Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маладыя ня хочуць, каб паліцыя прыходзіла да іх дзьвярэй раніцай толькі таму, што яны напісалі твіт». Як ідзе выбарчая гонка ў Турэччыне


Перадвыбарчы мітынг у Турэччыне. Ілюстрацыйнае фота
Перадвыбарчы мітынг у Турэччыне. Ілюстрацыйнае фота

Кандыдат у прэзыдэнты Турэччыны і лідэр «Партыі айчыны» Мухарэм Інджэ заявіў, што здымае сваю кандыдатуру з выбараў, якія павінны адбыцца ў нядзелю, 14 траўня, піша турэцкае інфармагенцтва Anadolu.

Прычынай свайго ўчынку Інджэ назваў хвалю кампрамату, які абрынуўся на яго падчас выбарчай кампаніі. Палітык заявіў, што на працягу 45 дзён у турэцкіх СМІ распаўсюджваліся фэйкавыя фатаздымкі, якія кампрамэтуюць яго, а праваахоўныя органы ня сталі расьсьледаваць гэтыя факты. Інджэ таксама падкрэсьліў, што дзяржава ня здолела абараніць ягоную рэпутацыю як грамадзяніна краіны і кандыдата ў прэзыдэнты Турэччыны, піша «Настоящее время».

У той жа час Інджэ, як піша DW, не сказаў, што здымае сваю кандыдатуру на карысьць нейкага кандыдата ў прэзыдэнцкай гонцы. Ён таксама заклікаў грамадзян Турэччыны галасаваць за сваю партыю на парлямэнцкіх выбарах, якія адбудуцца паралельна з прэзыдэнцкімі, 14 траўня.

Тым часам асноўны супернік дзейнага шматгадовага прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпа Таіпа Эрдагана, Кемаль Кылічдараглу, якога падтрымлівае апазыцыйны альянс з шасьці партый, кажа, што ў выпадку перамогі ён прынясе краіне свабоду і дэмакратыю, чаго б гэта ні каштавала.

«Моладзь хоча дэмакратыі, — заявіў ён BBC. — Яны ня хочуць, каб паліцыя прыходзіла да іх дзьвярэй раніцай толькі таму, што яны напісалі твіт».

Кемаль Кылічдараглу — галоўны супернік лідэра ісламістаў на выбарах 14 траўня, ён мае невялікае лідэрства ў апытаньнях грамадзкай думкі. Чакаецца, што гэтая напружаная гонка выйдзе ў другі раўнд.

Цяпер туркі могуць трапіць у турму за «абразу прэзыдэнта».

«Я кажу маладым людзям, што яны могуць свабодна крытыкаваць мяне. Я буду сачыць за тым, каб яны мелі гэта права», — кажа 74-гадовы Кылічдараглу.

«Быць у палітыцы ў Турэччыне азначае выбраць жыцьцё з рызыкай. Я буду ісьці сваім шляхам, што б ні рабілі Эрдаган і ягоныя саюзьнікі, — цытуе яго ВВС. — Яны ня могуць спужаць мяне. Яны ня могуць мяне напалохаць. Я даў абяцаньне гэтай нацыі».

Кылічдараглу сказаў карэспандэнту ВВС перад адным зь мітынгаў, што ён пераарыентуе краіну і аддасьць прыярытэт адносінам з Захадам, а не з Крамлём.

«Мы хочам стаць часткай цывілізаванага сьвету, — кажа ён. — Мы хочам свабодных СМІ і поўнай незалежнасьці судовай сыстэмы. Эрдаган ня думае так. Ён хоча быць больш аўтарытарным. Розьніца паміж намі і Эрдаганам — гэта розьніца паміж чорным і белым».

Як заўважае ВВС, Турэччына цяпер у няпростай эканамічнай сытуацыі. Многія вінавацяць у нястрымнай інфляцыі эканамічную палітыку дзейнага прэзыдэнта. Той, хто пераможа, атрымае ў спадчыну разбураную эканоміку і падзеленую нацыю.

Тым ня менш, многія рэлігійныя кансэрватары будуць трымацца Эрдагана. Ён размаўляе на іх мове. І ён падмацаваў сваю падтрымку перадвыбарчымі выдаткамі, уключаючы павышэньне заробкаў.

З набліжэньнем дня выбараў адчуваецца напружаньне. Новае апытаньне грамадзкай думкі паказвае, што Кылічдараглу атрымае прэзыдэнцкую пасаду, але альянс прэзыдэнта Эрдагана лідзіруе ў барацьбе за парлямэнт.

Паколькі перадвыбарчая напружанасьць павялічваецца і, хутчэй за ўсё, адбудзецца другі тур, ніхто ня можа быць упэўнены, што наступныя тыдні пройдуць спакойна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG