Нават па мерках рэжыму Лукашэнкі гэтая кампанія — самая сумная ў гісторыі Беларусі. Гэта першая выбарная кампанія ў гісторыі Беларусі, дзе выбарнікі на ўчастках не патрэбныя нават «дзеля галачкі»: на так званых выбарах скасавалі парог яўкі, яны адбудуцца нават тады, калі за кандыдата прагаласуе адзін чалавек.
У той жа час днямі на дзяржаўным тэлебачаньні паказалі сюжэт, у якім сілавікі трэніраваліся затрымліваць выбарнікаў, якія фатаграфуюць выбарчыя бюлетэні, разганяць людзей ля выбарчых участкаў, якія «штучна стварылі чаргу» і нібыта нават «падпалілі чалавека», штурмаваць будынак камісіі з дронам.
Як праходзіць сёлетняя выбарчая кампанія ў Беларусі і чаму сілавікі так сур’ёзна рыхтуюцца да выбараў? — Расказвае Дзьмітры Гурневіч:
- Адзіны дзень галасаваньня ў Беларусі адбудзецца 25 лютага 2024 году. Датэрміновае галасаваньне пачалося 20 лютага. Участкі для галасаваньня працуюць з 12:00 да 19:00 безь перапынку на абед. Афіцыйнага пацьверджаньня прычын, чаму выбарнік ня можа прагаласаваць у асноўны дзень правядзеньня выбараў, не патрабуецца. Увечары 20 лістапада ў ЦВК заявілі, што яўка выбарнікаў у першы дзень датэрміновага галасаваньня склала 5,94%.
- Яшчэ на стадыі падрыхтоўкі выбараў праваабарончыя арганізацыі выявілі на іх шматлікія парушэньні.
- Раней улады забаранілі фота- і відэаздымку запоўненага бюлетэня для галасаваньня. Сілавікі напярэдадні правялі тактыка-спэцыяльныя заняткі, на якіх практыкаваліся затрымліваць тых, хто фатаграфуе выбарчыя бюлетэні, а таксама разганяць чэргі выбарнікаў ля выбарчых участкаў.
Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024
- 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
- Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
- Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
- Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
- Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
- Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
- Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
- Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
- Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
- Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
- Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
- На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
- Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
- З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.
«Тлумачым з Гурневічам»
Штотыдзень журналіст Свабоды Дзьмітры Гурневіч выкрывае фэйкі і маніпуляцыю прапагандыстаў Аляксандра Лукашэнкі і расейскіх СМІ.
Крок за крокам мы аналізуем факты, з усьмешкай разьбіраем дэзынфармацыю і паказваем, што насамрэч адбываецца.
Місія Радыё Радыё Свабода — несьці дэмакратычныя каштоўнасьці праз дакладныя, нецэнзураваныя навіны і адкрытыя дыскусіі. Першая неабходная ўмова дэмакратыі — гэта добра інфармаванае грамадзтва.
У праекце «Тлумачым з Гурневічам» мы заахвочваем нашу аўдыторыю ставіцца да інфармацыі крытычна, правяраць яе дакладнасьць і не прымаць на веру без належнага аналізу.
Як глядзець на YouTube
Новыя выпускі праекту выходзяць кожны тыдзень.
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Радыё Свабода», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.