Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусаў, якія не паведамілі пра замежнае грамадзянства, будуць прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасьці


Беларусы абавязаныя паведамляць у кампэтэнтныя органы пра наяўнасьць у іх другога грамадзянства. Невыкананьне гэтага абавязку пакуль што ня цягне за сабой адказнасьці, але хутка гэта будзе выпраўлена, заявіў у эфіры АНТ начальнік дэпартамэнту МУС па грамадзянстве і міграцыі Аляксей Бягун.

Пра гэта піша партал «Люстэрка».

«Нашы прадстаўнікі памежнай службы і органы ўнутраных справаў увесь час фіксуюць, калі грамадзяне праз пэўныя абставіны, няпамятлівасьць або нежаданьне наогул паведамляць пра гэта ня хочуць інфармаваць кампэтэнтныя органы аб наяўнасьці замежнага грамадзянства. Так, зараз гэта, вядома, не зьяўляецца правапарушэньнем. Але заканадаўца таксама аб гэтым задумаўся. І кампэтэнтныя органы таксама аб гэтым думаюць. Таму мы прапрацоўваем сумесна з зацікаўленымі бакамі гэтае пытаньне, каб усё ж такі ўвесьці адказнасьць. Таму што абавязак інфармаваньня ёсьць, частка законапаслухмяных грамадзян выканала гэты абавязак, а нехта думае застацца ўбаку або не паведаміць пра гэта.

У любым выпадку стагодзьдзе сучасных тэхналёгіяў, стагодзьдзе татальнага кантролю ў вызначаных пунктах за асобай — гэта досыць лёгка выяўляецца. Калі яны думаюць, што пазьбегнуць неабходнасьці апавяшчаць нашыя кампэтэнтныя органы аб наяўнасьці замежнага грамадзянства, то яны вельмі глыбока памыляюцца. Калі будзе адпаведная адказнасьць — грамадзяне будуць прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасьці», — сказаў Бягун.

Ён зазначыў, што ў Расеі за паўторнае неінфармаваньне прыцягваюць да крымінальнай адказнасьці.

«Сёлета мы ініцыюем адпаведны дакумэнт, каб ён быў у наступным прыняты. Ёсьць абавязак — павінна быць і адказнасьць за невыкананьне», — падсумаваў прадстаўнік МУС.

У Беларусі 11 ліпеня 2023 году набыў моц абноўлены Закон «Аб грамадзянстве». Ён, сярод іншага, абавязаў грамадзян краіны апавяшчаць дзяржаўныя органы аб атрыманьні замежнага грамадзянства, дазволу на жыхарства або іншых дакумэнтаў, якія даюць ільготы і прэфэрэнцыі.

У законе прадугледжаны абавязак на працягу трох месяцаў апавяшчаць беларускую дзяржаву аб атрыманьні замежных дакумэнтаў — гэта значыць, зрабіць гэта трэба было да 10 кастрычніка.

У сярэдзіне верасьня ў МУС заяўлялі, што ў органы ўнутраных спраў і органы дыпляматычнай службы паведамілі пра наяўнасьць замежнага грамадзянства, дазволу на жыхарства або іншых дакумэнтаў, якія даюць ільготы і прэфэрэнцыі, больш за 6,5 тысячы беларусаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG