Пераклады вершаў на беларускай мове польскай нобэлеўскай ляўрэаткі Віславы Шымборскай цягам апошніх месяцаў выйшлі ў двух выдавецтвах. У межах праекту «Прастора польскай культуры» паэт Андрэй Хадановіч правёў прэзэнтацыю двух выданьняў з удзелам перакладчыц Натальлі Русецкай і Марыны Казлоўскай, піша Польскае радыё.
Перакладчыца Марына Казлоўская кажа, што ў польскай паэзіі мае двух улюблёных аўтараў:
«Адкрыцьцё Шымборскай для мяне адбывалася праз дасьледаваньне паэзіі ХХ стагодзьдзя, найперш Гербэрта. Праз дасьледаваньне таго, як людзі, якія жылі ў несвабоднай краіне, спрабавалі знайсьці мову, якой можна перадаць свой досьвед, сваю траўму, як зрабіць гэта зразумелым людзям, якія не перажывалі такую траўму. На пачатку мне падабалася, як з гэтым спраўляўся Зьбігнеў Гербэрт, а пазьней я „падрасла“ і адкрыла для сябе цудоўную Шымборскую».
Перакладчыца Натальля Русецкая зьвяртае ўвагу — паўтараюцца падзеі, якія перажывала Віслава Шымборска.
«Самае страшнае, што ўсё паўтараецца — мы зноў жывем у часы вайны. Калі я перачытвала гэты верш, то згадвала допісы сваіх знаёмых, якія жывуць ва Ўкраіне, дзе з аднаго боку працягваецца звычайнае жыцьцё, а з іншага — ідзе вайна».
Віслава Шымборска нарадзілася ў 1923 годзе, яе маладосьць, сталасьць прыйшліся на час вайны і пасьляваеннай гісторыі Польшчы. Першы верш «Шукаю слова» (Szukam słowa) быў апублікаваны ў сакавіку 1945 году ў штодзённым выданьні «Польскі дзёньнік» (Dziennik Polski). Але ўжо ў 1949 годзе першая кніга Віславы Шымборскай «Вершы» была забароненая для друку, бо «не выконвала сацыялістычных патрабаваньняў».
Першы паэтычны зборнік Віславы Шымборскай «Таму жывем» (Dlatego żyjemy) выйшаў у 1952 годзе і быў прасякнуты духам сацыялістычнага рэалізму, як і другі зборнік вершаў «Пытаньні да сябе» (Pytania zadawane sobie, 1954). Пазьней паэтка адзначала, што тэматыка і стыль першых дзьвюх кніг былі яе «юнацкім грашком».
У 1980-х Віслава Шымборска далучылася да «Салідарнасьці» і працавала ў польскім самвыдаце Arka і ў часопісе «Культура», які выдаваў у Парыжы Ежы Гедройць.
У 1996 годзе Нобэлеўскі камітэт уганараваў Віславу Шымборску прэміяй «за паэзію, якая з іранічнай дакладнасьцю адлюстроўвае ў фрагмэнтах чалавечай рэальнасьці гістарычны і біялягічны кантэкст».