Пяскоў, прадстаўляючы Ўлада Бумагу, назваў відэаблогера «нетрадыцыйным госьцем». «У якім сэнсе?» — спытаў Пуцін. У залі засьмяяліся.
Улад Бумага прадставіўся вядомым відэаблогерам, у якога ў сацсетках больш за 80 мільёнаў падпісчыкаў.
«Я, як і многія іншыя аўтары, мы займаемся актыўным разьвіцьцём нашых расейскіх плятформаў, напрыклад такіх, як „VK Видео“. Гэтыя пляцоўкі цяпер не такія вялікія, але дэманструюць добры ўпэўнены рост і падаюць сапраўды якасны сэрвіс. У сувязі з гэтым пытаньне: навошта блякаваць YouTube, калі нашы пляцоўкі і так добра спраўляюцца? Яны канкурэнтаздольныя і прапануюць выдатныя ўмовы і альтэрнатыву для аўтараў, тым больш туды можна выкладваць кантэнт і трансьляваць нашы ідэі і сэнсы на больш шырокую аўдыторыю, чым толькі на рускамоўную», — спытаў Пуціна Ўлад Бумага.
Блогер таксама заявіў, што яго «ведаюць і глядзяць практычна ўсе дзеці нашай краіны», маючы на ўвазе Расею, і спытаў, якія каштоўнасьці ён павінен трансьляваць аўдыторыі, а якія — «дакладна не».
На пытаньне аб блякаваньні YouTube Пуцін адказаў, што Google і YouTube самі стварылі для сябе праблемы ў Расеі, бо «парушаюць расейскія законы».
- Улад Бумага нарадзіўся ў 1996 годзе ў Менску. Ён пачынаў кар’еру блогера ў Беларусі, але ў 2021 годзе пераехаў у Маскву.
- У 2019 годзе Ўлад Бумага атрымаў дыямэнтавую кнопку Youtube, якая даецца ўладальнікам каналаў, колькасьць падпісчыкаў на якіх перавысіла 10 мільёнаў чалавек. Цяпер на YouTube у яго 71,8 млн падпісчыкаў, ягоныя відэа разьлічаныя на дзіцячую аўдыторыю. Апроч таго, ён выпускае мабільныя гульні і снэкі.
- На пачатку 2023 году СМІ паведамілі, што Ўлад А4 падпісаў кантракт з VK Видео. Гэта, імаверна, зьвязана з тым, што пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну YouTube афіцыйна заявіў аб прыпыненьні манэтызацыі ў Расеі, то бок даходы ад рэклямы ў YouTube стваральнікам кантэнту больш не выплачваюць, а асноўная частка аўдыторыі Ўлада Бумагі — з Расеі.
- Блогера неаднойчы абвінавачвалі ў плягіяце. Так, у 2021 годзе амэрыканскія блогеры MrBeast і JustDustin абвінавацілі Ўлада Бумагу ў капіяваньні вокладак і ідэй для відэа.
- Пра магчымае блякаваньне YouTube у Расеі загаварылі пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Крэмль абяцаў пачаць запавольваньне відэахостынгу за тое, што сэрвіс не блякуе забароненых у Расеі расейскамоўных незалежных СМІ і незалежных журналістаў, а таксама не выконвае палітыкі Крамля ў асьвятленьні вайны супраць Украіны.
- У ліпені 2024 году праца YouTube у Расеі была запаволена. Спачатку расейскія ўлады заяўлялі, што гэта адбылося з прычыны зносу абсталяваньня, але пазьней прызналі, што працу Youtube запаволілі наўмысна, і назвалі гэта «вымушаным крокам», які накіраваны супраць адміністрацыі плятформы. У лістападзе YouTube у Расеі зноў запрацаваў без запавольваньня.
Форум