У расейскіх тэлеграм-каналах усе выходныя пісалі пра выбухі і абстрэлы Шабекіна Белгарадзкай вобласьці, МНС Расеі заклікала людзей спускацца ва ўкрыцьці. Пазьней Міністэрства абароны Расеі абвясьціла пра нібыта адбіцьцё спробы «дывэрсійна-выведнай групы» пераправіцца праз раку ў раёне населенага пункту Новая Тавалжанка Белгарадзкай вобласьці.
Жыхарка Новай Тавалжанкі Натальля Чарамчанка расказала праекту «Настоящее время», што адбываецца ў горадзе:
«Сытуацыя ўвогуле ніяк не асьвятляецца. Сухія факты, якія перадае наш урад, наша Міністэрства абароны, абсалютна не паказваюць сытуацыі, якая дзеецца там, — кажа жанчына. — Палова людзей, якія цяпер там гінуць, вяртаючыся па свае рэчы, пра іх таксама нічога не асьвятляецца».
Па словах Натальлі, абстрэлы працягваюцца з кастрычніка мінулага году. У канцы траўня жанчына зьехала зь дзецьмі на конкурс і ўжо не змагла вярнуцца:
«Людзі, якія вяртаюцца па рэчы, трапляюць пад абстрэлы. Хуткая туды не прыяжджае. Калі дабраўся да месца за горадам, Шабекіна, цябе вывезуць. Не дабраўся — ты ляжыш там і можаш загінуць», — кажа Натальля.
«Страляюць па ўсім, што едзе, па мірных жыхарах, — працягвае жанчына. — Усё, што рухаецца, па гэтым страляюць. Сытуацыя не пад кантролем нашага войска. Марадзёры працуюць вельмі моцна, хоць губэрнатар абяцаў, што ўзмоцніць ахову. Але якая ахова, калі там абстрэлы шалёныя ідуць проста?»
Яшчэ адзін жыхар Новай Тавалжанкі, Ігар Гарашанскі, расказаў, што ў горадзе цяпер «усё разьбіта»:
«Карацей, там усё гарыць. Я вось зараз стаю, зь Белгараду відаць дым. Калі зьяжджаў, дом яшчэ цэлы быў. Але паўвуліцы ўжо не было», — кажа Гарашанскі.
У горадзе няма электрычнасьці, няма вады, няма мабільнай сувязі. Намесьнік губэрнатара Канстанцін Паляжаеў заяўляў, што электрычнасьць і водазабесьпячэньне адновяць бліжэйшым часам.
Паведамляецца таксама, што зьявіліся марадзёры. Улады кажуць, што імкнуцца ўзмацніць патрулі, але ні супрацоўнікаў шэбекінскай тэраабароны, якія павінны патруляваць, ні сілавікоў для поўнага кантролю сытуацыі ў горадзе не хапае. Паралельна з гэтым у горадзе ідуць абстрэлы. І кантраляваць сытуацыю так, каб марадзёрства не было, цяпер немагчыма.
Што адбываецца ў Белгарадзкай вобласьці
У ноч на 6 чэрвеня губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў паведаміў, што ў выніку атакі бесьпілётніка загарэўся адзін з энэргетычных аб’ектаў рэгіёну. Але запэўніў, што няма ні пацярпелых, ні адключэньняў ад электраэнэргіі.
Некаторыя ўкраінскія тэлеграм-каналы паведамляюць, што расейскія добраахвотнікі кантралююць некалькі населеных пунктаў у Белгарадзкай вобласьці.
Прадстаўнікі легіёну «Свабоды» пакуль не ўдакладняюць сытуацыю. Яны паведамілі, што ўлады Расеі адмовіліся ад перамоў па абмене палоннымі, таму захопленых расейскіх вайскоўцаў перадалі на падкантрольную Ўкраіне тэрыторыю ў так званы «Абменны фонд».
Ва ўмовах вайны і абмежаваньняў для незалежных СМІ на тэрыторыі Расеі высьветліць дакладную сытуацыю ў рэгіёне немагчыма.
Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што ўлады Белгарадзкай вобласьці і Міністэрства абароны Расеі не каардынуюць рэакцыі на «абмежаваныя памежныя рэйды» добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Ўкраіны.
«Дысананс расейскіх адказаў і паведамленьняў пра рэйд у Белгарадзкай вобласьці працягвае сьведчыць пра тое, што расейскае кіраўніцтва яшчэ ня вырашыла, як рэагаваць на гэтыя абмежаваныя памежныя рэйды», — адзначаецца ў справаздачы Інстытуту вывучэньня вайны.
Паводле экспэртаў, рэакцыя ў асноўным канцэнтруецца «на інфармацыйных эфэктах», і няма ніякіх прыкмет таго, што расейскае кіраўніцтва вызначыла шырэйшую палітыку па прадухіленьні далейшых абмежаваных рэйдаў у памежныя расейскія рэгіёны.
У Інстытуце вывучэньня вайны мяркуюць, што ўлады так і не змаглі арганізаваць эвакуацыю мясцовых жыхароў, нягледзячы на адпаведныя заявы кіраўніцтва Белгарадзкай вобласьці.