Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія мары міністра Алейніка


Польскі салдат патрулюе польска-беларускую мяжу.
Польскі салдат патрулюе польска-беларускую мяжу.

Два сцэнары магчымых зьменаў на беларуска-польскім напрамку.

Сьцісла

  • Кіраўнік МЗС Беларусі Алейнік чарговы раз прапанаваў Польшчы нармалізацыю двухбаковых адносін.
  • Кардынальных зьменаў палітыкі ў двухбаковых дачыненьнях не выпадае чакаць ні ад Лукашэнкі, ні ад гіпатэтычнага новага ўраду Туска.
  • Лукашэнку прасьцей пайсьці на саступкі новаму польскаму ўраду, бо саступкі ў такой сытуацыі не спародзяць вобраз «слабака, які паддаўся ціску».
  • Урад апазыцыі, калі ён паўстане ў Польшчы, ня будзе ў сваёй палітыцы мець жорсткую залежнасьць ад крокаў папярэдняга ўраду.
  • Даказаць карысьць ці шкоду жорсткага падыходу альбо зьніжэньня напружанасьці немагчыма, ацэнкі залежаць ад палітычнай візіі.

Міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік заявіў у інтэрвію АНТ , што афіцыйны Менск зацікаўлены ў нармалізацыі адносін з Эўразьвязам і, у прыватнасьці, з Польшчай. Паводле яго, адпаведныя прапановы былі зробленыя Варшаве раней.

Цяперашняя заява міністра — далёка ня першы сыгнал такога кшталту. Пра пажаданасьць паляпшэньня дачыненьняў з Польшчай неаднаразова казаў і Аляксандар Лукашэнка, пачаўшы такія размовы яшчэ да польскіх парлямэнцкіх выбараў.

Камплімэнты на адрас палякаў, якія на выбарах «зрабілі правільны выбар», сьведчаць пра тое, што беларускія ўлады зьвязваюць пэўныя надзеі з новым польскім урадам, які сфармуе цяперашняя апазыцыя.

Наколькі гэтыя надзеі апраўданыя? Вельмі адносна. Шмат у чым беларуская палітыка Варшавы вызначаецца Эўразьвязам. Асноўныя, самыя сур’ёзныя санкцыі адносна Беларусі ўводзіў ЭЗ, а ня Польшча. Польскае грамадзтва ў цэлым (а ня толькі выбаршчыкі «ПіС») абураецца і парушэньнем правоў чалавека ў Беларусі, і інсьпірацыяй афіцыйным Менскам патоку мігрантаў, і яго ангажаваньнем у вайну Расеі з Украінай. І таму чакаць кардынальнай зьмены польскай палітыкі адносна Беларусі не выпадае.

Але пэўныя карэкціроўкі, разьвязваньне прынамсі некаторых вузлоў у двухбаковых дачыненьнях магчымыя. Міністар Алейнік у сваім інтэрвію сказаў: «Ня мы былі ініцыятарамі пагаршэньня адносін з Польшчай». Гэта даволі спрэчная тэза. Міграцыйны крызіс афіцыйны Менск распачаў яшчэ ў 2021 годзе. Заснаваньне сьвята Дня народнага адзінства (якое мае выразны антыпольскі складнік), разбурэньне магілаў салдатаў АК, прапагандысцкая рыторыка наконт прыгнёту беларусаў у Рэчы Паспалітай, перасьлед польскіх актывістаў у Беларусі — усе гэтыя крокі не былі абавязковымі і наўпрост не вымагаліся крокамі Варшавы.

Некаторыя зь іх беларускія ўлады маглі б скасаваць. Новы польскі ўрад ня будзе мець «залежнасьці ад каляіны» апошніх 8 гадоў: у тыя гады ўлада ў Польшчы была ў руках іх апанэнтаў. Зь іншага боку, і Лукашэнка можа зрабіць пэўныя крокі насустрач новай польскай уладзе, не баючыся, што будзе выглядаць слабаком, які паддаўся ціску. Ня будзе, бо гіпатэтычны ўрад Дональда Туска ніякага ціску на афіцыйны Менск яшчэ не чыніў.

У чым можа пайсьці на саступкі Варшава? Адкрыць памежныя пераходы ў абмен на вызваленьне Анджэя Пачобута, напрыклад. Гэта быў гатовы зрабіць і дзейны ўрад Матэвуша Маравецкага, таму, уласна, мяжу і зачыняў. Саступіць ураду Маравецкага ў гэтым пытаньні Лукашэнку было складана з прычыны той самай «залежнасьці ад каляіны» ў двухбаковых стасунках. Саступіць ураду Туска ў гэтым пытаньні значна менш складана.

Польшча магла б зьнізіць канцэнтрацыю сваіх войскаў паблізу мяжы зь Беларусьсю. Не да нуля, зразумела: калі побач ідзе вайна, то гэта немагчыма. Але зьменшыць — магчыма.

Зразумела, цалкам мяняць сваю палітыку дзеля паляпшэньня стасункаў з ЭЗ (і, у прыватнасьці, з Польшчай) беларускія ўлады не зьбіраюцца. І з унутраных прычынаў, і з вонкавых. За актыўнасьцю беларускай дыпляматыі на заходнім кірунку вельмі ўважліва сочаць у Маскве. Ня тое каб любы крок афіцыйнага Менску насустрач Брусэлю і Варшаве там трактавалі як здраду, але крамлёўскія «чырвоныя лініі» ў гэтым пытаньні пакідаюць для Лукашэнкі невялікую прастору для манэўру.

Але пэўныя крокі, пэўныя жэсты добрай волі, прынамсі, з боку Лукашэнкі і Туска магчымыя.

Ці добра гэта будзе, зыходзячы з далёкасяжнай стратэгічнай пэрспэктывы? Тут немагчыма зрабіць пэўную выснову на падставе адно фактаў, адказ вызначаецца візіяй. Ёсьць меркаваньне, што чым больш жорсткай будзе палітыка ЭЗ і яго асобных чальцоў адносна дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі, тым хутчэй гэты рэжым абрынецца. Калі пры гэтым рэжым будзе рабіць крокі ў адказ, балючыя і для беларусаў, і для ЭЗ — гэта цана, якую варта заплаціць, мяркуюць прыхільнікі такой візіі. Аргумэнт, што за тры мінулыя гады паводзіны афіцыйнага Менску толькі пагаршаліся, у межах такой візіі выглядае непераканаўчым — значыць, трэба больш часу, каб жорсткі падыход даў плён у сэнсе зьмены паводзінаў афіцыйнага Менску, — кажуць адэпты такой пазыцыі.

Ёсьць і іншы погляд на сытуацыю. Паводле яго, пэўнае зьмякчэньне напружанасьці ў адносінах было б зьявай станоўчай. Калі б Пачобут апынуўся на волі, калі б памежныя пераходы адкрыліся для беларусаў — прынамсі, не відавочна, што гэта толькі пагоршыла б пэрспэктыву палітычных зьменаў у Беларусі. Палітолягі і гісторыкі дагэтуль спрачаюцца, якім быў плён палітыкі разрадкі, якую ЗША праводзілі адносна СССР у другой палове 60-х — на пачатку 70-х гадоў ХХ стагодзьдзя: разьмякчыла яна савецкую сыстэму ці ўмацавала, працягнула яе век.

Гэтак жа і адносна варыянтаў сучаснай польскай і эўразьвязаўскай палітыкі ў дачыненьнях зь Беларусьсю.

Якой візіяй будзе кіравацца гіпатэтычны новы ўрад Польшчы — убачым, калі ён зьявіцца. Чакаць засталося нядоўга.

Насамрэч, рэалістычных сцэнароў у кароткатэрміновай пэрспэктыве ўсяго два. Раптоўны «мядовы месяц» у беларуска-польскіх стасунках, які надыдзе пасьля зьяўленьня новага польскага ўраду, немагчымы паводле вызначэньня.

Можа прынцыпова не зьмяніцца наагул нічога. Ці — бакі могуць абмяняцца жэстамі добрай волі і потым аналізаваць вынікі гэтага абмену.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG