Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Купала ў Ялце, Брыль у Нэапалі. У Менску адкрываецца выстава фатаздымкаў беларускіх літаратараў на адпачынку


Фота з прэс-рэлізу выставы на сайце Нацыянальнага цэнтру сучасных мастацтваў
Фота з прэс-рэлізу выставы на сайце Нацыянальнага цэнтру сучасных мастацтваў

У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў у Менску 28 сьнежня ў 17:30 адкрыецца фотавыстава «Моры рэальныя і выдуманыя. Беларускія літаратары на вакацыях».

У фокусе экспазыцыі — фатаздымкі клясыкаў беларускай літаратуры Эдзі Агняцьвет, Янкі Брыля, Уладзімера Дубоўкі, Уладзімера Караткевіча, Якуба Коласа, Янкі Купалы і Максіма Танка ў час летняга адпачынку, узятыя з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіву-музэю літаратуры і мастацтва.

У назьве выставы закладзена некалькі сэнсаў. «„Мора“ беларуса (мора рэальнае — з „пацалункамі салонай марской вады“ (Уладзімер Караткевіч) — ці выдуманае, мэтафарычнае — „зялёнае мора ржаных каласоў“ (Якуб Колас) — гэта мара ці ўспамін пра лета», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Арганізатары выставы абяцаюць наведнікам, што яе атмасфэра «дазволіць на час забыцца пра занураныя ў сьнег шэрыя вуліцы Менску і патрапіць у сьвет колераў, летняй цеплыні і радасных эмоцый», а таксама можа памяняць уяўленьне школьнікаў і дарослых пра беларускіх клясыкаў.

«Беларускія літаратары часта помняцца па сваіх афіцыйна-сумных партрэтах у школьных падручніках. А калі ўбачыць фота маладых Янкі Брыля ў Нэапалі ці Ўладзімера Дубоўкі і Янкі Купалы на пляжы ў Ялце, ці гэта памяняе ўяўленьне?» — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Акрамя дакумэнтальных фатаздымкаў клясыкаў беларускай літаратуры, на выставе таксама можна паглядзець працы беларускіх мастакоў з фонду Нацыянальнага цэнтру сучасных мастацтваў.

Адкрыцьцё выставы адбудзецца 28 сьнежня ў 17.30 у будынку НЦСМ на Някрасава, 3 у Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG