Прынамсі дзевяць чалавек забітыя ў выніку ізраільскіх авіянападаў на Емэн, паведаміў у чацьвер спадарожнікавы канал, які кантралююць хусіты, піша AP.
Тэлеканал Al-Masirah са спасылкай на свайго карэспандэнта ў партовым горадзе Хадэйда назваў колькасьць загінулых пасьля ўдараў. У ім гаворыцца, што мінімум сем чалавек загінулі ў порце, а яшчэ двое былі забітыя ў нафтавым тэрмінале Рас-Іса.
Ізраільскія вайскоўцы прызналі, што нанесьлі ўдары пасьля ракетнай атакі хусітаў па цэнтры Ізраіля раніцай у чацьвер. Ізраіль заявіў, што зьбіў ракету перад тым, як яна ўвайшла на ізраільскую тэрыторыю.
Удары яшчэ больш узмацняюць кампанію Ізраіля супраць хусітаў, якіх падтрымлівае Іран і якія дагэтуль пазьбягалі такога ж узроўню інтэнсіўнасьці удараў, як былі накіраваныя на палестынскую ўзброеную групоўку ХАМАС і лібанскую «Хэзбалу».
Новыя ўдары пагражаюць далейшай эскаляцыяй канфлікту Ізраіля з хусітамі, чые напады на калідор Чырвонага мора рэзка паўплывалі на ўсясьветнае суднаходзтва.
Спадарожнікавы канал al-Masirah, які кантралюецца хусітамі, паведаміў, што некаторыя з удараў былі нанесены па электрастанцыях у сталіцы Сане.
У заяве ізраільскіх вайскоўцаў ніякіх канкрэтных зьвестак аб цэлях не было.
«Атакаваныя цэлі выкарыстоўваліся сіламі хусітаў у ваенных мэтах», — гаворыцца ў заяве. «Удары прыніжаюць тэрарыстычны рэжым хусітаў, не дазваляючы яму выкарыстоўваць аб’екты ў ваенных і тэрарыстычных мэтах, уключаючы кантрабанду іранскай зброі ў рэгіён».
Хусіты змагаюцца з кааліцыяй пад кіраўніцтвам Саудаўскай Арабіі ў вайне ў Емэне, у выніку якой загінулі больш за 150 000 чалавек, у тым ліку мірных жыхароў. Канфлікт таксама прывёў да адной з найбуйнейшых у сьвеце гуманітарных катастроф, у выніку якой, як мяркуюць, загінулі яшчэ дзясяткі тысяч чалавек.
Форум