Выканаўчага дырэктара Фонду спартовай салідарнасьці (BSSF) Аляксандра Апейкіна і экс-кіраўніцу Фонду Аляксандру Герасіменю, якіх раней пакаралі завочна 12 гадамі зьняволеньня кожнага, дадалі ў «сьпіс экстрэмістаў».
Акрамя іх, 21 красавіка МУС унесла ў «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці», яшчэ 23 прозьвішчы — цяпер у ім 2735 чалавек.
Так, ў сьпіс трапілі старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук, яго намесьнік Сяргей Антусевіч і бухгальтарка Ірына Бут-Гусаім, а таксама фігурант «справы Зельцара» Арцём Задруцкі.
У Берасьці былога супрацоўніка МТС судзілі па справе «Чорнай кнігі Беларусі»
У Берасьцейскім абласным судзе 23 сакавіка пачаўся суд над Андрэем Цыпаком. Былога супрацоўніка МТС зь Берасьця затрымалі на пачатку лістапада 2022 году. У відэа сілавікоў ён казаў, што ў 2020–2021 гадах працаваў у МТС, меў доступ да дадзеных. Як сьцьвярджаюць сілавікі, Андрэй перадаў у «Чорную кнігу Беларусі» дадзеныя некалькіх дзяржаўных службовых асобаў і пракурораў.
Былы сукамэрнік Цыпака расказаў праваабаронцам, што падчас затрыманьня Андрэя моцна зьбілі.
Мужчыну абвінавачвалі паводле трох артыкулаў КК: ч. 3 арт. 130 (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці), ч. 3 арт. 352 (неправамернае завалоданьне кампутарнай інфармацыяй), ч. 3 арт. 203-1 (незаконныя дзеяньні ў адносінах да асабістых дадзеных).
Справу Андрэя разглядалі ў закрытым рэжыме, таму вынік суду праваабаронцам невядомы.
Мастаку Генадзю Драздову прад’явілі яшчэ адно абвінавачаньне
Мастака і былога кіраўніка творчай суполкі «Пагоня» Генадзя Драздова затрымалі ў сярэдзіне жніўня. Суд прызначыў яму 15 дзён арышту, але на волю ён так і ня выйшаў. Адразу паведамлялі, што на яго завялі крымінальную справу за «актыўны ўдзел у акцыях пратэсту» ў 2020 годзе (арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі).
Цяпер праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што яго таксама вінавацяць у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 арт. 361-4 КК).
Суд над ім адбудзецца 2 траўня ў Менгарсудзе. Справу будзе разглядаць судзьдзя Яўген Пісарэвіч.
У Беларусі 3 новыя палітвязьні
Беларускія праваабаронцы прызналі палітзьняволенымі яшчэ трох чалавек:
- Аляксей Камароўскі — асуджаны на 4 гады пазбаўленьня волі па арт. 364 (Гвалт або пагроза яго прымяненьня ў дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў) і арт. 365 Крымінальнага кодэксу (умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка органаў унутраных спраў) за спробу пазьбегнуць гвалту з боку супрацоўнікаў МУС 10 жніўня 2020 году шляхам манэўраваньня на аўтамабілі, што расцэнена як пагроза супрацоўніку МУС;
- Ільля Шакіраў — асуджаны на 2 гады пазбаўленьня волі па арт. 364 КК за пагрозы ў адрас кіраўніка ГУБАЗіК МУС;
- Барыс Протасаў — асуджаны па арт. 364 і ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) за ўдзел у мірным сходзе і перакрыцьцё дарогі аўтамабілю супрацоўнікаў МУС падчас мірнай дэманстрацыі, расцэненае імі як пагроза прымяненьнем гвалту.
Агулам па стане на 25 красавіка беларускія праваабаронцы афіцыйна прызналі палітычнымі зьняволенымі 1497 чалавек.