У інтэрвію ВВС пасол адзначыў, што Ўкраіна цяпер знаходзіцца пад пагрозамі і ціскам, і, калі выхадам з гэтай сытуацыі можа быць зьмяненьне стаўленьня да сяброўства ў NATO, яна можа праявіць «гнуткасьць».
Пры гэтым са слоў Прыстайкі вынікае, што сам ён падтрымлівае ўступленьне краіны ў NATO і ня лічыць яго пагрозай для Расеі.
Словы Прыстайкі выклікалі нэгатыўную рэакцыю прэс-сакратара прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага. Ён заявіў, што ўступленьне ў ЭЗ і NATO зьяўляецца для Кіева «абсалютным прыярытэтам», і нагадаў, што аб гэтым напісана ў Канстытуцыі краіны.
Неўзабаве пасьля гэтага Прыстайка заявіў ВВС, што Ўкраіна не адмовіцца ад курсу на сяброўства ў NATO, а сам ён меў на ўвазе, што Кіеў можа пайсьці на розныя саступкі, але не ў гэтым пытаньні.
У МЗС Украіны таксама адрэагавалі на заяву Прыстайкі і заявілі, што словы аб адмове ад NATO вырваныя з кантэксту.
Пра гэта паведаміў у кам’нтары РБК-Украіна сmпікер МЗС Украіны Алег Нікаленка^
«Словы амбасадара Ўкраіны ў Вялікабрытаніі Вадзіма Прыстайкі аб тым, што Ўкраіна нібыта гатовая разгледзець адмову ад членства ў NATO для прадухіленьня вайны з Расеяй вырваныя з кантэксту», — заявіў ён.
Разам з тым, у МЗС адзначылі, што дзеля міру і захаваньня жыцьцяў грамадзян Украіна гатовая ісьці на любыя фарматы дыялёгаў з краінамі і міжнароднымі арганізацыямі.
Стратэгічная мэта — уступленьне ў NATO і ЭЗ — запісана ва ўкраінскай Канстытуцыі. Згодна з рашэньнем Бухарэсцкага саміту NATO ад 2008 году, Украіна ў будучыні павінна стаць чальцом Паўночнаатлянтычнага саюзу, аднак тэрміны да гэтага часу не названыя.
Пытаньне недапушчэньня сяброўства Ўкраіны ў NATO — адно з ключавых у сьпісе расейскіх патрабаваньняў так званых гарантый бясьпекі. Паўночнаатлянтычны саюз раней адхіліў значную частку гэтых патрабаваньняў, адзначыўшы, што ў Расеі няма права вэта на ўступленьне іншых краінаў у альянс.
Брытанскія СМІ называюць магчымую адмову Ўкраіны ад імкненьня ў NATO «вялікай саступкай» Расеі.
Намесьнік брытанскага міністра абароны ў інтэрвію Reuters адзначыў, што Брытанія пагодзіцца зь любым рашэньнем Украіны ў пытаньні аб сяброўстве ў NATO, паколькі гэта сувэрэннае права Кіева.
- Вадзім Прыстайка — былы міністар замежных спраў Украіны. Яго заявы прагучалі на фоне нарошчваньня Расеяй узброенай групоўкі каля межаў з Украінай. На Захадзе асьцерагаюцца, што Расея можа пачаць уварваньне на ўкраінскую тэрыторыю, каб прымусіць Кіеў пайсьці на саступкі або зусім зьмяніць ва Украіне ўладу.
Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.