Пакараўшы журналістку Ларысу Шчыракову пазбаўленьнем волі, беларускія ўлады «чарговы раз прадэманстравалі сваю помсьлівасьць у адносінах да тых, хто незалежна асьвятляў агульнанацыянальныя пратэсты, якія ўзрушылі краіну ў 2020 годзе».
Так заявілі ў Камітэце абароны журналістаў (CPJ).
«Беларускія ўлады павінны зьняць усе абвінавачаньні са Шчыраковай і неадкладна вызваліць яе разам з усімі астатнімі зьняволенымі журналістамі», — заявіў праграмны дырэктар арганізацыі Карляс Мартынэс дэ ля Сэрна.
Справу журналісткі Ларысы Шчыраковай у Гомельскім абласным судзе разглядаў Мікалай Доля. Працэс быў закрыты.
Палітзьняволеную, затрыманую 6 сьнежня 2023 году, абвінавачвалі паводле крымінальных артыкулаў 361-4 ч. 1 і 2 («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») і 369-1 («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»).
Паводле матэрыялаў справы, Ларыса Шчыракова нібыта зьмясьціла ў інтэрнэце зьвесткі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь. Яе вінавацяць таксама ў «зборы, стварэньні, апрацоўцы, захоўваньні і перадачы інфармацыі для „Вясны“ і „Белсату“».
У выніку 31 жніўня журналістцы прысудзілі 3 з паловай года зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму і штраф 3500 рублёў. Вядома, што яна не зьбіраецца абскарджваць прысуд.
Раней Камітэт правоў чалавека ААН разгледзеў звароты чацьвярых беларускіх журналістаў, у тым ліку Шчыраковай, і прызнаў Беларусь вінаватай у парушэньні іхных правоў на законнае права зьбіраць і распаўсюджваць інфармацыю, замацаванае артыкулам 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Як паведамляе БАЖ, у Камітэт правоў чалавека ААН праз сваіх прававых адвакатаў колькі часу таму зьвярталіся Тацяна Смоткіна, Зьміцер Лупач, Тамара Шчапёткіна і Ларыса Шчыракова.
Сутнасьць іх скаргі была ў тым, што ўлады Беларусі парушылі правы журналістаў на свабоду выказваньня думкі. Улады прыцягнулі гэтых журналістаў да адказнасьці і наклалі на ўсіх адміністрацыйныя штрафы быццам за распаўсюд прадукцыі СМІ без адпаведнай акрэдытацыі.
14 сакавіка 2023 году Камітэт ААН разгледзеў іх скаргі па сутнасьці.
У Камітэце ААН адзначылі, што частка 3-я артыкулу 19 Пакту дазваляе абмежаваньні свабоды выказваньня думак, у тым ліку свабоды выказваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі толькі ў той ступені, у якой гэта прадугледжана законам, і толькі калі яны неабходныя для павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў; або для абароны нацыянальнай бясьпекі або грамадзкага парадку, або здароўя і маральнасьці насельніцтва.
БАЖ: Вырак Ларысе Шчыраковай — чарговая расправа і помста журналістам
З заявай адносна прысуду Ларысе Шчыраковай выступіла Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Арганізацыя назвала вырак журналістцы «помстай», бо «манаполія на інфармацыю — гэта тое, без чаго аніводныя дыктатарскія рэжымы ня могуць трымацца ля ўлады. Таму яны і перасьледуюць мэдыя і журналістаў».
Сёньня ў Беларусі 33 журналісты знаходзяцца за кратамі.
За кратамі бо журналісты
З пачаткам выбарчай кампаніі 2020 года ўлады Беларусі пачалі вайну супраць журналістаў і незалежных мэдыя. Іх пазбаўляюць акрэдытацый, б’юць, страляюць у іх гумовымі кулямі, затрымліваюць, саджаюць на «суткі» і заводзяць на іх крымінальныя справы. З таго часу журналістаў затрымлівалі больш за 500 разоў. Беларуская асацыяцыя журналістаў адсочвае ўсе выпадкі перасьледу журналістаў і супрацоўнікаў СМІ. Вось тыя, хто знаходзіцца ў зьняволеньні пад крымінальным перасьледам.
Ігар Лосік, журналіст Радыё Свабода, за кратамі з 25 чэрвеня 2020
Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня ў ягонай кватэры ў Баранавічах. Там правялі ператрус і адвезьлі Ігара ў Менск. У той жа дзень стала вядома, што адміністратара папулярнага тэлеграм-каналу абвінавачваюць у «падрыхтоўцы да парушэньня грамадзкага парадку».
Цягам 41 дня (з 15 сьнежня 2020 па 25 студзеня 2021) трымаў галадоўку на знак пратэсту супраць выстаўленьня новых абвінавачаньняў у падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках.
14 сьнежня 2021 года Гомельскі абласны суд на закрытым паседжаньні ў СІЗА-3 прыгаварыў Лосіка да 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Камэнтуючы прысуд праз жонку Дар‘ю, Ігар расказаў, што ў яго справе не было ніводнай экспэртызы і ніводнага паста, які б даказваў яго віну па прад’яўленых артыкулах.
Дома яго чакае малая дачка Паўліна.
18 кастрычніка 2022 сілавікі затрымалі жонку Ігара Дар‘ю Лосік, якая змагалася за вызваленьне мужа. Яе абвінавацілі у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Дар’ю Лосік асудзілі на 2 гады калёніі агульнага рэжыму. Судзьдзя — Мікалай Грыгаровіч.
Дар’я Лосік датэрмінова выйшла на волю 3 ліпеня 2024 году.
28 чэрвеня 2022 году КДБ унёс Лосіка ў сьпіс асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».
У сакавіку 2023 году (або раней) Ігара зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу наваполацкай калёніі. Наведваньні адвакатаў і спатканьні са сваякамі Лосіку забароненыя, карэспандэнцыю яму не перадаюць. Паводле інфармацыі BelPol, адміністрацыя калёніі зладзіла ў дачыненьні да Лосіка правакацыю – спрабавала прымусіць яго чысьціць прыбіральню, што аўтаматычна цягне за сабой для зьняволенага набыцьцё «нізкага сацыяльнага статусу». На знак пратэсту Ігар у прыбіральні атраду парэзаў сабе шыю, але цяжкіх пашкоджаньняў не атрымаў.
Праваабаронцы прызналі Ігара і Дар’ю Лосікаў палітзьняволенымі. Рада БНР узнагародзіла Ігара і Дар'ю мэдалямі ордэна «Пагоні».
Прысуд: 15 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле часткі 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і часткі 2 артыкула 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Судзьдзя: Мікалай Доля.
Пракурор: Дзяніс Мікушаў.
Кацярына Андрэева, журналістка «Белсату», за кратамі з 15 лістапада 2020
Кацярыну Андрэеву (Бахвалаву) затрымалі 15 лістапада 2020 году ў кватэры на «плошчы Пераменаў», адкуль яна вяла стрым для тэлеканалу «Белсат». У кватэры выламалі дзьверы, унутр забеглі дзесяць спэцназаўцаў і загадалі зьбіраць рэчы. На якой падставе яе затрымліваюць, Кацярыне не патлумачылі.
Андрэеву асудзілі на 7 сутак за «ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і непадпарадкаваньне». Яна не прызнала віны і абвінаваціла міліцыянтаў, якія складалі пратакол, у лжэсьведчаньні. Потым яе абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.
18 лютага 2021 году ёй прысудзілі 2 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.
10 лютага 2022 Кацярыну перавялі з папраўчай калёніі № 4 у гомельскі СІЗА ў сувязі з «працэсуальнымі дзеяньнямі». 7 красавіка 2022 года стала вядома, што журналістцы выставілі новае абвінавачаньне — у «здрадзе дзяржаве». 13 ліпеня судзьдзя Гомельскага абласнога суду Алег Харошка прысудзіў Кацярыне 8 гадоў і 3 месяцы калёніі ўзмоцненага рэжыму. МУС уключыў журналістку ў «сьпіс экстрэмістаў».
Журналістку прызналі палітзьняволенай. Рада БНР узнагародзіла яе мэдалём ордэна «Пагоні».
Прысуд: 2 гады ў калёніі агульнага рэжыму паводле 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і 8 гадоў і 3 месяцы ў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле артыкула 356 КК («Здрада дзяржаве»).
Судзьдзі: Натальля Бугук (першы прысуд), Алег Харошка (другі прысуд).
Андрэй Аляксандраў, журналіст, за кратамі з 12 студзеня 2021
Андрэй Аляксандраў — журналіст, мэдыямэнэджэр, былы намесьнік дырэктара інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, перастаў выходзіць на сувязь 12 студзеня. Амаль суткі родныя і калегі ня ведалі пра яго месцазнаходжаньне. Потым стала вядома, што Андрэя і ягоную дзяўчыну Ірыну Злобіну затрымалі як падазраваных паводле крымінальнай справе аб масавых беспарадках. Намесьнік міністра ўнутраных спраў заявіў, што яны фінансавалі ўдзельнікаў пратэстаў «у тым ліку шляхам аплаты штрафаў, кампэнсацыяў утрыманьня ў ЦІП і ІЧУ». Праваабаронцы цьвердзяць, што гэта законная дабрачынная дзейнасьць.
30 чэрвеня журналісту выставілі яшчэ адно абвінавачаньне — у «здрадзе дзяржаве», за што пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
За паэзію з-за кратаў Андрэй Аляксандраў стаў адным зь ляўрэатаў прэміі турэмнай літаратуры імя Францішка Аляхновіча.
1 верасьня 2022 Аляксандраў і Злобіна ўзялі шлюб у менскім СІЗА-1.
6 кастрычніка 2022 Менскі абласны суд прысудзіў Аляксандраву 14 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле шэрагу абвінавачаньняў, у тым ліку за «падрыхтоўку асоб для ўдзелу ў беспарадках» і за «здараду дзяржаве». Ірына Злобіна атрымала 9 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
20 студзеня 2023 году МУС дадала палітвязьня ў «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».
У наваполацкай калёніі Аляксандраў працуе ў цэху дрэваапрацоўкі, зьбівае скрыні і паддоны. У зьняволеньні ён схуднеў на 40 кіляграмаў. Яму дазволілі перапісвацца з палітзьняволенай жонкай Ірынай Злобінай.
Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
Прысуд: 14 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму (артыкул 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»), арт. 243 КК («Ухіленьне ад выплаты сум падаткаў, збораў»), арт. 361-1 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»), арт. 356 КК «Здрада дзяржаве»).)
Судзьдзя: Вячаслаў Тулейка.
Дзяніс Івашын, журналіст-расьсьледавальнік, за кратамі з 12 сакавіка 2021
Рэдактара-валянтэра міжнароднай расьсьледвальнай супольнасьці InformNapalm і пазаштатнага карэспандэнта газэты «Новы час» Дзяніса Івашына супрацоўнікі КДБ затрымалі 12 сакавіка ў ягонай кватэры ў Горадні. Журналіста абвінавацілі ва «ўмяшаньні ў дзейнасьць супрацоўніка ўнутраных спраў» і ў «здарадзе дзяржаве».
Блізкія мяркуюць, што затрыманьне было зьвязана з расьсьледаваньнем Івашына пра службу былых украінскіх беркутаўцаў у МУС Беларусі.
Пасьля месяца закрытага судовага працэсу 14 верасьня 2022 Дзянісу Івашыну прысудзілі 13 год і 1 месяц калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 22 800 беларускіх рублёў.
Журналіст адмовіўся ад супрацы са сьледзтвам і не прызнаў сябе вінаватым. На яго ўсяляк ціснулі ў ізалятары падчас сьледзтва. У чэрвені 2023 году Івашына перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна.
Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем. Рада БНР узнагародзіла яго мэдалём ордэна «Пагоні».
Прысуд: 13 год і 1 месяц калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле арт. 179 КК «Незаконны збор і распаўсюджваньне зьвестак пра прыватнае жыцьцё» і арт. 356 «Здрада дзяржаве».
Судзьдзя: Валеры Раманоўскі.
Анджэй Пачобут, журналіст, за кратамі з 25 сакавіка 2021
25 сакавіка, у разгар беларуска-польскага дыпляматычнага канфлікту, у Горадні прайшлі ператрусы ў сяброў непрызнанага афіцыйным Менскам Саюзу палякаў у Беларусі. Генпракуратура распачала крымінальную справу за «распальваньне нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці». Сярод арыштаваных лідэраў арганізацыі і вядомы журналіст Анджэй Пачобут. СПБ, а таксама ўрад Польшчы заявілі, што перасьлед ёсьць «актам запалохваньня ўсёй польскай меншасьці ў Беларусі».
Увосень 2021 года Пачобут адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі. Суд над Пачобутам пачаўся 16 студзеня 2023 году ў закрытым рэжыме. 8 лютага агучылі прысуд. Пасьля прысуду Пачобуту Польшча закрыла яшчэ адзін польска-беларускі пункт пропуску «Баброўнікі — Бераставіца».
4 кастрычніка 2022 году КДБ дадаў журналіста ў «сьпіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці». 23 чэрвеня 2023 году МУС унесла палітвязьня ў «сьпіс экстрэмістаў». У жніўні 2023 году Пачобута зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу на 6 месяцаў.
Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
Прысуд: 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле ч. 3 арт. 130 КК «зьдзяйсьненьне групай асобаў наўмысных дзеяньняў, накіраваных на распальваньне нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасьці і зьдзяйсьненьне наўмысных дзеяньняў для рэабілітацыі нацызму» і паводле ч. 3 арт. 361 КК («заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцыяў), накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы».
Судзьдзя: Дзьмітры Бубенчык.
Людміла Чэкіна, генэральны дырэктар Tut.by, за кратамі з 18 траўня 2021
Людміла Чэкіна працавала ў Tut.by зь 2008 году, спачатку юрысконсультам, у 2017 годзе яна ўзначаліла кампанію.
Людмілу Чэкіну затрымалі 18 траўня 2021 году разам зь іншымі фігурантамі «справы Tut.by» за нібыта ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
Цягам наступнага году трох фігурантак справы Алены Талкачову, Вольгу Лойка і Кацярыну Ткачэнка выпусьцілі з-пад варты. Яны зьехалі за мяжу. Крымінальную справу ў дачыненьні да іх вылучылі ў асобную судовую вытворчасьць. Абвесьцілі іх вышук.
Суд над Людмілай Чэкінай і галоўнай рэдактаркай Tut.by Марынай Золатавай пачаўся ў Менскім гарадзкім судзе 9 студзеня 2023 году. Прысуд агучылі 17 сакавіка 2023 году. Абедзьвюх асудзілі на 12 гадоў калёніі агульнага рэжыму. Чэкінай таксама далі 37 тысяч рублёў штрафу.
У кастрычніку 2022 году КДБ уключыў Чэкіну ў сьпіс «асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці». 18 жніўня 2023 году МУС унёс палітзьняволеную ў «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».
Праваабаронцы прызналі Чэкіну палітычнай зьняволенай.
Прысуд: 12 гадоў калёніі агульнага рэжыму паводле часткі 2 артыкулу 243 «ухіленьне ад сплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры»; часткі 3 артыкулу 130 «распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці»; часткі 3 артыкулу 361 «заклікі да дзеяньняў, скіраваных на нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь».
Судзьдзя: Валянціна Зянькевіч.
Пракурор: Тацяна Гракун.
Марына Золатава, галоўная рэдактарка парталу Tut.by, за кратамі з 18 траўня 2021
Нязьменнага галоўнага рэдактара Tut.by (з 2004 году) Марыну Золатаву затрымалі разам з 14 іншымі фігурантамі «справы Tut.by» 18 траўня. 31 траўня стала вядома, што яе абвінавачваюць у саўдзеле ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
Усяго затрымалі 15 чалавек, асацыяваных з Tut.by, у тым ліку і супрацоўнікаў рэдакцыі, якія ў сваёй працы не зьвязаныя з эканамічнай дзейнасьцю кампаніі, выплатай падаткаў і юрыдычнымі аспэктамі працы. Сайт Tut.by заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі».
9 студзеня 2023 году ў Менскім гарадзкім судзе пачаўся судовы працэс, ад пачатку яго зрабілі закрытым. Прысуд агучылі 17 сакавіка.
У кастрычніку 2022 году КДБ уключыў Золатаву ў сьпіс «асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці». 18 жніўня 2023 году МУС унёс яе ў «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».
Марына Золатава стала фіналісткай Прэміі праваабарончай супольнасьці Беларусі за 2022 год у намінацыі «Журналіст/журналістка году».
Праваабаронцы прызналі Золатаву палітычнай зьняволенай.
Прысуд: 12 гадоў калёніі агульнага рэжыму паводле часткі 2 артыкулу 243 «ухіленьне ад сплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры»; часткі 3 артыкулу 130 «распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці»; часткі 3 артыкулу 361 «заклікі да дзеяньняў, скіраваных на нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь».
Судзьдзя: Валянціна Зянькевіч.
Пракурор: Тацяна Гракун.
Валерыя Касьцюгова, палітоляг, журналістка, за кратамі з 30 чэрвеня 2021 году
Валерыю Касьцюгову, заснавальніцу і шматгадовую рэдактарку сайта экспэртнай супольнасьці «Наше мнение» і ўкладальніцу выданьня «Белорусский ежегодник», затрымалі 30 чэрвеня 2021 году. На яе завялі крымінальную справу за «Змову або іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады», «Саўдзел у злачынстве» і «Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на шкоду зьнешняй бясьпецы Беларусі, яе сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасьці, нацыянальнай бясьпецы і абараназдольнасьці». Дэталі справы не выдавалі, адвакат знаходзіўся пад падпіскай аб невыдаваньні. 6 лютага 2023 году над Касьцюговай пачаўся судовы працэс, 17 сакавіка вынесьлі прысуд.
Падчас зьняволеньня памёр бацька Валерыі Касьцюговай. 31 жніўня 2023 году КДБ унёс палітзьняволеную ў сьпіс «асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці».
Праваабаронцы прызналі яе палітзьняволенай.
Прысуд: 10 гадоў калёніі агульнага рэжыму паводле ч. 1 арт. 357 «Змова або іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады», ч. 6 арт. 16 «Саўдзел у злачынстве» і ч. 3 арт. 361 «Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на шкоду зьнешняй бясьпецы Беларусі, яе сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасьці, нацыянальнай бясьпецы і абараназдольнасьці».
Судзьдзя: Дзіна Кучук.
Дзьмітры Наважылаў, былы гендырэктар агенцтва БелаПАН, за кратамі з 18 жніўня 2021
У 1990-х Дзьмітры Наважылаў працаваў разам з Паўлам Шараметам карэспандэнтам ОРТ у Беларусі, пасьля быў кіраўніком карпункту расейскага тэлеканалу «Первый». З 2015 года – у БелаПАН. Пасьля сьмерці заснавальніка агенцтва Алеся Ліпая ў жніўні 2018 г. Наважылаў стаў выканаўцам абавязкаў, а потым і гендырэктарам. У студзені 2021-га Наважылаў звольніўся на ўласнае жаданьне, аднак 18 жніўня да яго прыйшлі зь ператрусам і затрымалі. Падазраваны паводле ч.1 арт. 342 КК, Наважылаў ня выйшаў на волю пасьля трох сутак у ізалятары на Акрэсьціна.
6 кастрычніка 2022 Менскі абласны суд прысудзіў Наважылаву 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле абвінавачаньня ў стварэньні і дзейнасьці «экстрэмісцкага фармаваньня» і ў нявыплаце падаткаў.
20 студзеня 2023 году МУС дадала Наважылава ў «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».
Дзьмітры працуе ў калёніі ў швейным цэху.
Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
Прысуд: 6 гадоў у калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле артыкулу 361-1 Крымінальнага кодэкса («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім») і арт. 243 КК (Ухіленьне ад выплаты сум падаткаў, збораў).
Судзьдзя: Вячаслаў Тулейка.
Ірына Слаўнікава, журналістка TVP, за кратамі з 30 кастрычніка 2021
Журналістку польскага TVP і былую супрацоўніцу «Белсату» Ірыну Слаўнікаву разам з мужам затрымалі 30 лістапада 2021 года ў менскім аэрапорце па вяртаньні з адпачынку. Двойчы ёй прысудзілі па 15 сутак арышту нібыта за захоўваньне «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і за «дробнае хуліганства».
Пазьней стала вядома, што Слаўнікава падазраваная паводле крымінальнага артыкула.
3 жніўня 2022 Гомельскі абласны суд прызнаў журналістку вінаватай у «арганізацыі пратэстаў» і «кіраваньні экстрэмісцкім фармаваньнем» і пакараў яе 5 гадамі зьняволеньня - на 1 год больш, чым прасіў пракурор.
16 сьнежня 2022 году Слаўнікаву ўключылі ў «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».
Журналістка працуе ў швейным цэху гомельскай калёніі, у яе моцна пагоршыўся зрок.
Праваабаронцы прызналі яе палітзьняволенай.
Прысуд: 5 год у калёніі агульнага рэжыму паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і арт. 361-1 КК (Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім).
Судзьдзя: Мікалай Доля.
Пракурор: Ірына Падкавырава.
Андрэй Кузьнечык, журналіст Радыё Свабода, за кратамі з 25 лістапада 2021
25 лістапада 2021 году Андрэя Кузьнечыка затрымалі каля дому, у кватэры ўчынілі ператрус, забраўшы грошы, тэхніку і іншыя прадметы. Кузьнечыка зьмясьцілі ў ізалятар на Акрэсьціна. Яму двойчы прысудзілі па 10 сутак арышту нібыта за «дробнае хуліганства».
23 сьнежня 2021 году стала вядома, што супраць журналіста распачалі крымінальную справу. Сям’я і грамадзкасьць даведаліся пра сутнасьць абвінавачваньня толькі праз паўгоду пасьля затрыманьня.
8 чэрвеня 2022 Магілёўскі абласны суд пакараў Андрэя Кузьнечыка 6 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня». Закрыты працэс правялі за некалькі гадзін, акалічнасьці справы невядомыя.
Сваёй віны ён не прызнаў. За дзень да затрыманьня Кузьнечык напісаў своеасаблівы маніфэст, у якім патлумачыў сваё рашэньне застацца ў Беларусі, нягледзячы на пагрозы.
У верасьні 2022 МУС уключыла Кузьнечыка ў «Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці».
Праваабаронцы прызналі журналіста палітвязьнем.
Прысуд: 6 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле артыкулу 361-1 Крымінальнага кодэксу («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»).
Судзьдзя: Ігар Шведаў.
Сяргей Сацук, журналіст, рэдактар «Ежедневника», за кратамі з 8 сьнежня 2021 году
Аднаго з пачынальнікаў журналістыкі расьсьледаваньняў у Беларусі арыштавалі 8 сьнежня 2021 пасьля вобшуку дома і допыту ў Сьледчым камітэце ў справе паводле артыкула 430 Крымінальнага кодэксу (атрыманне хабару).
25 сакавіка 2020 года Сацука ўжо затрымлівалі ў гэтай жа справе. Праваабарончыя арганізацыі заявілі тады пра «наяўнасьць палітычнага матыву ў перасьледзе журналіста, накіраванага на прымус да спыненьня або зьмяненьня характару яго дзейнасьці па распаўсюджваньні інфармацыі аб карупцыі». 4 красавіка 2020 генпракурор Беларусі адмяніў рашэньне аб узяцьці пад варту Сяргея Сацука.
У чэрвені 2022 стала вядома, што журналіста вінавацяць яшчэ і ў распальваньні варажнечы (арт. 130 КК) і перавышэньні ўлады альбо службовых паўнамоцтваў (арт. 426 КК). Якіх канкрэтна дзеяньняў рэдактара тычацца абвінавачаньні, невядома.
26 кастрычніка 2022 году Менскі гарадзкі суд прыгаварыў Сяргея Сацука да 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама яму прысудзілі сумарны штраф звыш 28 тысяч рублёў. Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, прысуд Сацуку — помста за ягоныя рэзанансныя расьсьледаваньні.
Сяргей Сацук мае даўнія праблемы з сэрцам, яму пажыцьцёва прапісалі прымаць пэўныя лекі. У сьледчых ізалятарах Менску, а потым турмы № 4 Магілёва Сацуку не перадавалі рэцэптурныя прэпараты. У магілёўскай калёніі яму дазволілі перадаваць кардыялягічныя прэпараты. Да таго ж яго перавялі на лягчэйшую працу — журналіст перабірае і сартуе сьмецьце.
Праваабаронцы прызналі журналіста палітвязьнем.
Прысуд: 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле артыкулаў 430 Крымінальнага кодэкса («Атрыманьне хабару»), 130 («Распальваньне варожасьці ці варажнечы»), 426 («Перавышэньне ўлады ці службовых паўнамоцтваў»).
Судзьдзя: Сьвятлана Бандарэнка.
Юры Ганцарэвіч, журналіст Intex-Press, за кратамі з 27 красавіка 2022
29 красавіка 2022 году журналіста баранавіцкага выданьня Intex-Press Юрыя Ганцарэвіча асудзілі на 10 сутак арышту. Празь некалькі дзён прапагандысцкія тэлеграм-каналы паведамілі, што журналіст нібыта дасылаў здымкі расейскай ваеннай тэхнікі ў незалежныя СМІ, прызнаныя ўладамі «экстрэмісцкімі».
6 траўня 2022 году Ганцарэвіча абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці». У рэдакцыі Intex-Press прайшоў ператрус.
14 ліпеня 2022 году журналісту прысудзілі 2,5 гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.
Праваабаронцы прызналі Юрыя Ганцарэвіча палітвязьнем.
Прысуд: 2 гады і 6 месяцаў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).
Судзьдзя: Мікалай Грыгаровіч.
Канстанцін Залатых, дырэктар «Белорусы и рынок», за кратамі з 18 траўня 2022
Дырэктара штотыднёвай газэты «Белорусы и рынок» затрымалі 18 траўня 2022 года пасьля вобшуку ў рэдакцыі. У чэрвені яму выставілі крымінальнае абвінавачаньне за нібыта распальваньне варажнечы.
Спачатку Канстанцін знаходзіўся ў СІЗА Жодзіна. У пачатку жніўня 2022 году яго перавялі ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Ягоную справу пачалі разглядаць 24 сакавіка 2023 году ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс амаль адразу зрабілі закрытым. Прысуд вынесьлі 6 красавіка 2023 году.
13 ліпеня 2023 году КДБ дадаў Залатых у «тэрарыстычны сьпіс». 21 ліпеня 2023 году МУС унесла яго ў «сьпіс экстрэмістаў».
Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
Прысуд: 4 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму паводле часткі 2 артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу («Распальваньне варожасьці»), часткі 1 артыкулу 368 КК («Абраза Лукашэнкі»), артыкулу 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»), часткі 2 артыкулу 426 КК («Перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў»).
Судзьдзя: Алена Шылько.
Аляксандар Любянчук, журналіст, за кратамі з 26 траўня 2022
Аляксандар Любянчук апроч журналістыкі займаўся дабрачыннасьцю, ладзіў турыстычныя паходы, аднаўляў гісторыка-культурную спадчыну Наваградчыны. Яго затрымалі пасьля ператрусу ў вёсцы Крывічы Івейскага раёну 26 траўня 2022. Якое менавіта абвінавачаньне яму выставілі, было невядома да самага суду. 27 кастрычніка Менскі гарадзкі суд агучыў вырак: 3 гады калёніі за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім».
МУС уключыла Любенчука ў «сьпіс экстрэмістаў» 17 лютага 2023 году.
Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
Прысуд: 3 гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»).
Судзьдзя: Алена Ананіч.
Юры Гладчук, журналіст abw.by, за кратамі з 16 чэрвеня 2022
Рэдактара спэцпраектаў аўтамабільнага партала «Аўтабізнэс»/abw.by затрымалі 16 чэрвеня 2022 года пасьля вобшукаў. Пазьней яго перавялі ў СІЗА ў межах крымінальнай справы аб групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.
Праваабаронцы прызналі Юрыя Гладчука палітвязьнем. Ягоную справу разглядзелі ў сьнежні 2022 году ў судзе Фрунзенскага раёну Менску. Судзілі яго ўжо паводле двух артыкулаў: да ранейшага дадалі артыкул 368 («Абраза Лукашэнкі»).
Прысуд: 2,5 гады калёніі паводле артыкулаў 342 Крымінальнага кодэкса («Актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») і 368 («Абраза Лукашэнкі»).
Павал Мажэйка, журналіст, за кратамі з 30 жніўня 2022
Кіраўніка горадзенскага «Цэнтру гарадзкога жыцьця» журналіста Паўла Мажэйку затрымалі 30 жніўня 2022 пасьля чарговага вяртаньня ў Беларусь. У кватэры Паўла і ў яго бацькоў правялі ператрусы.
Празь нейкі час яго перавялі ў СІЗА. Паводле «Вясны«, на Паўла завялі крымінальную справу за рэалізацыю ім свабоды выказваньня меркаваньня.
Зь 10 па 26 ліпеня 2023 году над Паўлам Мажэйкам ішоў судовы працэс у Горадзенскім абласным судзе. Яго судзілі разам з адвакаткай Юліяй Юргілевіч. Іх вінавацілі ў тым, што Юргілевіч нібыта двойчы перадала Мажэйку інфармацыю пра сваё звальненьне і пра прысуд мастаку Алесю Пушкіну. Паводле матэрыялаў сьледзтва, журналіст разьмясьціў гэтую інфармацыю на тэлеканале «Белсат», які рэжым Лукашэнкі прызнаў «экстрэмісцкім».
29 чэрвеня 2023 году КДБ дадаў Мажэйку ў «тэрарыстычны сьпіс». 30 чэрвеня 2023 году МУС унесла палітвязьня ў «сьпіс экстрэмістаў».
Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
Прысуд: 6 гадоў калёніі паводле часткі 2 артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу («Іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, зьдзейсьненае паўторна, групай асобаў з папярэдняй змовы»).
Судзьдзя: Максім Філатаў.
Яўген Меркіс, журналіст, за кратамі з 13 верасьня 2022
Яўген Меркіс – вядомы ў Гомлі журналіст. Асьвятляў акцыі пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Яго неаднаразова затрымлівалі, штрафавалі, адпраўлялі на суткі. Пасьля таго, як рэжым Лукашэнкі прызнаў шэраг незалежных мэдыя «экстрэмісцкімі фармаваньнямі», Яўген займаўся краязнаўчай дзейнасьцю. Яго затрымалі пасьля ператрусу дома 13 верасьня 2022 году.
Першапачаткова паведамлялася, што перасьлед зьвязаны з заклікамі да санкцый. Пазьней стала вядома, што яго абвінавацілі ў садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці. Яўгена ў СІЗА №3 зьмяшчалі на чатыры дні ў карцар за тое, што ён нібыта не пагаліўся. Працэс над Яўгенам пачаўся 11 траўня 2023 году ў Гомельскім абласным судзе у закрытым рэжыме. 30 траўня 2023 году Яўгена асудзілі на 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
Прысуд: 4 гады калёніі паводле часткі 3 артыкулу 361-1 Крымінальнага кодэксу («стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім») і частак 1 і 2 артыкулу 361-4 КК («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).
Судзьдзя: Аляксей Хлышчанкоў.
Дзьмітры Семчанка, экс-прапагандыст АНТ, за кратамі зь 15 верасьня 2022
Кіраўнік «прэзыдэнцкага пулу», Дзьмітры Семчанка сышоў зь дзяржаўнага тэлеканалу АНТ пасьля жорсткіх разгонаў акцый пратэсту ў жніўні 2020 году. У верасьні таго году ён адбыў 15 дзён арышту за ўдзел у маршы. 15 верасьня 2022 Дзьмітрыя з жонкай Юліяй (пазьней выпусьцілі) затрымалі ў Менску. Дзьмітрыя двойчы арыштоўвалі на 15 сутак за «дробнае хуліганства».
У кастрычніку стала вядома, што Семчанку вінавацяць у «распальваньні нянавісьці». У праўладных тэлеграм-каналах зьявілася «пакаяльнае відэа», дзе Семчанка кажа, што пад яго пастамі ў сацсетках быў «тэкст, які экспэртная камісія палічыла распальваньнем нянавісьці да супрацоўнікаў міліцыі».
Пазьней стала вядома, што Семчанку вінавацяць у трох допісах у сацыльных сетках «ВКонакте» і Instagram (паводле іншых зьвестак, у «розных Telegram-каналах») у 2020 - 2022 гадах, якія нібыта фармавалі «нэгатыўнае стаўленьне да праваахоўным органаў, вайскоўцаў і прадстаўнікоў дзяржаўнай улады агулам».
9 чэрвеня 2023 году МУС унесла Семчанку ў «сьпіс экстрэмістаў». 14 чэрвеня 2023 году КДБ унёс яго ў «сьпіс тэрарыстаў».
Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
Прысуд: 3 гады калёніі агульнага рэжыму паводле часткі 1 артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу («распальваньне сацыяльнай варожасьці і звады»).
Судзьдзя: Яўген Пісарэвіч.
Андрэй Фамін, капірайтар, за кратамі з 26 кастрычніка 2022 году
Андрэй Фамін родам з Магілёва, жыў у Менску. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Працаваў капірайтарам. Суд над ім пачаўся 15 чэрвеня 2023 году. Фаміна вінавацілі ў тым, што ён нібыта быў рэдактарам і аўтарам артыкулаў для сеткі самвыдату «Весьнікі», якую праз паўтара месяцы пасьля затрыманьня мужчыны прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Таксама яго абвінавацілі ва ўдзеле ў маршы пратэсту 30 жніўня 2020 году і закліках да санкцый.
Суд над Фаміным пачаўся 15 чэрвеня 2023 году ў Менскім гарадзкім судзе. 21 чэрвеня 2023 году яго асудзілі на сем гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Прысуд вынесла Анжэла Касьцюкевіч.
Фамін сядзеў у СІЗА №1 у Менску. Пасьля прысуду яго перавялі ў турму №4 у Магілёве чакаць апэляцыі, якую прызначалі на 8 верасьня 2023 году. У пачатку кастрычніка 2023 году стала вядома, што Андрэя перавялі ў ПК №17 у Шклове.
29 верасьня 2023 году МУС уключыла Фаміна ў «сьпіс экстрэмістаў». Таксама яго ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў» КДБ.
Праваабаронцы прызналі Андрэя Фаміна палітвязьнем.
Прысуд: 7 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле часткі 3 артыкулу 361 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Заклікі да санкцый»), часткі 1 артыкулу 342 КК («Удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак), часткі 3 артыкулу 361-1 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня»).
Судзьдзя: Анжэла Касьцюкевіч.
Ларыса Шчыракова, былая незалежная журналістка, за кратамі з 6 сьнежня 2022
Былую незалежную журналістку з Гомля Ларысу Шчыракову затрымалі 6 сьнежня 2022г. Пазьней стала вядома, што супраць яе распачалі крымінальную справу за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусі».
Непаўналетняга сына Шчыраковай забралі са школы ў прытулак для моладзі ў дзень затрыманьня маці. Пазьней бацька, які жыў у Расеі, забраў сына з прытулку.
Яшчэ ў 2021 годзе Шчыракова публічна заявіла, што сыходзіць з журналістыкі. Працавала фатографам, дакумэнтуючы беларускія культурныя традыцыі і прапануючы ахвочым этнафотасэсіі.
Паводле матэрыялаў справы, Ларыса Шчыракова нібыта зьмясьціла ў інтэрнэце зьвесткі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь. Яе вінавацілі таксама ў «зборы, стварэньні, апрацоўцы, захоўваньні і перадачы інфармацыі для „Вясны“ і „Белсату“».
Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ўключыла Ларысу Шчыракову ў «сьпіс экстрэмістаў» 22 верасьня 2023 году.
Праваабаронцы прызналі яе палітвязьнем.
Прысуд: 3,5 гады калёніі агульнага рэжыму паводле часткак першай і другой артыкулу 361-4 («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») і артыкула 369-1 («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь») і штраф 3500 рублёў.
Судзьдзя: Мікалай Доля.
Павал Падабед, журналіст, апэратар, за кратамі з 21 студзеня 2023
Паўла Падабеда затрымалі 21 студзеня 2023 году ў Менску, калі ён пайшоў на пошту зрабіць плацяжы за навучаньне сына. Імаверна, што затрымлівалі проста на пошце, бо ён не пасьпеў аформіць усе патрэбныя плацяжы, і перастаў выходзіць на сувязь.
Спачатку яму далі 15 сутак арышту за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Яго ўтрымлівалі ў СІЗА Менскага раёну і ў ЦІП на Акрэсьціна. Пасьля на яго завялі крымінальную справу за рэпосты з «экстрэмісцкіх» мэдыя яшчэ 2012 году. Паўла перавялі ў СІЗА на Валадарскага ў Менску. Увосень 2020 году Паўла затрымлівалі за ягоную прафэсійную дзейнасьць на адной з акцый пратэсту.
Суд над Паўлам пачаўся 28 чэрвеня 2023 году. Падчас працэсу выявілася, што яго вінавацяць у супрацоўніцтве зь «Белсатам». Яго падазравалі ў падрыхтоўцы сюжэтаў для расьсьледвальніцкіх праграм — пра зьнікненьне відэаапэратара Дзьмітрыя Завадзкага і забойства журналіста Паўла Шарамета. Таксама стала вядома, што тэлефон Падабеда праслухоўвалі. Прысуд журналісту агучылі 30 чэрвеня 2023 году: 4 гады калёніі агульнага рэжыму.
У кастрычніку 2023 году МУС дадала Паўла Падабеда ў «сьпіс экстрэмістаў».
Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
Прысуд: 4 гады калёніі агульнага рэжыму паводле артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).
Судзьдзя: Яўген Пісарэвіч.
Вячаслаў Лазараў, журналіст, апэратар, за кратамі з 9 лютага 2023
Вячаслава затрымалі дома ў Віцебску 9 лютага 2023 году. Правялі ператрусы па месцы ягонай прапіскі і прапіскі ягонай жонкі, забралі лічбавую тэхніку: тэлефоны, ноўтбук, маленькую відэакамэру. Спачатку яго трымалі ў віцебскім ІЧУ, потым перавялі ў віцебскі СІЗА № 2. Пазьней стала вядома, што яму інкрымінуюць «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці».
У 2018 і ў 2019 гадах Лазарава двойчы каралі штрафамі за «незаконны выраб прадукцыі СМІ» (ч. 2 арт. 22.9 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях). У 2020 годзе суд Кастрычніцкага раёну Віцебска скасаваў справу, пачатую ў дачыненьні да яго паводле таго ж артыкула. Падчас жнівеньскіх падзей 2020 года Лазарава таксама затрымлівалі, тады міліцыянты пратрымалі яго некалькі гадзін у ІЧУ і вызвалілі без пратакола.
6 чэрвеня 2023 году затрымалі жонку Вячаслава Тацяну Пыцько. Малую дачку Тацяны і Вячаслава Еву аддалі ў дзіцячы шпіталь. Спачатку дзіця ўзялі пад апеку дзяржавы, потым апеку аформілі сваякі. На той момант Еве быў 1 год і 1 месяц. Тацяну вінавацілі ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзеле ў ім» (арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі). У сьледчы камітэт трапіў архіў Вячаслава, які захоўваўся на ягоных кампутарах і ў тэлефоне. Там знайшліся відэаздымкі, падчас якіх прысутнічала і Тацяна Пыцько. На думку сьледзтва, такім чынам яна ўзяла ўдзел у дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня. У 2020-м годзе яе штрафавалі за ўдзел у мірных шэсьцях. Праз гэта яна страціла настаўніцкую працу ў школе. Пасьля нараджэньня малодшай дачкі займалася выхаваньнем яе і дваіх старэйшых дзяцей ад першага шлюбу.
Суд над Вячаславам Лазаравым і ягонай жонкай Тацянай Пыцько нібыта за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат» пачаўся 5 верасьня 2023году. Справу разглядалі ў закрытым рэжыме ў Віцебскім абласным судзе. Вячаславу ў верасьні 2023 году далі 5,5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, Тацяне – 3 гады калёніі агульнага рэжыму. У лістападзе 2023 году апэляцыйныя скаргі сужэнцаў разгледзелі ў Вярхоўным судзе Беларусі. Ім перакваліфікавалі склад злачынства на «Уваходжаньне асобы ў склад экстрэмісцкага фармаваньня ў мэтах учыненьня злачынства экстрэмісцкай накіраванасьці (удзел у экстрэмісцкім фармаваньні)» (ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу). Вячаславу паменшылі тэрмін да 5 гадоў калёніі, Тацяну вызвалілі з-пад варты, адтэрмінаваўшы пакараньне.
Прысуд: 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле часткі 3 артыкулу 361-1 Крымінальнага кодэксу «Уваходжаньне асобы ў склад экстрэмісцкага фармаваньня ў мэтах учыненьня злачынства экстрэмісцкай накіраванасьці (удзел у экстрэмісцкім фармаваньні)».
Судзьдзя: Яўген Буруноў.
Аляксандар Манцэвіч, журналіст, галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газэты», за кратамі з 15 сакавіка 2023
Аляксандар Манцэвіч зь Вялейкі стварыў «Рэгіянальную газэту» у красавіку 1995 году і ўзначальваў яе з моманту заснаваньня. Яна стала адным зь першых прыватных выданьняў у Беларусі, да разгрому была вядучым незалежным мэдыя Маладэчна і рэгіёну. Манцэвіч неаднойчы станавіўся пераможцам журналісцкіх конкурсаў і прэмій за высокія стандарты працы.
Яго затрымалі падчас хвалі ператрусаў у рэгіянальных мэдыя 15 сакавіка 2023 году разам з жонкай Нінай Манцэвіч і калегамі Сяргеем Станкевічам і Алегам Рубчэням, апошнім далі 15 дзён адміністрацыйнага арышту за нібыта «непадпарадкаваньне міліцыі», жонку выпусьцілі. 23 сакавіка 2023 году стала вядома, што на 64-гадовага галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газэты» завялі крымінальную справу і пераводзяць у СІЗА. Аляксандра абвінавацілі ў «распаўсюдзе заведама лжывых зьвестак, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады». Падставай сталі артыкулы ў «Рэгіянальнай газэце» за пэрыяд зь 1 студзеня 2020 году да 15 сакавіка 2023 году. «Рэгіянальную газэту» унесьлі ў сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» 7 красавіка 2023 году.
27 верасьня 2023 году пачаўся суд над Манцэвічам. Паводле матэрыялаў справы, дырэктар рэдакцыі «Рэгіянальнай газэты» сумесна зь іншымі асобамі зь 1 студзеня 2020 году па 15 сакавіка 2023 году нібыта распаўсюджваў у друкаваным выданьні і ягоных інтэрнэт-рэсурсах зьвесткі, якія дыскрэдытуюць Беларусь і ейныя органы ўлады. Рэдактар сказаў моцнае апошняе слова: «Майго дзеда расстралялі за Беларусь, а я пабаюся вашых чатырох гадоў, грамадзянін дзяржаўны абвінаваўца? Паглядзіце мне ў вочы. Ніколі». Прысуд агучылі 3 лістапада 2023 году: 4 гады калёніі агульнага рэжыму і 14 тысяч 800 рублёў штрафу.
Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем. Аляксандар Манцэвіч стаў «Журналістам году» — прэміі праваабарончай супольнасьці за абарону і прасоўваньне правоў чалавека ў 2023 годзе.
Прысуд: 4 гады калёніі агульнага рэжыму і 14 тысяч 800 рублёў штрафу.
Судзьдзя: Аляксей Іршын.
Аляксандар Зянкоў, фатограф, фрылянсэр, за кратамі з 22 чэрвеня 2023
Аляксандар Зянкоў працаваў фатографам-фрылянсэрам з 1998 году. Зарэгістраваўся як прыватны прадпрымальнік, сам шукаў сабе працу і плаціў падаткі. Супрацоўнічаў зь мясцовымі незалежнымі выданьнямі. Захапіўся відэаздымкамі, рабіў дакумэнтальныя стужкі. У 2015 годзе журы фэстывалю хрысьціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Магніфікат» адзначыла ягоную працу пра адбудову царквы ў вёсцы Зэмбін. Апошнім часам Аляксандар шмат падарожнічаў, фатаграфаваў краявіды, прыроду, птушак, помнікі архітэктуры. У сьнежні 2022 году ладзіў пэрсанальную фотавыставу.
Зянкова затрымалі 22 чэрвеня 2023 году ў ягоным доме ў Барысаве. Зрабілі ператрус, забралі кампутарную тэхніку. Яго завезьлі ў Менск. Спачатку трымалі ў ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна, потым перавялі ў сьледчы ізалятар №1 на вуліцы Валадарскага. Яго вінавацяць ва «удзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні» (ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі).
Зянкова і раней затрымлівалі міліцыянты, але да адміністрацыйнага або крымінальнага перасьледу не даходзіла. У ліпені 2020 году ён быў у ліку 47 журналістаў і фатографаў, якіх затрымалі ў Менску і адпусьцілі пасьля праверкі дакумэнтаў. У верасьні 2020-га да яго прыходзіла міліцыя, каб папярэдзіць, што нельга парушаць заканадаўства.
12 студзеня 2024 году пачаўся суд над Зянковым у Менскім гарадзкім судзе. Справу разглядала Жанна Брысіна. 30 студзеня суд пакараў яго 3 гадамі пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Зянкова дадалі ў «сьпіс экстрэмістаў».
Аляксандра Зянкова прызналі палітвязьнем.
Прысуд: 3 гады пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле артыкулу 361-1, ч. 3 Крымінальнага кодэксу РБ («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні»).
Ігар Карней, журналіст, за кратамі з 17 ліпеня 2023
Ігар Карней — былы карэспандэнт Радыё Свабода, больш за 20 гадоў асьвятляў на нашых радыёхвалях і вэб-сайце жыцьцё і падзеі ў Беларусі. Ён эсэіст, аўтар тэкстаў пра культурна-гістарычную спадчыну Беларусі і рэпартажаў са шматлікіх падарожжаў па сьвеце.
Ігара затрымалі 17 ліпеня 2023 году. Дома правялі ператрус. Далі 10 сутак арышту ў ізалятары часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна ў Менску. За што яго затрымалі, невядома. Пасьля адміністрацыйнага арышту Карнея ня выпусьцілі. На яго завялі крымінальную справу, перавялі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску. Пазьней стала вядома, што Ігара вінавацяць ва «удзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні».
Журналіста затрымлівалі ў лістападзе 2020 году перад маршам пратэсту. Арыштавалі на 10 сутак. Тады ён сядзеў у ізалятары ў горадзе Жодзіна.
Суд над журналістам пачаўся 19 сакавіка 2024 году ў Менскім гарадзкім судзе. Ігара Карнея судззілі за супрацоўніцтва зь Беларускай асацыяцыяй журналістаў, якую ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». 22 сакавіка 2024 году Карнея асудзілі на 3 гады калёніі агульнага рэжыму, таксама яму далі штраф у 20 тысяч рублёў. Ігара ўнесьлі ў «сьпіс экстрэмістаў».
Журналіста адправілі адбываць пакараньне ў шклоўскую калёнію. Там ён працуе на пілараме. Навучыўся граць у нарды, шмат чытае.
Ігара Карнея прызналі палітвязьнем.
Прысуд: 3 гады пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле артыкулу 361-1, ч. 3 Крымінальнага кодэксу РБ («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні») і штраф у памеры 20 тысяч беларускіх рублёў.
Судзьдзя: Сяргей Кацар.
Аляксандар Ігнацюк, журналіст-фрылянсэр, за кратамі з 18 ліпеня 2023 году
Аляксандар Ігнацюк – журналіст-фрылянсэр з Палесься. У канцы 1990-х і пачатку 2000-х выдаваў незалежную рэгіянальную газэту «Вячэрні Столін», быў яе галоўным рэдактарам. У сьнежні 2003 году Ігнацюка асудзілі за «абразу» былога старшыні Столінскага райвыкнакама Ўладзімера Пашкевіча. Яму далі штраф памерам 30 базавых велічыняў (тады гэта складала каля 230 даляраў). Выхад газэты некалькі разоў прыпыняла Міністэрства інфармацыі. У выніку «Вячэрні Столін» закрыўся. Пазьней Ігнацюк стварыў сайт «Пра Столін». 13 лютага 2024 году сайт stolin.by і асабістую старонку Ігнацюка ў «ВКонтакте» прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», раней яго ўжо заблякавалі на тэрыторыі Беларусі.
18 ліпеня 2023 году Ігнацюка затрымалі. Судовы працэс над ім ішоў з 15 сакавіка па 5 красавіка 2024 году ў закрытым рэжыме ў судзе Столінскага раёну. Ігнацюка прызналі вінаватым у арганізацыі пратэстаў у Століне і Менску, «паклёпе на Лукашэнку» і «вымаганьні». Яго асудзілі на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму і далі штраф у памеры 200 базавых велічыняў (8 тысяч рублёў).
Праваабаронцы прызналі Аляксандра Ігнацюка палітвязьнем.
Прысуд: 6 гадоў калёніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму паводле частак 1 і 2 артыкулу 208 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Вымаганьне»), часткі 1 артыкулу 342 КК Беларусі («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»), часткі 2 артыкулу 367 КК Беларусі («Паклёп на Лукашэнку») і штраф у памеры 200 базавых велічыняў (8 тысяч рублёў).
Судзьдзя: Сяргей Насеня.
Антон Казельскі, відэаапэратар АНТ, за кратамі з 12 кастрычніка 2023 году
Антон Казельскі працаваў апэратарам дзяржаўнага тэлеканала АНТ у 2022-2023 гадах. Нейкі час жыў у Расеі, апошнім часам – у Менску. Жанаты, чацьвёра дзяцей. Малодшае дзіця нарадзілася ўжо пасьля затрыманьня бацькі.
Антона затрымалі на працоўным месцы. Са словаў ягонага былога сукамэрніка, апэратара выклікаў на працу калега, папярэдзіў, каб той узяў апаратуру. Казельскага вінавацяць у «закліках да санкцыяў і іншых дзеяньняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бясьпецы» і «распальваньні варожасьці». Прычынай маглі стаць камэнтары ў Telegram. Суд над Казельскім пачаўся 20 траўня 2024 году. Справу разглядаюць у Менскім гарадзкім судзе.
Праваабаронцы прызналі Антона Казельскага палітвязьнем.
Абвінавачаньне: частка 3 артыкулу 361 Крымінальнага кодэксу («Заклікі да санкцыяў і іншых дзеяньняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бясьпецы»), частка 1 артыкулу 130 КК («Распальваньне варожасьці»).
Судзьдзя: Анжэла Касьцюкевіч.
Анастасія Мацяш, мовазнаўца, карэктарка, рэдактарка, за кратамі з 15 лістапада 2023 году
Настасься Мацяш – філёляг, мовазнаўца, карэктарка. Яе затрымалі 15 лістапада 2023 году. Настасьсю абвінавацілі ў супрацоўніцтве зь «Белсатам», які прызналі ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Паводле матэрыялаў справы, Настасься была моўнай кансультанткай польскага тэлебачаньня «TVP» з чэрвеня 2021 году па лістапад 2023 году, праводзіла моўныя кансультацыі, перакладала, карэктавала, рэдагавала тэксты, якія далей выкарыстоўвалі на «Белсаце». Як сьцьвярджаў бок абвінавачаньня, за ўдзел у «экстрэмісцкай дзейнасьці» Мацяш нібыта атрымала даход у суме 40 тысяч польскіх злотых, 12 258 даляраў і 8575 эўра. Настасься не прызнала віну.
Прысуд Настасьсі агучылі ў Менскім гарадзкім судзе 19 красавіка 2024 году. Яе асудзілі на 2 гады калёніі агульнага рэжыму і далі штраф памерам 500 базавых велічынь (20 тысяч рублёў). У яе канфіскавалі асабісты кампутар і мабільны тэлефон. У пастанове суду сьцьвярджаецца, што з Мацяш спагналі 102 415 рублёў і 12 капеек «у якасьці даходу, атрыманага злачынным шляхам».
МУС унесла Анастасію ў «экстрэмісцкі сьпіс» 19 ліпеня 2024 году.
Анастасію Мацяш прызналі палітзьняволенай.
Прысуд: Прысуд: 2 гады пазбаўленьня волі ва ўмовах калёніі агульнага рэжыму паводле часткі 3 артыкулу 361-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні»).
Судзьдзя: Сьвятлана Макарэвіч.
Алесь Сабалеўскі, блогер, фрылянсэр, за кратамі з 12 сьнежня 2023
Алесь Сабалеўскі – былы магілёўскі блогер і журналіст, супрацоўнічаў з шэрагам незалежных рэгіянальных выданьняў. Вёў Youtube-канал пра падзеі культурнага і грамадзкага жыцьця ў Магілёве.
Блогера затрымалі ранкам 12 сьнежня 2023 году ў Магілёве. Яго забралі з працы ў пункце пракату. За некалькі дзён да гэтага прайшла хваля затрыманьняў і ператрусаў у магілёўскіх журналістаў. Іх дапытвалі ў КДБ, калі інфармацыйныя рэсурсы «Магілёў. Меdia» і 6TV Bielarus прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі»
Сабалеўскаму спачатку далі 10 сутак арышту, за што – невядома. Потым на яго склалі яшчэ адзін адміністрацыйны пратакол – за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў (артыкул 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэньнях Беларусі). Аднак і пасьля другога адміністрацыйнага арышту 6 студзеня ён ня выйшаў на свабоду.
Паводле вэрсіі тэлеграм-канала Mayday Team, які вядуць магілёўскія журналісты і праваабаронцы, Алеся Сабалеўскага маглі перавесьці ў сьледчы ізалятар.
У студзені 2021-га да Сабалеўскага ўжо прыходзілі з вобшукам. Тады ператрусы правялі ў офісе рэдакцыі інфармацыйнага сайта «Магілёўскі рэгіён» і ў кватэрах шэрагу рэгіянальных журналістаў. Тэхніку, якую забралі падчас ператрусаў, журналістам вярнулі толькі ў кастрычніку 2022 году.
Паводле інфармацыі ад людзей, якія знаходзіліся з Алесем Сабалеўскім у адной камеры ІЧУ ў першыя дні пасьля ягонага затрыманьня, яго білі на допытах, на целе журналіста было відаць гематомы.
Разглядаць справу Алеся Сабалеўскага разам са справай Яўгена Глушкова пачалі 12 ліпеня 2024 году ў Магілёўскім абласным судзе. Алеся прызналі вінаватым ва «удзеле ў вайне ва Ўкраіне», а таксама ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзеле ў ім». Справу разглядаў судзьдзя Дзьмітры Кранжыеўскі. Прысуд агучылі 31 ліпеня 2024 году. Сабалеўскага асудзілі на 4 гады зьняволеньня.
Алеся Сабалеўскага прызналі палітвязьнем.
Прысуд: 4 гады калёніі паводле часткі 1 артыкулу 361-3 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Удзел у баявых дзеяньнях на тэрыторыі замежнай дзяржавы без упаўнаважаньня дзяржавай»); часткі 1 артыкулу 361-1 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»); часткі 3 артыкулу 361-1 КК («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні») і 8 тысяч рублёў штрафу.
Судзьдзя: Дзьмітры Кранжыеўскі.
Алесь Марчанка, відэаапэратар, за кратамі з 4 студзеня 2024
Алеся Марчанку спачатку затрымалі ў адміністрацыйнай справе 19 кастрычніка 2023 году. Двойчы яго арыштоўвалі на 15 дзён. У адным з выпадкаў яго вінавацілі ў «распаўсюдзе экстрэмізму» (частка 2 артыкулу 19.11 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях).
Апэратара ўзялі пад варту ў крымінальнай справе 4 студзеня 2024 году. Яго вінавацілі ў супрацоўніцтве з тэлеканалам «Белсат». Працэс над Марчанкам пачаўся 25 сакавіка 2024 году ў Менскім гарадзкім судзе. Яго асудзілі на 3 гады калёніі агульнага рэжыму. Да апэляцыі яго трымалі ў турме №4 у Магілёве. 4 чэрвеня 2024 году прысуд набыў моц.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў MayDay, Глушкова затрымалі штурмам дому, бо ён не адчыніў дзьверы сілавікам. Яго выцягнулі на вуліцу ў адзеньні, у якім ён знаходзіўся дома. Паводле некаторых зьвестак, крымінальную справу завялі за журналісцкую дзейнасьць. Меркаваны артыкул – «Стварэньне або ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні» (артыкул 361-1 Крымінальнага кодэксу).
28 чэрвеня 2024 году Марчанку ўнесьлі ў «сьпіс экстрэмістаў».
Прысуд: 3 гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле часткі 3 артыкулу 361-1 Крымінальнага кодэксу («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні»).
Судзьдзя: Сьвятлана Макарэвіч.
Яўген Глушкоў, журналіст, відэаапэратар, за кратамі з 5 студзеня 2024
Яўген Глушкоў – былы магілёўскі журналіст і відэаапэратар. У 1990-я і 2000-я працаваў на гарадзкой тэлевізіі, пасьля супрацоўнічаў зь некалькімі гарадзкімі парталамі.
Глушкоў у апошні раз зьвязваўся са знаёмымі 4 студзеня 2024 году. Пасьля гэтага дома не зьяўляўся, нікому не пісаў, не тэлефанаваў. Знаёмыя мяркуюць, што Глушкова затрымалі 4 або 5 студзеня. Суседзі бачылі, як яго выводзяць міліцыянты. Яўген жыў адзін, кантакты з жонкай і сынам апошнім часам не падтрымліваў. Жонцы сьледчы паведаміў, што Глушкоў пад сьледзтвам. Сілавікі прымусілі Глушкова запісаць відэа, дзе ён кажа, што супрацоўнічаў з інтэрнэт-рэсурсам 6tv.by. Гэтае мэдыя абвешчанае ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваньнем»
У сьнежні 2023 году прайшла хваля затрыманьняў і ператрусаў у магілёўскіх журналістаў. Іх дапытвалі ў КДБ, калі інфармацыйныя рэсурсы «Магілёў. Меdia» і 6TV Bielarus прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».
У траўні 2018 году Глушкова аштрафавалі на 735 рублёў (30 базавых) за «выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі».
Паводле інфармацыі праваабаронцаў MayDay, Глушкова затрымалі штурмам дому, бо ён не адчыніў дзьверы сілавікам. Яго выцягнулі на вуліцу ў адзеньні, у якім ён знаходзіўся дома. Паводле некаторых зьвестак, крымінальную справу завялі за журналісцкую дзейнасьць. Меркаваны артыкул – «Стварэньне або ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні» (артыкул 361-1 Крымінальнага кодэксу).
Разглядаць справу Яўгена Глушкова разам са справай Алеся Сабалеўскага пачалі 12 ліпеня 2024 году ў Магілёўскім абласным судзе. Яўгена прызналі вінаватым ва «удзеле ў вайне ва Ўкраіне», а таксама ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзеле ў ім». Справу разглядаў судзьдзя Дзьмітры Кранжыеўскі. Прысуд агучылі 31 ліпеня 2024 году. Глушкова асудзілі на 3 гады зьняволеньня.
Праваабаронцы прызналі Яўгена Глушкова палітвязьнем.
Прысуд: 3 гады калёніі паводле часткі 1 артыкулу 361-3 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Удзел у баявых дзеяньнях на тэрыторыі замежнай дзяржавы без упаўнаважаньня дзяржавай»); часткі 1 артыкулу 361-1 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»); часткі 3 артыкулу 361-1 КК («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні») і 8 тысяч рублёў штрафу.
Судзьдзя: Дзьмітры Кранжыеўскі.
Алена Цімашчук, журналістка, дата затрыманьня невядомая
Алена Цімашчук працавала як пазаштатная журналістка ў рэгіянальных выданьнях «Вечерний Брест», «Брестский курьер», «Брестская газета», «Виртуальный Брест», «Брестский зелёный портал». Падчас супрацы зь незалежнымі выданьнямі не рыхтавала публікацый на палітычныя тэмы. Пісала на тэмы псыхалёгіі (адукацыяй яна псыхоляг). Рабіла рэклямныя артыкулы.
Калі Алену затрымалі, невядома. Яе абвінавацілі ў «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь», «распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці», «удзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні». Працэс праходзіў у Берасьцейскім абласным судзе. 3 чэрвеня 2024 году Алену Цімашчук асудзілі на 5 гадоў калёніі агульнага рэжыму і 46 тысяч рублёў штрафу.
Праваабаронцы прызналі яе палітычнай зьняволенай.
Прысуд: 5 гадоў у калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле артыкулу 369-1 Крымінальнага кодэксу («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»), часткі 3 артыкулу 130 КК («Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці»), часткі 3 артыкулу 361-1 КК («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні») і штраф 46 тысяч рублёў.
Судзьдзя: Дзьмітры Карасінскі.
Яўген Нікалаевіч, журналіст, за кратамі з пачатку 2024
Яўген Валер'евіч Нікалаевіч — фота- і відэакарэспандэнт рэгіянальнага выданьня «Медиа-Полесье». У 2020 годзе асьвятляў пратэсты супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Пінску. 10 жніўня 2020 году яго затрымалі ў горадзе падчас працы і пабілі. Адправілі спачатку ў пінскі ізалятар часовага ўтрыманьня, а пазьней ў штрафны ізалятар папраўчай калёніі ў Івацэвічах.
У канцы жніўня 2020 году журналіста зноў затрымалі падчас асьвятленьня мірнай акцыі пратэсту ў Пінску. Асудзілі на адміністрацыйны арышт, які ён адбыў у лістападзе 2020 году. Пасьля гэтага Нікалаевіч выехаў зь Беларусі. За мяжой працаваў у сфэры, не зьвязанай з журналістыкай.
На пачатку 2024 году Яўген вярнуўся ў Беларусь. Калі дакладна яго затрымалі, невядома. Яго абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх». У пачатку кастрычніка 2024 году ў Пінску яму вынесьлі прысуд, які — невядома. На 3 сьнежня 2024 году прызначылі разгляд апэляцыйнай скаргі Нікалаевіча ў Берасьцейскім абласным судзе.
Абвінавачаньне: частка 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
Судзьдзя: Яўгенія Мельнік.
Вольга Радзівонава, журналістка, за кратамі з 7 сакавіка 2024
Вольгу Радзівонаву затрымалі 7 сакавіка 2024 году. Яе ўтрымліваюць у СІЗА № 1. Падчас сьледзтва яе накіроўвалі на псыхіятрычную экспэртызу ў лякарню ў Навінках.
Вольгу абвінавачваюць у «паклёпе на Лукашэнку», «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь», «распальваньні варожасьці ці звады, «абразе Лукашэнкі». Яе пачалі судзіць у Менскім гарадзкім судзе 16 лістапада 2024 году. Справу разглядае Вера Галаўкова.
Маці Вольгі больш за 80 гадоў, яна хварэе, патрабуе пастаяннага догляду.
Радзівонаву прызналі палітзьняволенай.
Абвінавачаньне: артыкул 368 Крымінальнага кодэксу («Абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь»), артыкул 130 КК («Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці або звады»), артыкул 367 КК («Паклёп на прэзыдэнта), артыкул 369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»).
Судзьдзя: Вера Галаўкова.
Данііл Палянскі, журналіст, за кратамі з 3 верасьня 2024
Данііл Палянскі — берасьцейскі журналіст, відэаапэратар. Супрацоўнічаў зь дзяржаўнымі і камэрцыйнымі тэлеканаламі, незалежнымі рэгіянальнымі сайтамі. У апошнія гады быў валянтэрам пошукава-выратавальнага атрада «Анёл» у Берасьці.
На пачатку верасьня 2024 году ён езьдзіў у Расею да сваякоў. У дарозе яго спынілі супрацоўнікі Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі. Абвінавацілі ў тым, што ён нібыта не падпарадкаваўся і не паказаў дакумэнтаў. Паводле знаёмых Палянскага, у гэты момант пашпарт быў у руках супрацоўніка ФСБ. Калі ён вярнуўся ў Берасьце, яго затрымаў КДБ.
Палянскага вінавацяць у «здрадзе дзяржаве». Яго прызналі прызналі палітвязьнем.
Абвінавачаньне: артыкул 356 Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве»).
Ігар Ільяш, журналіст, за кратамі з 22 кастрычніка 2024
Ігар Ільяш — журналіст, супрацоўнічаў зь беларускімі незалежнымі СМІ. Пра ягонае затрыманьне стала вядома ў кастрычніку 2024 году з праўладных тэлеграм-каналаў. Паводле іх, Ільяша абвінавачваюць у «садзейнічаньні экстрэмісцкім фармаваньням» — за тое, што даваў інтэрвію незалежным мэдыя, а таксама нібыта «займаўся зборам зьвестак для замежных выведак» — даваў камэнтары ўкраінскім выданьням.
Яго прызналі палітвязьнем.
Раней Ігара затрымлівалі 16 ліпеня 2021 году падчас хвалі ператрусаў у незалежных журналістаў па ўсёй Беларусі. У ягонай кватэры правялі вобшук, забралі тэхніку і кнігі. Журналіста затрымалі ў межах крымінальнай справы. Зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на 10 дзён. Тады Ігар выйшаў на волю 26 ліпеня 2021 году.
Жонка Ігара Ільяша, журналістка Кацярына Бахвалава за кратамі з 15 лістапада 2020 году з палітычных прычын. Яе спачатку асудзілі на 2 гады калёніі, а пазьней — на 8 гадоў і 3 месяцы калёніі.
Абвінавачаньне: невядомае