Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нават у такіх умовах беларусы могуць уплываць на многае», — Ціханоўская запісала адкрыты ліст мужа ў гадавіну яго затрыманьня


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

29 траўня споўнілася роўна два гады з моманту затрыманьня блогера Сяргея Ціханоўскага на перадвыбарчым пікеце ў Горадні. Дэмакратычная лідэрка Беларусі апублікавала з гэтай нагоды «адкрыты ліст да Сяргея Ціханоўскага».

«29 траўня — гэта дата, якая зьмяніла маё жыцьцё. Таму што 2 гады таму ў гэтую дату я апошні раз бачыла свайго мужа. З тых часоў нашыя зь Сяргеем жыцьці не належаць ні нам, ні нашым дзецям», — так пачынае свой відэазварот Сьвятлана Ціханоўская.

Яна адзначае, што за ўвесь гэты час ніводзін яе ліст ня трапіў да Сяргея Ціханоўскага за краты, таму сёньня вырашыла апублікаваць гэты адкрыты ліст да мужа.

«Ты цудоўна разумеў, на што ідзеш і каму супрацьстаіш. Але ты заўжды верыў у сілу і годнасьць беларусаў. І ты меў рацыю. Нават з такім узроўнем рэпрэсій беларусы супрацьстаяць вайне», — кажа Сьвятлана.

Яна падкрэсьлівае, што хоць у моманты стомы і адчаю можа здавацца, што «ў 2020-ым мы былі занадта наіўныя, што нашых сіл недастаткова, каб нешта зьмяніць», але яшчэ на пачатку вайны беларусаў лічылі паўнавартаснымі агрэсарамі, і менавіта беларусы гэта зьмянілі.

«Гэта паказвае, што нават у такіх умовах беларусы могуць уплываць на многае. І ты ведаеш, што яшчэ на свае вочы пабачыш, як адмірае ўсё тое, чаму ты супрацьстаяў», — кажа Сьвятлана Ціханоўская.

Яна прызнаецца, што сапраўды за гэтыя два гады «стала больш жорсткай», як і казаў ёй раней Сяргей Ціханоўскі.

«Раней мы заплюшчвалі вочы на сьмяротныя пакараньні невінаватых, ня зьвязвалі тое, якая ў нас улада, з тым, як часта ў краіне паўтараецца крызіс, пагаджаліся з тым, што кошты ў краіне растуць, а заробкі таюць. Бо, як жартавалі бабулі, „ніколі асабліва добра не жылі — няма чаго і пачынаць“.

Калі б мы толькі ведалі, дзе апынемся, перастаўшы заплюшчваць вочы і пачаўшы прымаць рашэньні, якія паўсталі перад намі. У гэтага ёсьць вялізная цана, якая і зрабіла нас усіх больш жорсткімі. Але менавіта дзякуючы таму, што ты абраў не заставацца ўбаку, мы пабачылі, як нас шмат», — кажа Ціханоўская.

Яна верыць, што Сяргей усё зрабіў правільна, яму ёсьць чым ганарыцца, і яна разам з мужам зробіць усё, «каб нашы дзеці расьлі ў свабодзе і каханьні».

«Ты не перадумаў, не адмовіўся ад сваіх перакананьняў, ня кінуў сваю мару. А значыць і я не перадумаю, не адмоўлюся і ня кіну. Бо мара ў нас з табой агульная», — кажа Сьвятлана Ціханоўская.

Затрыманьне Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
  • Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
  • З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
  • Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
  • ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG