Гэта вынікае з пастановы міністэрства № 154 ад 19 сьнежня, якую 21 сьнежня апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Дакумэнтам устанавілі новыя гранічныя мінімальныя цэны на тавары, якія рэалізуюць па замежнагандлёвых дамовах. У параўнаньні з цэнамі, вызначанымі папярэдняй пастановай ад 5 сьнежня, павысілі і цэны на некаторыя віды малочнай прадукцыі, якую экспартуюць у Расею:
- на масла тлустасьцю 80% і вышэй — на 10 расейскіх рублёў, да 560 расейскіх рублёў за кіляграм;
- на масла тлустасьцю ад 72% да 80% — на 10 расейскіх рублёў, да 510 расейскіх рублёў за кг;
- на сыры нятлустыя і абястлушчаныя для плаўленьня — на 5 расейскіх рублёў, да 305 расейскіх рублёў за кг.
Апошнім разам гранічныя мінімальныя экспартныя цэны на Мінсельгасхарч карэктаваў 8 сьнежня — тады яны вырасьлі для сухога малака, якое ідзе ў Расею, а таксама для масла, якое пастаўляецца ва ўсе краіны, акрамя Расеі і Азэрбайджану, адзначае Myfin.by.
Пастаянны рост мінімальных цэнаў на сьметанковае масла для Расеі фіксуецца зь сярэдзіны верасьня 2023 году — з таго моманту іх падымаюць ужо адзінаццаты раз.
У сьпіс тавараў, якія ідуць на экспарт і для якіх Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі з чэрвеня 2022 году вызначае гранічныя мінімальныя цэны, уваходзяць розныя віды малочнай прадукцыі (сухое і згушчанае малако і вяршкі, сыры, сьметанковае масла), а таксама мяса буйной рагатай жывёлы.
- У лістападзе Аляксандар Лукашэнка заявіў аб раскрыцьці «малочных схем» на пастаўках у Расею. Старшыня КДБ Іван Тэртэль паведаміў, што ў гэтай справе затрымалі 26 чалавек, зь якіх 15 ужо арыштавалі.
- Адзін з затрыманых — генэральны дырэктар магілёўскага ААТ «Бабушкина крынка» Генадзь Скітаў, якога затрымалі, як сьцьвярджаецца, разам з саўдзельнікамі з доказамі злачынства пры атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры. Таксама затрыманыя прадстаўнікі камэрцыйных структураў, якія нібыта маюць дачыненьне да схемы. Сьцьвярджюць, што ў схеме ўдзельнічалі кіраўнікі іншых прадпрыемстваў, у тым ліку Полацкага, Лепельскага, Слуцкага і Рагачоўскага малочных камбінатаў.