйная рада абвясьціла пра пачатак новага этапу ў выбарчай кампаніі для фармаваньня свайго новага складу.
Гаворка ідзе пра фармаваньне сьпісаў выбарчых суб’ектаў і іх вэрыфікацыю. Адзначаецца, што, згодна з працэдурай, лідэры сьпісу павінны запоўніць форму падачы заяўкі. На працягу 48 гадзін людзі, уключаныя ў сьпісы, павінны будуць пакінуць свае зьвесткі ў вэрыфікацыйнай форме. Пасьля гэтага сьпіс перададуць у выбарчую камісію.
Сьпісы будуць падаваць з 15 па 22 красавіка.
Потым выбарчая камісія, у склад якой увайшлі юрысты Андрэй Атаманчук, Дзьмітры Лазавік і Альвіна Мінгазава, тэоляг-рэлігіязнаўца Яраслаў Бекіш і журналістка Алена Прыходзька, прыме рашэньне аб допуску спісу да галасаваньня.
Агітацыя на выбарах зойме адзін месяц — з 25 красавіка па 25 траўня.
Самі выбары ў Каардынацыйную раду плянуюць правесьці 25–27 траўня.