Крымінальную справу аб фінансаваньні выбарчай кампаніі 2007 году Нікаля Сарказі рэжымам лібійскага дыктатара Муамара Кадафі перадалі ў суд, паведаміла Нацыянальная фінансавая пракуратура Францыі. Так, адзначае RFI, паставілі кропку ў дзесяцігадовым расьсьледаваньні.
Працэс папярэдне прызначаны на пачатак 2025 году. Сарказі, асуджаны ўжо па дзьвюх справах карупцыйнага характару (ён аспрэчваў гэтыя прысуды), заяўляе пра сваю поўную невінаватасьць у так званай «лібійскай справе». Разам зь ім перад судом паўстануць 12 чалавек, сярод якіх тры былыя міністры ва ўрадзе Сарказі.
Пра завяршэньне расьсьледаваньня стала вядома 11 траўня. Нацыянальная фінансавая пракуратура (PNF), якая кіравала расьсьледаваньнем, выказалася за перадачу справы ў суд, рыхтуючыся падтрымаць абвінавачаньне. Апошняе слова заставалася за судовымі сьледчымі. Як піша RFI, 24 жніўня дзьве сьледчыя па «лібійскай справе» падпісалі 557-старонкавую пастанову аб яе перадачы ў суд.
Галоўны сьведка абвінавачаньня, сьцьвярджаў, што ў канцы 2006 — пачатку 2007 гадоў перадаў 5 млн эўра Нікаля Сарказі, які займаў тады пасаду кіраўніка МУС, і кіраўніку яго міністэрскага кабінэта Клоду Геану.
Сарказі паўстане перад крымінальным судом па абвінавачаньні ў «пасіўнай карупцыі», «злачыннай змове», «незаконным фінансаваньні выбарчай кампаніі» і «утойваньні незаконнага прысваеньня дзяржаўных сродкаў» Лібіі.