Лот знаходзіцца на Беларускай унівэрсальнай таварнай біржы. Пачатковая цана будынку — 15 660 рублёў.
Сядзібна-паркавы комплекс Завішаў адносяць да ліку архітэктурных помнікаў эпохі клясыцызму. Ён знаходзіцца ў пасёлку, які цяпер носіць імя Першамайскі, гістарычная ж назва — Кухцічы. Магчыма, архітэктарам быў вядомы італьянец Карла Спампані.
На тэрыторыі комплексу раней былі палац, гаспадарчыя пабудовы, стайні, вадзяны млын і парк з капліцай. Сядзібны дом складаўся з галоўнага корпусу і двух бакавых флігеляў. У цэнтральнай пабудове сядзібы месьцілася бальная заля з высокімі вокнамі, пакоі былі ўпрыгожаны ляпным дэкорам і антыкварнай мэбляй.
Сам палац да нашых часоў не дайшоў, на тэрыторыі засталіся два флігелі і некаторыя гаспадарчыя пабудовы.
Завішы — вялікалітоўскі шляхецкі род герба «Лебедзь». Магчыма, адно з адгалінаваньняў літоўскага баярскага роду, які пры Гарадзельскай уніі (1413) прыняў герб «Лебедзь». Паводле паданьня, Завішы спачатку карысталіся гербам «Ружа». Сядзібу ў Кухцічах, на тэрасе ракі Ўзьдянкі, заклаў на мяжы ХVIII-ХIХ стст. генэрал Казімер Завіша.
Акрамя палацавага комплексу, на каталіцкіх могілках Узды ёсьць унікальная капліца-пахавальня Завішаў. Гэта найстарэйшая піраміда-пахавальня на тэрыторыі Беларусі, збудаваная ў 1800 годзе тым самым Казімерам Завішам.