Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускую асацыяцыю журналістаў уганаравалі прэміяй «Усходняга партнэрства»


Belarusian Association of Journalists, logo
Belarusian Association of Journalists, logo

У Брусэлі прайшла цырымонія ўзнагароджаньня прэміямі Форуму грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства». Сярод ляўрэатаў — недзяржаўная Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).

З 2018 году Форум грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства» ўзнагароджвае выбітныя арганізацыі рэгіёну за выдатную і самаадданую працу арганізацый грамадзянскай супольнасьці, якія пасьлядоўна абараняюць фундамэнтальныя дэмакратычныя прынцыпы.

Сёлета адным зь ляўрэатаў стала Беларуская асацыяцыя журналістаў. Прэмію атрымаў старшыня асацыяцыі Андрэй Бастунец.

«Арганізацыі грамадзянскай супольнасьці зьяўляюцца моцнымі рэфарматарамі і заўзятымі прыхільнікамі дэмакратычных прынцыпаў, нават перад тварам нягодаў, праблемаў і рэпрэсій, — падкрэсьліваецца ў заяве ініцыятараў прэміі. — Ваша непахісная прыхільнасьць прасоўваньню свабоды выказваньня меркаваньняў і незалежнай журналістыкі ў Беларусі заслугоўвае захапленьня».

  • Беларуская асацыяцыя журналістаў дзейнічае з 1995 году, гэта недзяржаўная арганізацыя, якая аб’ядноўвае журналістаў і садзейнічае разьвіцьцю журналістыкі. З 1997 году БАЖ — асацыяваны сябра Міжнароднай фэдэрацыі журналістыкі.
  • Сярод іншага, БАЖ займаецца прафэсійным навучаньнем журналістаў, маніторынгам прафэсійнай журналістыкі ў Беларусі, а таксама абаронай правоў журналістаў, адсочвае парушэньні і перашкоды ў іх працы.
  • 28 лютага 2023 году КДБ Беларусі ўхваліў рашэньне прызнаць Беларускую асацыяцыю журналістаў «экстрэмісцкім фармаваньнем». Яшчэ раней арганізацыя была ліквідаваная, як і сотні іншых грамадзкіх арганізацый.
  • Форум грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства — гэта шматузроўневая рэгіянальная плятформа грамадзянскай супольнасьці, накіраваная на прасоўваньне эўрапейскай інтэграцыі, садзейнічаньне рэформам і дэмакратычным пераўтварэньням у шасьці краінах «Усходняга партнэрства» — Армэніі, Азэрбайджане, Беларусі, Грузіі, Малдове і Ўкраіне.
  • «Усходняе партнэрства» — ініцыятыва Эўразьвязу, скіраваная на ўмацаваньне адносінаў з шасьцю ўсходнімі суседзямі ЭЗ: Украінай, Грузіяй, Малдовай, Азэрбайджанам, Армэніяй і Беларусьсю. У межах гэтай ініцыятывы ЭЗ вылучаў, сярод іншага, сродкі на падтрымку розных праектаў у Беларусі. Агулам за гады, што Беларусь удзельнічала ў праграмах «Усходняга партнэрства», краіна атрымала ад ЭЗ сотні мільёнаў даляраў дапамогі.
  • 28 чэрвеня 2021 году Беларусь прыпыніла ўдзел у праграме «Ўсходняе партнэрства».

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.

Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.

Сярод зьліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы
  • Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
  • Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
  • Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
  • Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
  • Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)

2024 год. У апублікаваным 7 траўня аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend гаворыцца, што за пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да канца красавіка 2024-га ўлады Беларусі зьліквідавалі ня менш за 1622 некамэрцыйныя арганізацыі. У працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзілася ня менш за 1003 НКА, рашэньне аб самастойнай ліквідацыі прынялі сама меней 619.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG